Залог паспяховасці

- 10:56Якасць адукацыі

У Мінскім прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва адбыўся рэспубліканскі семінар-практыкум, дзе фармуляваліся эфектыўныя падыходы да фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый будучых спецыялістаў. Семінар быў разлічаны на аўдыторыю з намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, і ў ім прынялі ўдзел больш за 70 чалавек. Сярод прысутных былі Л.В.Емяльянчык, кансультант упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі; А.С.Папова, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, доктар псіхалагічных навук, прафесар; Ю.У.Емяльяненка, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА.

З улікам развіцця інавацыйнай эканомікі, укаранення ў вытворчасць сучасных ІТ-тэхналогій да падрыхтоўкі кадраў прад’яўляюцца новыя патрабаванні, якія не замыкаюцца толькі на самой прафесійнай падрыхтоўцы, але і пераходзяць на развіццё асобасных кампетэнцый будучых рабочых і спецыялістаў. Такія кампетэнцыі становяцца ўсё больш значнымі пры прыёме на работу, калі наймальнікі кадраў адсочваюць не толькі прафесійныя кампетэнцыі, але і рысы характару чалавека, узровень выхавання. Таму адным з прыярытэтаў выхаваўчага працэсу ў сістэме прафесійнай адукацыі з’яўляецца фарміраванне асобы грамадзяніна, які валодае агульнай культурай, які камунікабельны ў сацыяльным асяроддзі, у працоўным калектыве, можа самастойна прымаць рашэнні, адстойваць сваю пазіцыю, вырашаць праблемы.

— Забяспечыць высокую эфектыўнасць ідэалагічнай і выхаваўчай работы сярод навучэнскай моладзі — адна з актуальных задач устаноў прафесійнай адукацыі, — адзначыла Ларыса Васільеўна Емяльянчык. — Міністэрства адукацыі, рэгіянальныя органы кіравання і самі ўстановы адукацыі праводзяць сістэмную работу па ўдасканаленні кадравага забеспячэння выхаваўчай работы. Вызначаны службовыя абавязкі адказных за ідэалагічную работу ў структурных падраздзяленнях, непасрэдна педагагічных работнікаў навучальных устаноў, якія і з’яўляюцца тым актывам, які курыруе выхаваўчую і ідэалагічную работу ў сістэме прафесійнай адукацыі.

Паводле высноў Міністэрства адукацыі, стрыжнем ідэалагічнай работы з’яўляецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнскай моладзі. Асабліва актуальны гэты напрамак у Год малой радзімы, калі неабходна найбольш эфектыўна выкарыстоўваць маладыя сілы для правядзення рознага роду рэспубліканскіх акцый, праектаў, скіраваных на добраўпарадкаванне роднай зямлі, помнікаў гісторыі і архітэктуры, на аказанне дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва, і тым самым умацоўваць у характары маладых людзей пачуцці патрыятызму, грамадзянскасці, міласэрнасці і адказнасці за даручаную справу.

У дні святкавання перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівая ўвага традыцыйна ўдзелена грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці выхаваўчай работы. Галоўная задача — захаваць у маладым пакаленні гістарычную памяць пра подзвіг нашага народа ў вайне, пачуццё падзякі за гераізм суайчыннікаў.

Сёння дзяржава разглядае моладзь як самую ініцыятыўную, дынамічную, прадпрымальніцкую частку нашага грамадства, і гэтыя якасці трэба фарміраваць яшчэ ў навучэнскім асяроддзі. У тым ліку неабходна больш актыўна развіваць навучэнскае самакіраванне, дзе найбольш яскрава праяўляюцца ў маладых людзей лідарскія і арганізатарскія здольнасці, творчасць і ініцыятыва.

Актывізацыя інавацыйнай дзейнасці і прафесійнай мабільнасці моладзі, стварэнне і рэалізацыя канкрэтных інавацыйных праектаў — адзін з галоўных кірункаў выхаваўчай работы сёння, адзначыла прадстаўнік міністэрства.

