Залатыя рыбкі

Па ініцыятыве Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў і Беларускай федэрацыі плавання з 2013 года ў краіне праходзяць рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па плаванні “Фестываль плавання “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Герасімені”. Фінал фестывалю, які не мае аналагаў у краінах постсавецкай прасторы, адбыўся 20 кастрычніка на базе сярэдняй школы № 41 Мінска.

Мэтай спаборніцтваў з’яўляецца папулярызацыя алімпійскага віду спорту, які ўмацоўвае здароўе як дзяцей і падлеткаў, так і дарослага насельніцтва краіны. Для рэалізацыі пастаўленай мэты вызначаны шэраг задач, адной з якіх з’яўляецца адбор кандыдатаў для залічэння ў спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы па плаванні. Сёння з упэўненасцю можна канстатаваць, што па выніках фінальных стартаў рэспубліканскіх спаборніцтваў 2017 года 65% пераможцаў і прызёраў залічаны ў спецыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы па плаванні.

Фестываль праходзіць у некалькі этапаў. У гэтым годзе ўдзельнікамі сталі навучэнцы 4—5 класаў. Штогод у праграму спаборніцтваў уключаны як індывідуальныя заплывы сярод дзяўчынак і хлопчыкаў, так і сямейныя эстафеты ў чатырох узроставых групах. Гэта самыя цікавыя заплывы, у якіх удзельнічаюць бацькі, бабулі і дзядулі юных плыўцоў.

Аляксандра Герасіменя, адна з лепшых спартсменак Беларусі, як ганаровы госць фестывалю, нястомны папулярызатар спорту заўсёды прысутнічае на спаборніцтвах і цёплымі словамі вітае ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства, дае наказ на дасягненні новых перамог у спорце, вучобе, іншых сферах дзейнасці. З рук знакамітай спартсменкі пераможцы і прызёры атрымалі заслужаныя ўзнагароды, а кожны фотаздымак з Аляксандрай упрыгожыла яе чароўная ўсмешка.

Па выніках фестывалю на дыстанцыі 25 м у індывідуальных заплывах вольным стылем пераможцамі сталі Надзея Смалонская з сярэдняй школы № 197 Мінска, Настасся Касцюковіч з гімназіі № 1 Барысава, Аляксей Тарасенка з сярэдняй школы № 10 Рэчыцы, Уладзіслаў Вялічка з сярэдняй школы № 20 Барысава. Па выніках фестывалю ў сямейных эстафетах пераможцамі сталі ва ўзроставай групе 61—70 гадоў сям’я Пракаповіч (прадстаўнікі сярэдняй школы № 6 Салігорска), ва ўзроставай групе 71—80 гадоў — сям’я Караньковых (сярэдняя школа № 31 Віцебска), ва ўзроставай групе 81—90 гадоў — сям’я Мікітчук (Гродзенская гарадская гімназія), ва ўзроставай групе звыш 90 гадоў — сям’я Кожух (гімназія № 11 Мінска).

Прымаючы пад увагу ўзрослую папулярнасць плавання сярод розных слаёў насельніцтва, улічваючы яго высокі аздараўленчы эфект, чакаем, што гэты фестываль стане ў далейшым магутным стымулам у прапагандзе плавання сярод дзяцей і падлеткаў.

Таццяна КАВУНОВА,
метадыст Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *