Закуліссе педагагічнай прафесіі

У сярэдняй школе № 6 Мінска ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта на працягу ўжо пяці гадоў вядзецца дапрофільная падрыхтоўка вучняў. Дзякуючы гэтаму, у перспектыве юнакі і дзяўчаты могуць зрабіць свядомы выбар спачатку ў бок профільнага навучання, а затым — атрымання педагагічнай прафесіі.

Л.А.Гарбацэвіч, Л.Ф.Муравейка і Н.І.Андрыянчык.

Гатоўнасць да асэнсаванага выбару

— Адна з актуальных задач, якія стаяць сёння ў галіне адукацыі, — стварэнне і падтрымка эфектыўнай сістэмы выяўлення і прыцягнення ў педагагічную прафесію матываванай, інтэлектуальна і духоўна развітой моладзі з актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыяй, — акцэнтавала ўвагу намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і інавацыйнай дзейнасці сярэдняй шко-

лы № 6 Мінска Ала Віктараўна Фядосава. — Дзейны сродак рэалізацыі гэтага — профільная работа з вучнямі на этапе агульнай сярэдняй адукацыі. У краіне актыўна развіваецца сіс­тэма бесперапыннай адукацыі, важным звяном якой з’яўляецца мэтанакіраваная работа са старшакласнікамі на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі па падрыхтоўцы іх да асэнсаванага выбару прафесіі педагога. Аднак вопыт нашай установы паказвае: каб прыцяг­нуць у педагагічныя класы найбольш матываваных вучняў, неабходна яшчэ і папярэдняя, дапрофільная падрыхтоўка на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Профільны клас педагагічнай накіраванасці з вывучэннем на павышаным узроўні рускай мовы і матэматыкі быў адкрыты ў сярэдняй школе № 6 яшчэ ў 2015/2016 навучальным годзе. Крыху пазней, у снежні 2017 года, установе адукацыі быў прысвоены статус “Школа-лабараторыя вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі”. Мэтай дзейнасці стала стварэнне эксперыментальна-інавацыйнага асяроддзя бесперапыннай педагагічнай адукацыі для арганізацыі і забеспячэння дапрофільнай пад­рыхтоўкі на ІІ ступені і ўдасканальвання навучання ў профільных класах на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Адпаведна, для педагагічнага калектыву актуальным стала стварэнне сістэмы дзейнасці ўстановы адукацыі па суправаджэнні профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі педагагічнай накіраванасці. Праектаванне ўласнай сістэмы суправаджэння профільнага навучання абапіралася на айчынны вопыт работы педагагічных класаў, які быў адаптаваны да сучасных умоў, з улікам змененых сацыякультурных умоў, генезісу педагагічнай навукі і спецыфікі псіхалагічнага профілю сучаснага вучня.

Школа тры гады працавала ў эксперыментальным рэжыме, апрабуючы мадэль дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Спецыялістамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка былі распрацаваны праграмы і прадастаўлены вучням эксперыментальнага праекта. Пачыналася ўсё з таго, што з кастрычніка 2017 года ў рамках праекта была арганізавана гуртковая работа ў эксперыментальных групах навучэнцаў па праграмах пэўных курсаў (5 клас — курс “Вучыся вучыцца”, 6 клас — “Пазнай сябе”, 7 клас — “Сямейная педагогіка”, 8 клас — “Педагагічныя ролі”, 9 клас — “Мастацтва практычнага чалавеказнаўства”). За гады работы кіраўнікі гурткоў распрацавалі сцэнарныя планы заняткаў па праграмах курсаў, якія сабраны ў метадычныя дапаможнікі і ўжо актыўна выкарыстоўваюцца іншымі педагогамі. Даволі хутка значным і відавочным вынікам укаранення праекта стала пашырэнне сеткавага ўзаемадзеяння з установамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі і ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх таксама адкрыты профільныя класы педагагічнай накіраванасці.

Пазней, з 2018 года эксперыментальная дзейнасць перайшла ў інавацыйны рэжым. Лагічным працягам стаў інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі вучняў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Яго мэта — стварэнне ва ўстанове развіццёвага адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае фарміраванню ў вучняў 5—9 класаў гатоўнасці да асэнсаванага выбару профільнага навучання педагагічнай накіраванасці ў старшых класах. Адначасова быў пастаўлены шэраг важных, актуальных задач: пашырыць дыяпазон вывучэння сучасных адукацыйных тэхналогій педагогамі і тым самым паглыбіць работу па дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўцы; працягнуць навучанне вучняў у працэсе мэтанакіраванага трэнінгу прыёмам і навыкам самастойнага ўрэгулявання канфліктаў і іншыя.

