Па выніках мінулага года граматай Міністэрства адукацыі ў намінацыі “За выніковую работу па забеспячэнні якаснага адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі” адзначаны калектыў ясляў-сада № 51 “Залаты ключык” Брэста, які карыстаецца вялікай папулярнасцю ў жыхароў Ленінскага раёна горада. Педагогі ўстановы знаходзяць ключык да душы і сэрца кожнага дзіцяці, развіваючы іх творчыя здольнасці, фантазію і ўяўленне.
Чым жа прыцягвае бацькоў яслі-сад? “Па-першае, педагагічнай камандай, у якой пануе атмасфера ўсеагульнага інтарэсу да любімай справы, ўзаемаразумення, творчасці, дабрыні, цяпла, — расказвае загадчыца ўстановы Святлана Васільеўна Папеня. — У нас працуе зладжаны творчы калектыў, у якім няма выпадковых людзей: 94% кадравага складу педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 67,5% — вышэйшую ці першую кваліфікацыйную катэгорыю. 75% педагогаў атрымалі сертыфікат карыстальніка ў галіне ІКТ, што сёння немалаважна. Усе педагогі ў сваёй рабоце выкарыстоўваюць асобасна арыентаваную мадэль выхавання: даходзім да кожнага дзіцяці тым спосабам, які яму патрэбны.
Па-другое, умовамі, якія створаны для нашых выхаванцаў. У залежнасці ад занятасці бацькоў прадугледжаны два рэжымы знаходжання дзяцей у садзе — 10,5 і 12 гадзін. Дзейнічаюць дзве групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Адпаведна ў іх працуюць вузкія спецыялісты: настаўнікі-дэфектолагі і падрыхтаваныя выхавальнікі, якія аказваюць дапамогу дзецям з маўленчымі праблемамі. У дзіцячым садку створана добрае прадметнае развіццёвае асяроддзе, якое адпавядае сучасным патрабаванням. Для задавальнення патрэб дзяцей — музычная, фізкультурная залы і такая рэдкасць, як экалагічны пакой, у якім жывуць нашы гадаванцы: рыбы, птушкі, марскія свінкі, трусікі, тушканчыкі, хамячкі. Экалагічны пакой — гэта пакой радасці, псіхалагічнай разгрузкі для дзяцей і дарослых. Дзеці, якія прыходзяць у сад, асабліва ў наборныя і ў адаптацыйныя групы, наведваюць гэты пакой штодня. У нас практычна няма цяжкай адаптацыі. Дзеці вельмі хутка прывыкаюць да сада. Радуе вока прыгожая дагледжаная тэрыторыя, на якой многа надворнага гульнявога і спартыўнага абсталявання. Акрамя таго, прыцягвае бацькоў і экалагічна выгаднае месцазнаходжанне нашага дзіцячага садка — у спальным раёне горада побач з дубровай”.
Дзецям у садзе сумаваць не даводзіцца. Іх жыццё багатае на самыя розныя падзеі, прыемныя ўражанні і цікавыя сустрэчы. Педагогі імкнуцца паказаць ім розныя бакі свету, даць магчымасць атрымаць новы вопыт. Выхавальнікі выкарыстоўваць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, сярод якіх — тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач і тэхналогія развіцця творчага ўяўлення. Выкарыстоўваючы іх, можна нават самыя звычайныя тэмы зрабіць прыцягальнымі і цікавымі. У выніку ў выхаванцаў узнікаюць станоўчыя эмацыянальныя адносіны да свету, павялічваюцца пазнавальная актыўнасць і інтарэс, пашыраецца кругагляд, з’яўляецца імкненне да навізны і фантазіравання. Дарэчы, галоўны напрамак работы выхавальнікаў — гэта інтэлектуальнае развіццё дашкольнікаў. Шмат гадоў на базе дзіцячага сада дзейнічала інавацыйная пляцоўка па апрабацыі і ўкараненні ТРВЗ-тэхналогіі, а ўжо больш за 10 гадоў установа з’яўляецца школай перадавога вопыту па ўкараненні гэтай тэхналогіі ў раёне і горадзе. Каля вытокаў работы стаялі Таццяна Сяргееўна Даніялян, Ларыса Васільеўна Рэзнік, Ала Іванаўна Вішнеўская, Галіна Сяргееўна Раманюк, Надзея Уладзіміраўна Толмач, Марына Вячаславаўна Мацвеева, Ірына Віктараўна Грыбовіч і інш. Таксама ў садку працуе адзіная на сёння ў Брэсце група (не лічачы групу прыватнага дзіцячага сада), якая выкарыстоўвае методыку Марыі Мантэсоры. Вялікі ўклад у заснаванне гэтай групы ўнесла Таццяна Ягораўна Пчэльнікава, якая праходзіла навучанне ў асацыяцыі педагогаў-мантэсарыянцаў і зараз працуе ў саюзе з Таццянай Валер’еўнай Сафронавай. У садку дзейнічаюць дзве групы з беларускай мовай навучання. Бацькі могуць выбраць, на якой мове навучаць дзіця і ўзаемадзейнічаць з ім, што немалаважна ў наш час.
