Залатыя матуліны рукі

- 11:29Нам пішуць

Мацярынства — не толькі найвышэйшая ступень жаноцкасці і каштоўны дар, але і нялёгкае выпрабаванне, часам з трывогамі і клопатам. Калі ж дзіця яшчэ мае пэўныя парушэнні ў развіцці, гэта таксама кладзецца дадатковым цяжарам на матчыны плечы. Да штодзённых клопатаў дадаюцца пастаянныя заняткі з дзіцем па яго рэабілітацыі, умацаванні здароўя, выпраўленні парушэнняў маўленчага, інтэлектуальнага, эмацыянальнага ці фізічнага развіцця. У такой сітуацыі для жанчыны вельмі важна знаходзіць час для адпачынку, гутарак з сябрамі, любімай справы. Прыемна, што многія маці, сутыкнуўшыся з праблемай выхавання асаблівага дзіцяці, не забываюць пра сябе, развіваюць свае здольнасці і таленты.

Напярэдадні Міжнароднага жаночага дня ў Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Пінскага раёна адкрылася выстава творчых работ “Што ўмеюць нашы мамы”, створаных жанчынамі, што выхоўваюць дзяцей з АПФР. Прадстаўленыя вырабы прысвячаліся тэме вясны і абуджэння прыроды, таму былі напоўнены радасцю, цеплынёй і любоўю да роднай зямлі. Таленавітыя матчыны рукі стварылі адметныя рэчы: букеты кветак з гафрыраванай паперы, фаамірану, шаўковых стужак і газетных трубачак, тапіярыі, вышыўкі, вырабы з бісеру і многае іншае. Кожная работа стала непаўторнай і выклікала шчырае захапленне.

Матчыны рукі — невычэрпная крыніца цеплыні, любові і пяшчоты. Іх талент і энергія дораць дзецям веру і надзею на лепшае.

Ірына КАТОК,
сацыяльны педагог ЦКРНіР Пінскага раёна.