Навучэнцы Л.А.Гарбацэвіч.

Унікальны вопыт

За пяць гадоў работы ў кірунку дапрофільнай падрыхтоўкі ў педагогаў, безумоўна, назапасіўся ўнікальны вопыт. Пра сваю дзейнасць кожны расказвае з захапленнем.

— Зараз я з’яўляюся класным кіраўніком дапрофільнага 9 “В” класа, — расказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Людміла Фёдараўна Муравейка. — Мы з самага пачатку, з 5 класа, узялі курс на дапрофільную падрыхтоўку. Былі ў эксперыментальнай групе, затым перайшлі ў інавацыйную. ­Удзячна кіраўніцтву школы, што мой клас адразу ж уключыўся ў такую дзейнасць. Не толькі дзецям, але і мне як педагогу быў цікавы і карысны кожны з пройдзеных курсаў. Яны дапамагалі мне больш глыбока раскрыць сваіх вучняў, зблізіцца з імі.

Спачатку настаўніца са сваімі пяцікласнікамі працавала над тэмамі па курсе “Вучыся вучыцца”. Заўважыла, што гэта спрыяла заваяванню ёю аўтарытэту ў якасці класнага кіраўніка, устанаўленню трывалых, даверлівых адносін: дзеці больш ахвотна звярталіся па параду і дапамогу і сапраўды навучыліся вучыцца больш эфектыўна, у добразычлівых умовах, якія зале­жаць ад кожнага члена калектыву. Курс “Пазнай сябе” ў 6 класе навучыў хлопчыкаў і дзяўчынак аналізаваць свае ўчынкі і несці за іх адказнасць. І зноў-такі заняткі спрыялі таму, што сувязь з класным кіраўніком стала больш моцнай, атмасфера ў класе — па-сямейнаму цёплай і сяброўскай. А ў 7 класе ўсе з ахвотай працягнулі працаваць ужо па курсе “Сямейная педагогіка”. Безумоўна, пазнаёміцца з самім сабой, усвядоміць свае моцныя і слабыя бакі, правільна арганізаваць свой асабісты і працоўны час вельмі важна. Але ж кожны яшчэ жыве і ў сям’і, дзе ёсць свае правілы, традыцыі і гісторыя. Таму такая тэматыка таксама захапіла. Не пакінула абыякавымі і інфармацыя, звязаная з ранейшым выхаваннем дзяцей. Вынікам плённай працы сталі яркія і змястоўныя адкрытыя заняткі па тэме “Выхаванне падрастаючага пакалення ў беларускай народнай педагогіцы”.

Асабліва значнай і запамінальнай падзеяй для вучняў дапрофільнага 7 “В” класа стала магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі настаўнікаў. На прадметным тыдні “МіФ” (“Ма­тэматыка і філалогія”) сумесна з навучэнцамі профільнага 10 “А” класа сямікласнікі арганізавалі і правялі пазакласнае мерапрыемства. У рабоце непасрэдна на занятках прымалі ­ўдзел не ўсе вучні класа, аднак станоўчых эмоцый тых, хто прымераў ролю педагога, хапіла на ўсіх. А галоўнае — у маладых людзей узнікла жаданне пры магчымасці працягваць набываць вопыт у такім кірунку.

Людмілу Фёдараўну радуе актыўнасць яе вучняў. Яны заўсёды з цікавасцю далучаюцца да новых спраў, стараюцца прыдумаць і ажыццявіць нешта асаблівае, нестандартнае, ніколі не застаюцца ўбаку. Так, у мінулым навучальным годзе на восеньскіх канікулах школа прымала гасцей з Расіі і Эстоніі. Васьмікласнікі сумесна з навучэнцамі профільных 10 і 11 класаў падрыхтавалі “Літаратурна-матэматычную гасцёўню”. А зімой дзеці былі рады далучыцца да сеткавай адукацыйнай падзеі “Жывём і разумеем”, якую арганізавала сярэдняя агульнаадукацыйная школа № 11 гарадской акругі Электрасталь Маскоўскай вобласці Расіі ў рамках муніцыпальнага праекта “Навыкі ХХІ стагоддзя”. Каманда мінчан заняла 2-е месца. Увогуле, са школай з Электрасталі склалася плённае супрацоўніцтва, якое двум бакам прыносіць ка­рысць. Так, вопыт дапрофільнай падрыхтоўкі расійскія педагогі перанялі менавіта ў сярэдняй школы № 6 Мінска.

