Залатыя рукі майстроў

- 11:23Віцебшчына

Мы працягваем знаёмства з адукацыйнымі ўстановамі краіны. Гэтым разам наш шлях пралягаў на поўнач — на Віцебшчыну, і ўпершыню прэс-тур прысвячаўся цалкам прафесійнай адукацыі.

Упраўленне па адукацыі Віцебскага аблвыканкама якое арганізоўвала нашу вандроўку, пастаралася паказаць шырокі спектр прафесійнай падрыхтоўкі ў рэгіёне: ад сельскай гаспадаркі і машынабудавання — да медыцынскай і педагагічнай адукацыі. Усе ўстановы, якія мы ўбачылі, вельмі розныя, але іх аб’ядноўваюць, прынамсі, дзве рэчы: высокая якас ць падрыхтоўкі спецыялістаў, што ў многім абумоўлена добрай матэрыяльнай базай, і вельмі прафесійныя калектывы, якія ста­вяць перад сабой амбіцыйныя задачы і працуюць ужо на заўтрашні дзень.

Першым пунктам нашага адукацыйнага падарожжа стала Орша — горад, якому сёння ўдзяляецца павышаная ўвага з боку дзяржавы, маладзёжная сталіца Беларусі. Мы азнаёміліся з тым, як арганізоўваецца рэсурсны цэнтр машынабудаўнічага профілю ў Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным кале­джы. Наведалі таксама медыцынскі каледж — як нам сказалі, адзін з лепшых у рэгіёне і краіне. Ён неаднаразова станавіўся пераможцам і прызёрам не толькі ў беларускіх конкурсах прафесійнага майстэрства, але і ў тых, што праводзяцца на тэрыторыі суседніх краін. І гэта не дзіўна — у падрыхтоўцы спецыялістаў тут шырока выкарыстоўваюцца інавацыйныя метады і падыходы. Студэнты з 1 курса працуюць з медыцынскімі сімулятарамі і да сустрэчы з пацыентамі ўжо шмат ведаюць і ўмеюць.

Я крыху здзівілася, калі ўбачыла ў праграме нашай вандроўкі Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж, — мы ж наведвалі яго роўна год назад! Але мне сказалі, што як нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку, так і згаданы каледж заўсёды адкрываеш па-новаму.

Дырэктар Аляксандр Ласякін — сапраўдны геній пераўтварэнняў. Летась, калі мы былі ў каледжы, там пачаўся рамонт спартзалы (ну, як пачаўся — велізарнае памяшканне было спустошана цалкам, усе галоўныя работы былі наперадзе). А зараз мы ўбачылі светлую, цалкам абсталяваную залу, з залацістым паркетам і сапраўдным баксёрскім рынгам. Цэлы корпус набыў новы выгляд — і практычна ўсё было зроблена да пачатку навучальнага года. Аляксандр Міхайлавіч, ад імя ўсіх людзей, якія хоць аднойчы перажывалі рамонт у сваіх кватэрах, хочацца падзякаваць вам, што вярнулі шчырую веру ў будаўнікоў. Цяпер зразумела: калі трэба зрабіць якасна і хутка, трэба звяртацца да віцебскіх майстроў.

Тут жа, у тэхнічным каледжы, у нас адбылася кароткая, але вельмі прыемная сустрэча з педагагічным калектывам. Гэтым людзям, сапраўды, пашанцавала з дырэктарам — яго энергіяй зараджаюцца ўсе навокал, а дырэктару пашанцавала з людзьмі. Гэтая акалічнасць, напэўна, і нараджае тую сілу, якая ў прамым сэнсе рушыць горы.

Маленькі кавалачак нашага сэрца застаўся таксама ў далёкім Гарадку, дзе рыхтуюць спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. Праз прызму Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага кале­джа праглядвае іншая беларуская вёска — маладая, працавітая, сучасная. У рэсурсным цэнтры, створаным на базе каледжа, навучэнцы знаёмяцца з апошнімі навінкамі сельгастэхнікі, вучацца гаспадарыць ва ўмовах нават не сённяшняга, а заўтрашняга дня. Культура земляробст­ва прадстаўлена тут на самым высокім узроўні. І асобная павага — за тую цудоўную атмасферу, што стварылі супрацоўнікі каледжа для дзяцей. Добра арганізаваны побыт навучэнцаў, а, галоўнае, створаны магчымасці для іх усебаковага развіцця. Хлопцам, многія з якіх прыехалі з вёсак і вернуцца працаваць у вёску, дэманструюцца высокія стандарты жыцця, дзе ёсць тэхналагічная праца, актыўны адпачынак, сяброўства. Як гаворыць дырэктар кале­джа Уладзімір Шыцько, стаіць задача не толькі даць спецыяльнасць, а паказаць арыенціры, настроіць на поспех, дапамагчы кожнаму дзіцяці знайсці сваё месца ў жыцці.

