Залог добрых вынікаў — правільнае бачанне і падыходы

Амаль тысячу чалавек — педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, ветэранаў педагагічнай працы і маладых спецыялістаў, прадстаўнікоў органаў мясцовай улады — сабрала традыцыйная жнівеньская нарада работнікаў сістэмы адукацыі Гомельшчыны.

Дасягненні пачынаюцца з педагога

Нязменна ўдзел у нарадзе прымаюць старшыня Гомельскага аблвыканкама і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі. Сёлета вобласць наведала намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка, якая дала высокую ацэнку рабоце гомельскіх педагогаў і галоўнага ўпраўлення адукацыі.

— За гэты год у адукацыйнай сферы Гомельскай вобласці шмат дасягненняў, шмат яскравых, цікавых ідэй, якімі можна ганарыцца, — сказала ў сваім выступленні Раіса Станіславаўна. — Упэўнена, што гэтаму спрыяе правільнае бачанне таго, як павінны працаваць установы, бо менавіта яны стваральнікі ўсяго, што адбываецца сёння ў сістэме адукацыі.

Яна адзначыла таксама, што на Гомельшчыне апрабаваны даволі сур’ёзны і, як аказалася, вельмі дзейсны падыход у рабоце з кадрамі. Маецца на ўвазе павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўнікаў.
Поспехі адукацыйнай сістэмы і пэўнай установы, поспехі кожнага вучня заключаюцца ў якаснай прафесійнай штодзённай рабоце з дзецьмі. Таму павышэнне прафесіяналізму педагогаў, іх адказнасці за работу, пошук новых эфектыўных форм узаемадзеяння з дзецьмі — гэта задачы, якія ставіліся раней і застаюцца галоўнымі на новы навучальны год.

— Важным рэсурсам павышэння прафмайстэрства з’яўляецца працэс атэстацыі педагогаў на атрыманне кваліфікацыйнай катэгорыі, — акцэнтаваў на гэтым увагу і начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — У мінулым годзе яе павысілі звыш 5 тысяч педагогаў вобласці. Удвая павялічылася колькасць настаўнікаў-метадыстаў.

Які ж вынік, дзякуючы абазначаным кірункам, мае адукацыйная сфера рэгіёна сёння? Гомельская вобласць заняла 1-е месца па выніках цэнтралізаванага тэсціравання сярод іншых абласцей краіны. У ліку тых, чые выпускнікі паказалі самы высокі сярэдні бал, — Рэчыцкі, Жлобінскі, Добрушскі, а таксама Савецкі і Цэнтральны раёны абласнога цэнтра. Лідар у гэтым спісе — Рэчыцкі раён (52,17).

Навучэнцы ўстаноў адукацыі рэгіёна атрымалі 50 стабальных сертыфікатаў, што на 15 больш, чым у мінулым годзе. Адразу 5 сертыфікатаў з максімальным балам — у выпускнікоў гімназіі імя Янкі Купалы з Мазыра. Траіх стабальнікаўаднакласнікаў падрыхтавала настаўніца матэматыкі Гомельскага гарадскога ліцэя № 1 Ірына Хаменя.

Безумоўна, ва ўсім гэтым ёсць асаблівая радасць: у лідарах мы бачым установы адукацыі невялікіх райцэнтраў і нават сельскіх школ. Выраўняць падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання вучняў гарадскіх і сельскіх школ — гэта даручэнне старшыні аблвыканкама, якое ён даваў на педагагічнай нарадзе раней, і сёлета Уладзімір Дворнік падзякаваў настаўнікам і галоўнаму ўпраўленню адукацыі за вынік. “Сёння ў Гомельскай вобласці нарэшце рэальна створаны роўныя ўмовы для атрымання адукацыі як у буйных гарадах, так і ў сельскай мясцовасці”, — сказаў ён. Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў таксама работу, накіраваную на развіццё творчых здольнасцей вясковых дзяцей. На Гомельшчыне гэтае пытанне вырашылі проста: вучняў з сяла цэнтралізавана прывозяць на заняткі ў раённыя цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, а педагогі дадатковай адукацыі некаторых цэнтраў самі прыязджаюць у сельскія школы і праводзяць заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах.

Каштоўнасць рабочай прафесіі

Адной з найважнейшых на жнівеньскай нарадзе стала тэма прафарыентацыйнай работы.

