“Залаты” юбілей БДУІР

Гэтымі днямі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі святкуе 50-годдзе. Да свайго “залатога” юбілею БДУІР падышоў у выдатнай форме. Сёння гэта буйны навукова-адукацыйны цэнтр, які мае высокі аўтарытэт не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце.

Напэўна, нават тыя, хто ў далёкім 1964 годзе ствараў Мінскі радыётэхнічны інстытут, не маглі прадбачыць, наколькі імкліва будзе развівацца гэтая ўстанова ў ХХІ стагоддзі. Сёння інфармацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ва ўсіх без выключэння галінах эканомікі, адпаведныя спецыялісты вельмі запатрабаваны. І БДУІР, нягледзячы на неверагодную імклівасць працэсаў у ІТ-сферы, нязменна знаходзіцца на перадавой навукі і тэхналогій.
“У будучыні попыт на інфармацыйныя тэхналогіі будзе толькі павялічвацца, бо ніякая іншая тэхналогія без ІТ немагчыма, — адзначае рэктар БДУІР прафесар М.П.Батура. — Мы хутка сарыентаваліся на сучасным рынку і ў вучэбныя планы ўсіх спецыяльнасцей (35 — тэхнічнага профілю і 2 — эканамічнага) уключылі вялікі аб’ём інфармацыйных тэхналогій. Такім чынам, кожны наш выпускнік, незалежна ад спецыяльнасці, мае надзейную падрыхтоўку ў галіне ІТ”.
Сёння адукацыя БДУІР — мара многіх абітурыентаў, а выпускнікі БДУІР — мара работадаўцаў, у ліку якіх буйныя ІТ-кампаніі і прадпрыемствы.
“Безумоўна, за ўсімі нашымі поспехамі стаіць штодзённая, карпатлівая, паслядоўная праца ўсёй універсітэцкай супольнасці”, — прызнаецца Міхаіл Паўлавіч.
Але вынік такой работы навідавоку. Арыентацыя на інавацыйныя тэхналогіі ў навучанні, выдатная матэрыяльна-тэхнічная і эксперыментальна-вытворчая база, высокапрафесійны прафесарска-выкладчыцкі склад — усё гэта спрыяе падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў з інавацыйным мысленнем.
Нездарма выпускнікі БДУІР так шануюць сваю альма-матар, і многія з іх актыўна далучыліся да падрыхтоўкі юбілею. У рамках праекта “50 ідэй для БДУІР” яны аказалі значную спонсарскую дапамогу роднаму ўніверсітэту або ад імя кампаній, якімі кіруюць, або як фізічныя асобы. Выпускнікі ўзялі на сябе тры чвэрці выдаткаў на правядзенне ўрачыстасцей.
У выніку юбілей стане вялікім святам для ўсёй універсітэцкай супольнасці. А гэта каля 17 тысяч студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў, дактарантаў (у тым ліку больш за 500 замежнікаў) і каля дзвюх тысяч супрацоўнікаў, сярод якіх 850 выкладчыкаў і прафесараў. І, вядома, цэлая армія выпускнікоў МРТІ — БДУІР, якія абавязкова павінны памятаць, з чаго пачынаўся іх кар’ерны ўзлёт.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.