— На ўласным вопыце пераканалася, што дапрофільная падрыхтоўка — гэта цудоўная магчымасць для вучняў разабрацца ў сабе і свядома падысці да выбару будучай прафесіі, — падкрэсліла Л.Ф.Муравейка. — Першапачаткова я пачынала займацца дапрофільнай падрыхтоўкай з групай вучняў свайго класа, затым заахвоціліся і далучыліся ўсе дзеці. Зараз гэтай работай ахоплены ўвесь клас, і гэта ўласнае жаданне дзяцей і іх бацькоў. Важна, што вучні змаг­лі пранікнуць у закуліссе педагагічнай прафесіі. Упэўнена: тыя, хто вырашыць прысвяціць сваё жыццё педагогіцы, навучанню і выхаванню падрастаючых пакаленняў, будуць не выпадковымі людзьмі ў прафесіі, а гатовымі справіцца з любымі цяжкасцямі.

Прафесійна значныя кампетэнцыі

Настаўніца гісторыі Ларыса Анатольеўна Гарбацэвіч таксама з цікавасцю падключалася да дапрофільнай падрыхтоўкі. Васьмікласнікі, класным кіраўніком якіх яна з’яўляецца, пакуль займаюцца толькі на ўзроўні класных гадзін, аднак у дзяцей назіраецца зацікаўленасць, жаданне больш даведацца пра дзейнасць педагога. Л.А.Гарбацэвіч выкарыстоўвае вопыт калег і адначасова пашырае яго, адаптуе пад сябе і сваіх вучняў.

— Дапрофільная падрыхтоўка — гэта першапачатковы этап асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў, прыярытэтнымі задачамі якога з’яўляюцца развіццё спектра пазнавальнай і прафесійнай цікавасці, фарміраванне практычнага вопыту ў розных сферах дзейнасці, арыентаванага на выбар профілю навучання, — адзначае Ларыса Анатольеўна. — Сучаснае грамадства хоча бачыць у выпускніку асобу кампетэнтную, са сфарміраванымі камунікатыўнымі навыкамі, якая ўмее працаваць у камандзе, браць на сябе адказнасць за вырашэнне праблем, гатовую да самаадукацыі. Усё гэта неабходна педагогу, каб ісці ў нагу з часам і працаваць эфектыўна.

У сваёй рабоце ў рамках інавацыйнага праекта Ларыса Анатольеўна разам з настаўніцай геаграфіі Вольгай Ула­дзіміраўнай Хлябко робіць стаўку на музейна-экскурсійную і турыстычна-краязнаўчую дзейнасць як сродак фарміравання камунікатыўна-інфармацыйных і сацыякультурных кампетэнцый на этапе дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Настаўніца імкнецца сфарміраваць у юнакоў і дзяўчат ключавыя кампетэнцыі, якія забяспечваюць сацыялізацыю і прафесійную арыентацыю асобы (камунікатыўныя, інфармацыйныя і сацыякультурныя). Фарміраваць неабходныя навыкі дапамагае педагагічна правільна арганізаваная музейна-экскурсійная і турыстычна-краязнаўчая дзейнасць. Так, практычная рэалізацыя задачы фарміравання камунікатыўна-інфармацыйных і сацыякультурных кампетэнцый вучняў на этапе дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі ажыццяўляецца праз арганізацыю дзейнасці школьнага валанцёрскага турыстычнага аб’яднання “СІГМА” (супольнасць гісторыі і геаграфіі, якая матывуе актыўнасць).