Завяршылася адукацыйная вандроўка ў Полацку — старажытнай сталіцы нашай дзяржавы. Палачане вельмі ганарацца гістарычнай роляй свайго горада і лічаць сябе прадаўжальнікамі шматвяковых асветніцкіх традыцый.

Полацкі дзяржаўны эканамічны каледж рыхтуе спецыялістаў па вельмі запатрабаваных сёння спецыяльнасцях, і нам паказалі выдатную базу, дзе праходзіць навучанне. Тут ёсць усё — ад камп’ютараў да 3D-прынтараў. Але што асабліва ўсцешыла, і за гэта нізкі паклон педагогам, — тут выхоў­ваюць сапраўдных беларусаў. Праз праектную дзейнасць будучыя бухгалтары, юрысты, тэхнікі-праграмісты, аперацыйныя лагісты вывучаюць гісторыю краіны, малой радзімы, сям’і і ўсведамляюць сябе, сваю нацыянальную годнасць.

Магчыма, гэта выхоўвае сама полацкая зямля, бо прыналежнасць да шматвяковай гісторыі адчуваецца і ў сценах Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Установе — амаль паўтара стагоддзя, і, як у старых еўрапейскіх інстытутах, тут ёсць асаблівая аўра — сканцэнтраваная мудрасць пакаленняў.

Тут беражліва захоўваецца і прымнажаецца ўсё лепшае, што стваралася папярэднікамі. І хоць у працэсе пераўтварэнняў, калі каледж далучылі да Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, ён страціў у сваёй назве імя Францыска Скарыны, выкладчыкі і навучэнцы застаюцца скарынаўцамі. Народная культура, гісторыя і сапраўдная шчырая душа ствараюць у каледжы непаўторную атмасферу. Было адчуванне, быццам мы прыйшлі ў госці ў вялікую дружную сям’ю і на нейкі час сталі часткай гэтай сям’і. Асаблівая падзяка дырэктару Таццяне Полушкінай і загадчыцы музея ўстановы Алеізе Марцынкевіч за цудоўную экскурсію. Мы ўбачылі доўгі шлях — ад настаўніцкай семінарыі да дзяржаўнага каледжа, і на кожным этапе — імкненне даваць сучасную адукацыю, скіраваную на будучыню.

…Паматаю, яшчэ зусім нядаўна кіраўнікі ўстаноў адукацыі казалі, як няпроста рыхтаваць кадры для эканомікі: на прадпрыемствах стаяць станкі і 50-х, і 80-х гадоў, і найноўшыя, на аснове лічбавых тэхналогій. І кожнае патрабуе адпаведныя кадры. Але сёння сітуацыя мяняецца. Сістэма прафесійнай адукацыі далучылася да міжнароднага руху WorldSkills і атрымала магчымасць супаставіць свой вопыт з вопытам розных краін. Адкрываюцца сучасныя рэсурсныя цэнтры. Мы ўбачылі іх у Оршы, Гарадку, Віцебску — і сёння ўжо яны задаюць планку прадпрыемствам. Усё, хлопцы-вытворцы, калі хочаце, каб да вас ішлі маладыя выпускнікі, — працуйце, абнаўляйцеся. Прафесійная адукацыя больш не будзе целяпацца і абслугоў­ваць станкі 50-х гадоў. Яе гадаванцы ўмеюць і хочуць працаваць на сучасным абсталяванні, у сучасных умовах, за адэкватнае ўзнагаро­джанне. І такая скіраванасць на абнаўленне бачна ва ўсіх установах прафесійнай адукацыі.

Мы даволі шмат вандруем, але гэты прэс-тур па Віцебшчыне пакінуў прысмак асаблівага гонару. ПТВ, якім раней пужалі нядбайных дзяцей, больш няма! Зусім! А ёсць творчасць і стварэнне. Навучэнцы з разумнымі вачамі і рукамі, якіх мы сустрэлі ў падарожжы, іх цудоўныя майстры, кіраўнікі ўстаноў з вялікай годнасцю робяць сваю справу. І магчыма, гэта адно з найважнейшых дасягненняў сістэмы прафесійнай адукацыі — яна прымусіла сябе паважаць.

Мы ўражаны. Дзякуй, Віцебшчына.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.