Развіццю творчага патэнцыялу моладзі спрыяе рух WorldSkills, у які ўступаюць усё новыя і новыя навучальныя ўстановы прафесійнай адукацыі з мэтай удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі будучых рабочых і спецыялістаў згодна з міжнароднымі стандартамі і тым самым павышэння прывабнасці прафесійнай адукацыі, іміджу рабочых прафесій. Сёння істотна ўзрастае значнасць супрацоўніцтва ўстаноў прафесійнай адукацыі з установамі агульнай сярэдняй адукацыі. Там праводзяцца дні адкрытых дзвярэй, майстар-класы, прафесійныя пробы, арганізуюцца прафарыентацыйныя гульні, круглыя сталы, праводзяцца азнаямленчыя экскурсіі на вытворчасць, іншыя выязныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы.

Аднак, як было заўважана, неабходна больш шырока выкарыстоўваць сённяшнія рэсурсы ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Трэба акцэнтаваць увагу на арганізацыю “Прафесійных субот” для школьнікаў у шосты школьны дзень. Правядзенне такіх субот дазваляе сфарміраваць цэласнае ўяўленне пра свет прафесій у школьнікаў і іх бацькоў, педагогаў школ, дае магчымасць правесці шырокамаштабную прафесійную асвету, сфарміраваць разам з педагогамі і бацькамі крытэрыі выбару будучай прафесіі. Так, напрыклад, за мінулы год установамі прафесійнай адукацыі праведзены больш за 8 тысяч мерапрыемстваў прафарыентацыйнай накіраванасці, у якіх прынялі ўдзел каля 226 тысяч школьнікаў. Работу ў гэтым трэба працягнуць.

Найважнейшай умовай фарміравання выхаваўчага асяроддзя з’яўляецца развіццё інфармацыйнай прасторы выхаваўчай работы. Эфектыўнасць інфармацыйна-выхаваўчай работы немагчыма без укаранення ва ўсе сферы арганізацыйна-метадычнай і кіраўніцкай дзейнасці інфармацыйных тэхналогій, фарміравання інфармацыйнай культуры ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

У адпаведнасці з загадам міністра адукацыі, з 2018 года Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі арганізавана перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Інфармацыйна-ідэалагічная і выхаваўчая работа ва ўстановах адукацыі”.

Увага ўдзедьнікаў семінара была сканцэнтравана на актывізацыі дзейнасці ўстаноў па прафiлактыцы проціпраўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, дапамогі навучэнцам, якія апынуліся ў небяспечнай сітуацыі, захаванні бяспечных умоў жыццядзейнасці навучэнцаў. Штогод ва ўстановах прафесійнай адукацыі, падведамасных Міністэрству адукацыі, вучыцца каля 5 тысяч навучэнцаў-сірот, таму адказнасць за жыццё і здароўе, падрыхтоўку да дарослага жыцця такіх навучэнцаў ускладаецца на кiраўнiка (дырэктара) установы прафесійнай адукацыі як законнага прадстаўніка непаўналетніх і саміх педагагічных работнікаў.

Значная роля ў забеспячэнні індывідуальнай прафілактычнай работы ў маладзёжным асяроддзі належыць спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў прафесійнай адукацыі. Пры арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ім неабходна максімальна ўлічваць рознабаковыя інтарэсы сучаснай моладзі. Работа сацыяльных педагогаў і псіхолагаў павінна быць сістэмнай, а не зводзіцца да асобных акцый і кампаній. Фарміраванне асобасных, сацыяльна значных кампетэнцый найбольш эфектыўна рэалізуецца менавіта на практыцы, у рэальных справах.

Н.М.Вялікая, намеснік начальніка аддзела выхаваўчай і ідэалагічнай работы камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, адзначыла, што, згодна з тэорыяй, для паспяховай работы больш важнымі з’яўляюцца прафесійныя кампетэнцыі, якія першапачаткова фарміруюцца ва ўстановах адукацыі. Але, як паказвае практыка, асобасныя кампетэнцыі часам з’яўляюцца асноўнымі ў дасягненні кар’еры. І вельмі важна, каб яны знаходзіліся ў адзінстве з прафесійнымі кампетэнцыямі. Тады высокі вынік паспяховай прафесійнай дзейнасці забяспечаны.