Вучні з цікавасцю ўключыліся ў работу, вывучаюць гісторыю і адначасова знаёмяцца яшчэ з адным напрамкам працы педагога — пазаўрочнай дзейнасцю. Ім удалося сабраць багаты матэрыял па гісторыі вёскі Сухарава, якая дала назву мікрараёну на паўднёвым захадзе сталіцы. Вынікі гэтай пошукавай дзейнасці былі прадстаўлены на конкурсах даследчых работ рознага ўзроўню, а матэрыялы па гісторыі Сухараўскага народнага вучылішча выкарыстаны пры падрыхтоўцы стэнда ў Музеі гісторыі сістэмы адукацыі Фрунзенскага раёна Мінска. Яшчэ адным вынікам работы стала распрацоўка маршруту гарадской пешаходнай экскурсіі “Тут Радзімы маёй пачатак”. Таксама ўдалося стварыць зборнік экскурсійных маршрутаў педагагічнай накіраванасці.

— Дзеці паспрабавалі сябе ў розных кірунках, — падвяла вынік Ларыса Анатольеўна Гарбацэвіч. — Безумоўна, для мяне вялікая радасць — бачыць іх зацікаўленасць, пазітыўныя змены: большую ўпэўненасць у сабе, уменне наладжваць камунікацыю, ісці да пастаўленай мэты. Некаторыя адзначаюць, што працаваць настаўнікам гісторыі вельмі цікава, і варта задумацца аб такой перспектыве.

Курс на збліжэнне і паглыбленне

Ніла Іванаўна Андрыянчык таксама настаўніца гісторыі, класны кіраўнік дапрофільнага 9 “Д” класа. Сёння яна ахвотна дзеліцца з калегамі сваім багатым пяцігадовым вопытам па дапрофільнай падрыхтоўцы.

— У сваіх вучняў я бачу выключна пазітыўныя змены, таму і раю іншым звярнуць увагу на тыя праграмы, па якіх займаліся мы, — расказала Ніла Іванаўна. — Дзеці навучыліся працаваць з тэкстамі, і зараз іх не палохае вялікі аб’ём інфармацыі, яны сталі лепш запамінаць. Адчуваецца, што яны добра знаёмы і з самакантролем, і з самаацэнкай.

Сёлета калегі часта гавораць Н.І.Андрыянчык, што яе клас спакойны, не бывае канфліктаў. Сакрэт у тым, што ў мінулым навучальным годзе ў рамках праекта падрабязна праходзілі курс “Педагагічныя ролі настаўніка”. Аналіз разнастайных настаўніцкіх стыляў не толькі рыхтаваў да выбару педагагічнага профілю, але і дапамагаў лепш разумець работу. Дзякуючы гэтаму, зараз вучні бачаць прафесію не толькі збоку, але і знутры. Адпаведна, ім лягчэй зразумець, чаго хоча той ці іншы педагог, прыняць пэўныя патрабаванні. Ды і адносіны да вучобы сталі больш адказнымі і сур’ёзнымі.

Ніла Іванаўна адзначае, што дапрофільная падрыхтоўка яшчэ і дапамагла дзецям больш спакойна і асэнсавана праходзіць пераходны ўзрост. Атрыманая інфармацыя падрыхтавала да многіх падзей і сітуацый. Вучні сталі надзейнымі памочнікамі сваёй настаўніцы.

Ужо зараз у маладых людзей акрэсліваюцца пэўныя планы на перспектыву. Гэтым летам чацвёра вучняў збіраюцца паступаць у лінгвагуманітарны каледж Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Двое думаюць над тым, каб падаць дакументы ў педагагічны клас Ліцэя БДУ.

— Думаю, сярод маіх выпускнікоў абавязкова будуць педагогі. Некаторыя, магчыма, выберуць іншы шлях, але і ім дапрофільная падрыхтоўка спатрэбіцца ў жыцці і прынясе карысць, — падкрэслівае Н.І.Андрыянчык. — Праграма нашага праекта выдатна дапамагае самавызначэнню вучняў, фарміраванню агульнавучэбных уменняў і навыкаў, неабходных для эфектыўнай самаарганізацыі вучэбнага працэсу. Пазаўрочная дзейнасць фарміруе асобу, здольную да саманавучання, самавыхавання і самаўдасканальвання.

Жыццё працягваецца, і праект таксама. Дапрофільная падрыхтоўка, як і профільнае навучанне, паспела стаць неад’емнай часткай работы педагогаў сярэдняй школы № 6 Мінска.

Таццяна ШЫМКО.
Фота аўтара і з архіва сярэдняй школы №6 Мінска.