У дашкольнай установе працуюць сапраўды захопленыя сваёй прафесіяй людзі — кіраўнікі фізвыхавання Ганна Міхайлаўна Максімовіч і Наталля Мікалаеўна Сіманькова, якія знаходзяць усё новыя формы работы па ўмацаванні фізічнага і псіхічнага здароўя дзяцей, музычныя кіраўнікі Ала Уладзіміраўна Рашчупкіна, Ірына Анатольеўна Асіпук, Таццяна Іванаўна Белабародава, якія фарміруюць эмацыянальна-каштоўнасныя адносіны дзяцей да свету, развіваюць іх музычныя здольнасці. Педагогі з’яўляюцца членамі творчай групы, якія імкнуцца зрабіць жыццё дзяцей і супрацоўнікаў сада больш яркім. Цікава праводзяцца выніковыя мерапрыемствы для бацькоў, ранішнікі, забавы. Педагог-псіхолаг Таццяна Аляксандраўна Шырма і настаўнік-дэфектолаг Наталля Васільеўна Гурына працуюць над пытаннямі псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтай камандай педагогаў кіруе намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Святлана Уладзіміраўна Кайко.
Яслі-сад знаходзіцца ў пастаянным пошуку цікавых і новых форм работы. З кастрычніка мінулага года тут была апрабавана новая, дагэтуль невядомая для ўстановы форма работы — “мацярынская школа”. Два разы на тыдзень у садок прыходзяць дзеці, якія не наведваюць дашкольную ўстанову, разам з мамамі.
— Мы дапамагаем бацькам зразумець асновы педагагічнай культуры, вучым, як павысіць эфектыўнасць выхаваўчага ўзаемадзеяння, умацоўваем веру ў здольнасці дзіцяці, — адзначае Святлана Васільеўна. — За гэты кароткі перыяд мы ўбачылі, як дзеці ахвотна ідуць у сад: яны не плачуць, ідуць на кантакт з іншымі дзецьмі і дарослымі. Мы разумеем, што адаптацыя іх да сада будзе вельмі паспяховай, а таму такую форму плануем пашыраць.
Дзейнічае на базе сада і такая новая форма работы, як сезонная пляцоўка — акцыя “Падары здароўе”: творчая група педагогаў наведвае дзіцячую гарадскую бальніцу з выступленнямі з мэтай сфарміраваць станоўчыя эмоцыі, пачуцці ў дзяцей, змяніць іх псіхаэмацыянальны стан.
Ад цікавага насычанага жыцця дашкольнай установы не застаюцца ўбаку і бацькі. “Бацькі — нашы галоўныя партнёры і памочнікі, — гаворыць С.В.Папеня. — У нас з імі адзіныя мэты, адзіныя задачы, яны актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў. Бацькоў мы запрашаем на спартыўныя гадзіны, святы, дні здароўя, на музычныя забавы. Штогод праводзім выставы сумеснай творчасці дзяцей і бацькоў “Асеннія фантазіі”, “Зімачка-зіма”, бацькі ўдзельнічаюць у добраўпарадкаванні тэрыторыі, у аснашчэнні ўчасткаў гульнявым спартыўным абсталяваннем. Дзіцячы сад заўсёды адкрыты для бацькоў. Бацькі дапамагаюць зрабіць жыццё дзяцей у садзе больш яркім, разнастайным, радасным. Магчыма, яшчэ і ў гэтым сакрэт паспяховасці ўстановы”.
Аднак на дасягнутым калектыў “Залатога ключыка” спыняцца не збіраецца. У педагогаў па-ранейшаму шмат цікавых задумак і ідэй: для задавальнення запытаў бацькоў плануецца шукаць новыя формы дашкольнай адукацыі, пашыраць спектр адукацыйных паслуг, у тым ліку і на платнай аснове. Так, разглядаецца пытанне ўкаранення такога віду дзейнасці, як ткацтва, а таму шукаюцца падрыхтаваныя спецыялісты, матэрыялы. Зараз жа педагогі рыхтуюцца да раённага конкурсу “Беларускі куфар” па распрацоўцы новых дапаможнікаў для выхаванцаў. Пажадаем ім новых поспехаў і натхнення!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.