Юрый Аляксандравіч Базыкін, настаўнік англійскай мовы сярэдняй школы № 5 Салігорска, заняў 1 месца ў Міжнародным конкурсе педагагічных праектаў “Залатая формула”.
Гэты конкурс з’яўляецца дыстанцыйным, журы працуе ў Парыжы і Лондане, а работы дасылаюцца з усяго свету праз інтэрнэт. Удзельнікі прадстаўляюць на конкурс тэкставыя апісанні праектаў, а таксама відэасправаздачы аб іх рэалізацыі. Галоўная мэта конкурсу — выяўленне эфектыўнага вопыту педагогаў у распрацоўцы праектаў, арыентаваных на павышэнне якасці
адукацыі, абмен вопытам і падтрымка творчых ініцыятыў.
Юрый Аляксандравіч прадставіў на конкурс два праекты. Праект “Дзякуй за Перамогу” прысвечаны 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і зараз рыхтуецца да рэалізацыі. А праект “Імёны” паспяхова рэалізоўваецца з 2010 года і ўжо атрымаў высокую ацэнку ў нашай краіне — ён быў адзначаны дыпломам І ступені рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня.
Нагадаем чытачам, што праект “Імёны” — гэта цыкл з шасці тэматычных праектаў, прысвечаных вялікім творцам Р.Тагору, Янку Купалу, А.Пушкіну, М.Гогалю, Х.К.Андэрсену і Лопэ дэ Вега. Гэты праект дазваляе школьнікам праз прызму творчасці знакамітых людзей раскрываць свой творчы патэнцыял. Дзеці паглыбляюцца ў атмасферу мінулых эпох і розных культур, а потым ствараюць свой аўтарскі твор. Пры дапамозе розных мастацкіх сродкаў вучні на сцэне ўвасабляюць свае ўражанні і думкі ў прадстаўленні, дзе гарманічна пераплятаюцца песні і танцы, дэкламацыя і акцёрскае майстэрства. “Імёны” — гэта калектыўна-творчая справа, якая аб’яднала вучняў, педагогаў і бацькоў. У рамках рэалізацыі праектаў таксама праводзіліся конкурсы, акцыі, экскурсіі — адным словам, усё, што магло раскрыць тэму, зацікавіць вучняў і абудзіць іх творчы патэнцыял.
Гэты праект маштабны, варты ўвагі і, што самае галоўнае, сапраўды падабаецца дзецям, прыцягвае іх да сябе. Вось і на міжнародным конкурсе прызналі яго каштоўнасць і паспяховасць. А Юрый Аляксандравіч Базыкін кажа, што ўдзельнічае ў конкурсах не дзеля прызнання і прызоў, а для таго, каб падзяліцца вопытам з як мага большай колькасцю педагогаў, каб калегі маглі выкарыстоўваць яго напрацоўкі і каб як мага болей дзяцей змаглі з агеньчыка сваіх здольнасцей распаліць полымя таленту.
Дар’я РЭВА
Фота з асабістага архіва Ю.А.БАЗЫКІНА.