“Залатое” завяршэнне

- 11:06Апошнія запісы, Спартыўныя падзеі

“Залатым” стала завяршэнне IV чэмпіянату свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце для нашай каманды. У нядзелю, у апошні дзень спаборніцтваў, беларус Ігнат Галавацюк заваяваў “золата” ў мас-старце сярод мужчын, паказаўшы час 8:13,77. Гэтая прыемная падзея надала цырымоніі закрыцця асаблівую ўрачыстасць.

Як адзначыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, усе спартсмены паказалі велізарную волю да перамогі, студэнцкую энергію, таму спаборніцтвы былі гарачымі і захапляльнымі, а спартыўныя поспехі на чэмпіянаце адкрываюць яго ўдзельнікам шлях у вялікі спорт. Сапраўды, для кожнага са 114 спартсменаў, якія з 21 па 25 сакавіка спаборнічалі на “Мінск-Арэне”, IV чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце стаў чарговай прыступкай на шляху да вяршынь прафесійнага спорту.

Арганізатары сусветнага першынства ў Мінску зрабілі ўсё магчымае, каб гэты шлях быў яркім і запамінальным. Прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэцкага спорту Адам Рошак падзякаваў усім, хто далучыўся да арганізацыі чэмпіянату — сапраўднага свята студэнцкага спорту. Прадстаўнік каманды Нідэрландаў (менавіта ў гэтай краіне ў 2020 годзе пройдзе V чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце) таксама выказаў сваё захапленне ўзроўнем арганізацыі і правядзення спаборніцтваў, гасціннасцю беларусаў і прыгажосцю нашай сталіцы.

Мы ж, у сваю чаргу, выказваем захапленне спартсменамі, якія стварылі ў гэтыя вясновыя дні на бегавых дарожках канькабежнага стадыёна незабыўную атмасферу. І асабліва ганарымся нашымі студэнтамі, якія ўзыходзілі на п’едэстал гонару. Нагадаем, што акрамя “золата”, Ігнат Галавацюк заваяваў “серабро” ў забегу на 1000 м, саступіўшы ўсяго 0,07 с японскаму спартсмену, і “серабро” ў забегу на 500 м. Тут нашага лідара таксама апярэдзіў японскі канькабежац. Дарэчы, зборная Японіі па выніках чэмпіянату стала лідарам, заваяваўшы пяць вышэйшых узнагарод. Медальным стаў чэмпіянат і для Аляксея Кірпічніка, які ў забегу на 10 000 м фінішаваў трэцім.

Спадзяёмся, што наступны чэмпіянат свету сярод студэнтаў па канькабежным спорце, які будзе прымаць Амстэрдам, стане для нашай зборнай яшчэ больш паспяховым.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота прадастаўлена прэс-цэнтрам чэмпіянату.