Аналізуючы складнікі прафесійных і асобасных кампетэнцый, Н.М.Вялікая адзначыла, што прафесійная кампетэнцыя — гэта здольнасць паспяхова дзейнічаць на аснове практычнага вопыту, уменняў і ведаў пры вырашэнні задач прафесійнага роду дзейнасці. Асобасная кампетэнцыя — набор псіхалагічных якасцей, якія забяспечваюць эфектыўныя паводзіны чалавека ў пэўнай дзелавой сітуацыі (напрыклад, лідарства, стрэсаўстойлівасць і інш.).

Чаго іншы раз не хапае сённяшняму выпускніку ўстаноў ПТА і ССА для паспяховай работы? Як было адзначана, не хапае перш за ўсё агульнадзелавой кампетэнцыі: жадання працаваць, уважліва і добрасумленна ставіцца да справы, імкнення дасягнуць рэальнага выніку, пры гэтым адэкватна ацэньваючы ўласныя здольнасці і іх кошт на рынку працы. На жаль, наймальнікі кадраў часта сутыкаюцца з адваротным — завышаныя запатрабаванні і амбіцыі на фоне іншы раз безадказнасці і адсутнасці вопыту.

Бывае, што ў маладых людзей назіраецца недахоп выхаванасці, элементарных паводзін, добразычлівасці ў зносінах.

Развіццё асобасных кампетэнцый навучэнцаў з’яўляецца важным кірункам выхавання, што, безумоўна, дасць магчымасць у працэсе навучання фарміраваць навыкі самаарганізацыі, агульнадзелавыя і камунікатыўныя кампетэнцыі.

Сёння патрабаванні да сацыяльна-асобасных кампетэнцый вызначаны ў адукацыйных стандартах ПТА і ССА па кожнай спецыяльнасці. Выпускнік установы прафесійнай адукацыі павінен валодаць адказнасцю, акуратнасцю, добрасумленнасцю, працавітасцю, быць уважлівым, дакладным у прафесійнай дзейнасці, быць здольным да яе ўдасканалення, павышэння кваліфікацыі, весці здаровы лад жыцця, умець працаваць у камандзе.

Эфектыўнай тэхналогіяй, якая абумовіла прафесійнае развіццё і самаразвіццё асобы, з’яўляецца маніторынг ацэнкі якасці выхавання навучэнцаў. Яго вынікі выступаюць у якасці інфармацыйнай асновы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў і праектавання рашэння з ліку такіх, як выяўленне прычын неадпаведнасці асобасных якасцей патрабаванням ключавых характарыстык будучага спецыяліста і ў цэлым вызначэнне праблем, якія перашка-джаюць дасягненню мэт выхавання.

Пры аналізе стану спраў па фарміраванні сацыяльна-асобасных кампетэнцый ва ўстановах прафесійнай адукацыі краіны намеснік начальніка цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА С.Р.Бутрым адзначыла, што гэтая работа вядзецца даволі эфектыўна.

Удзельнікі семінара маглі ў гэтым пераканацца на інтэрактыўнай выставе сталічных устаноў прафесійнай адукацыі, дзе былі прадстаўлены такія кірункі, як “Арганізацыя дзейнасці маладзёжных сэрвісных атрадаў” (Мінскі дзяржаўны ПТК гандлю), “Дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах як рэсурс сацыялізацыі моладзі” (Мінскі дзяржаўны ПТК чыгуначнага транспарту), “Аднаўленне эмацыянальнага і псіхафізічнага стану ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу” (Мінскі дзяржаўны ПТК дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва), “Прафілактыка рызыкоўных паводзін” (Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны ПТК), “Праектная дзейнасць навучэнцаў” (Мінскі дзяржаўны ПТК швейнай вытворчасці), “Прафарыентацыйная дзейнасць на аснове PR-паліграфіі (Мінскі дзяржаўны ПТК паліграфіі). На адкрытай пляцоўцы Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва была прадстаўлена экспазіцыя аб’яднанняў па інтарэсах.