Каб не адпавядаць прымаўцы “Шавец без ботаў”, ужо колькі гадоў настаўнікі спрабуюць выхоўваць сабе змену: ва ўстановах адукацыі ствараюцца класы ці групы з педагагічным кірункам. Але тут яшчэ ёсць над чым працаваць. С.І.Парошын адзначыў, што з амаль 200 выпускнікоў такіх груп толькі 17% пагадзіліся заключыць дагаворы аб мэтавай падрыхтоўцы ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— У новым навучальным годзе мы ставім перад сабой задачу зрабіць адбор школьнікаў у педкласы больш якасным, — адзначыў Сяргей Іванавіч. — Акрамя таго, нам неабходна наладзіць сур’ёзнае ўзаемадзеянне і з універсітэтамі вобласці, знайсці падтрымку ў асобе рэктараў тых УВА, якія рыхтуюць педагагічныя кадры.

Яшчэ адно з актуальных пытанняў — падрыхтоўка рабочых кадраў на базе ўстаноў прафесійнай адукацыі. Гэта таксама адно з даручэнняў старшыні аблвыканкама, да выканання якога ў новым навучальным годзе падыдуць абдумана і ўзважана.

— Значна павялічыцца колькасць старшакласнікаў, якія займаюцца прафесійнай падрыхтоўкай, — запэўніў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі. — У новым навучальным годзе прафпадрыхтоўкай будуць ахоплены ўсе дзесяцікласнікі, акрамя тых, якія навучаюцца ў профільных класах — іх колькасць узрасце з 1100 да 3800. Акрамя таго,сёлета ва ўстановах прафесійнай адукацыі адкрыта падрыхтоўка па 46 новых кваліфікацыях, ва ўстановы ПТА будзе залічана на 90 чалавек больш, чым у мінулым годзе.

Рэальны сектар эканомікі адчувае недахоп рабочых кадраў, адны прафесіі знікаюць, іншыя — з’яўляюцца. Варта адзначыць, што сістэма адукацыі Гомельшчыны хутка рэагуе на гэтую зменлівасць. У многім дапамагае цеснае ўзаемадзеянне па прынцыпе простага ланцужка: “школа — установа прафтэхадукацыі — прадпрыемства”. На нарадзе было адзначана, што зараз пайшла на спад тэндэнцыя неабдуманага атрымання вышэйшай адукацыі. Маладыя людзі пачалі аналізаваць свае здольнасці і магчымасці, паступленне ў прафесійныя ліцэі і каледжы стала для многіх жаданым. Здаецца, у гэтым кірунку праблем няма. Застаецца толькі прыкласці намаганні, каб дыпламаваныя рабочыя кадры хацелі вяртацца на сваю малую радзіму.

Бяспечнасць дзяцей на кантролі

Сістэма адукацыі ахоплівае шмат кірункаў. Разам з навучаннем і выхаваннем перад установамі адукацыі і педагогамі стаяць іншыя сур’ёзныя задачы: бяспечнасць дзяцей і арганізацыя работы з сем’ямі, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх, здароўе і харчаванне школьнікаў. Пра ўсё гэта таксама ішла размова на жнівеньскай нарадзе.

Сацыяльнае сіроцтва — тэма балючая. Іншы раз работа з гора-бацькамі падобна да бессэнсоўнага кідання гароху аб сцяну. Тым не менш на Гомельшчыне рэалізацыя Дэкрэта № 18 дае вынікі. Як было агучана на нарадзе, ужо 3 гады запар працэнт пазбаўленых бацькоўскіх правоў у вобласці самы нізкі:
25 пры сярэднерэспубліканскіх 42.

Вядома, узнікаюць спрэчныя сітуацыі, калі педагогі называюць становішча дзіцяці ў сям’і небяспечным, а бацькі абураюцца. Каб пазбегнуць падобных праблем, старшыня аблвыканкама прапанаваў стварыць спецыяльныя саветы клопату і апекі, у якія ўвойдуць розныя спецыялісты і за імі будзе прыняцце сумесных рашэнняў. А яшчэ Уладзімір Дворнік параіў педагогам: “Прыходзьце ў дом да сваіх вучняў як госць, гаварыце па-добраму, тлумачце, а не аддавайце загады”.

Сёлетняя абласная нарада работнікаў устаноў адукацыі атрымалася змястоўнай і цёплай. Традыцыйна ўзнагароды атрымалі школы, гімназіі, ліцэі, каледжы вобласці, кіраўнікі і педагогі, якія дасягнулі лепшых вынікаў у сваёй рабоце. Вынікі, якія мае сёння адукацыйная сфера Гомельшчыны, ствараюць пэўны настрой. Гэта чыталася на тварах удзельнікаў мерапрыемства, чулася ў размовах і гучала ў выступленнях на пленарнай частцы. Акрэсленыя на новы навучальны год задачы не зусім простыя, але ж педагагічная грамадскасць упэўнена рухаецца наперад — да новых гарызонтаў і поспехаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.