На адкрытай пляцоўцы гэтага ж каледжа і Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі быў прадстаўлены вопыт работы па тэмах “Выкарыстанне тэхналогіі супрацоўніцтва ў фарміраванні камунікатыўных кампетэнцый будучых спецыялістаў” (Мінскі дзяржаўны ПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва); “Развіццё аўтапсіхалагічных кампетэнцый будучых спецыялістаў” (Мінскі дзяржаўны ПТК гандлю); “Асобасна-арыентаваны падыход у фарміраванні інфармацыйнай кампетэнтнасці спецыяліста” (Мінскі дзяржаўны каледж электронікі); “Карпаратыўная культура: матывацыя, лідарства, самаразвіццё” (Мінскі гарадскі педагагічны каледж).

Ю.У.Емяльяненка падкрэсліў, што адной з актуальных задач навукова-метадычнага забеспячэння фарміравання сацыяльна-асобасных кампетэнцый навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі з’яўляецца ўкараненне ў практыку работы сертыфіката асобасных дасягненняў навучэнцаў.

Распрацоўка і ўкараненне сертыфіката “Асобасныя дасягненні” мае на мэце прадастаўленне наймальнікам інфармацыі аб узроўні сацыяльнай актыўнасці выпускніка ўстановы прафесійнай адукацыі, яго ўдзеле ў грамадскім жыцці, дасягненнях у пазавучэбнай дзейнасці, спецыфіцы асобасных якасцей, арганізатарскіх і лідарскіх здольнасцях, узроўні сацыяльнай адаптыўнасці.

Сертыфікацыя асобасных дасягненняў, якая прадугледжвае ўкараненне адпаведнага сертыфіката і яго прадастаўленне наймальніку, дазволіць вырашыць задачы такога кшталту, як садзейнічанне паспяховай адаптацыі маладога спецыяліста на прадпрыемстве (арганізацыі) з улікам спецыфікі яго асобасных якасцей, а таксама сацыяльнага статусу; стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы з улікам наяўных здольнасцей, патрэб і інтарэсаў (удзел у разнастайных аб’яднаннях па інтарэсах і інш.); садзейнічанне ўключэнню маладога спецыяліста ў сістэму канструктыўных прафесійных адносін, падтрыманне спрыяльнага клімату ў працоўным калектыве; фарміраванне кадравага рэзерву з улікам наяўных арганізатарскіх і камунікатыўных здольнасцей; аказанне падтрымкі таленавітай моладзі і інш.

У рамках вырашэння пастаўленай задачы плануецца распрацоўка крытэрыяў і паказчыкаў ацэнкі прафесійна-асобасных якасцей і ўзроўню сацыяльнай актыўнасці навучэнцаў; адбор і распрацоўка методык для ацэнкі прафесійна-асобасных якасцей і ўзроўню сацыяльнай актыўнасці навучэнцаў; апрабацыя адпаведнага дыягнастычнага інструментарыю ў працэсе рэалізацыі эксперыментальнай дзейнасці; абмеркаванне вынікаў работы пры правядзенні рэспубліканскіх арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў, а таксама ў друкаваных і электронных выданнях; экспертыза дыягнастычнага інструментарыю.

Пасля пленарнага пасяджэння семінара была арганізавана работа ў групах для абмеркавання пытанняў распрацоўкі мадэлі сертыфіката “Асобасныя дасягненні” навучэнцаў устаноў ПТА і ССА, вынікі якой былі прадстаўлены на круглым стале “Сертыфікацыя асобасных дасягненняў навучэнцаў — эфектыўная форма развіцця матывацыі прафесійна-асобаснага ўдасканалення маладых спецыялістаў”.

Ала КЛЮЙКО.