Залог поспеху, фундамент для новых перамог

“Асноўная работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года ў нашым раёне ўжо завершана, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Калінкавіцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Іна Віктараўна ГУБАР. — Школы чакаюць сваіх вучняў. Іх тэрыторыі здзіўляюць кветкавым раздоллем, незвычайнымі архітэктурнымі формамі. У кабінетах утульна, пахне свежай фарбай. Па выніках прыёмкі ўстановы адукацыі, якія лепш за ўсё падрыхтаваліся да навучальнага года, традыцыйна ўзнагароджваюцца”.

— Якасная падрыхтоўка да новага навучальнага года — залог поспеху, фундамент для новых перамог. У кожнай школе, дзіцячым садку выкананы неабходныя рамонтныя работы. Дзякуй вялікі за гэта працоўным калектывам устаноў адукацыі, прадпрыемствам і арганізацыям, што аказалі шэфскую дапамогу, а таксама актыўным бацькам, — падкрэсліла Іна Віктараўна. — У новым навучальным годзе да нас прыйдзе 31 малады спецыяліст. За кожным такім педагогам будзе замацаваны вопытны настаўнік. У раёне працуе школа маладога настаўніка, асаблівая ўвага ўдзяляецца дзейнасці маладых класных кіраўнікоў. Сапраўдным пасвячэннем у прафесію з’яўляецца штогадовы раённы конкурс “Мае першыя перамогі”.

— Як у новым навучальным годзе бу­дзе арганізавана профільнае навучанне?

— У дзевяці ўстановах адукацыі раёна працягнецца дзейнасць профільных класаў па дзевяці прадметах. Профільны клас педагагічнай накіраванасці будзе праца_ваць у сярэдняй школе № 7. У сярэдняй школе № 1 арганізавана вывучэнне факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Спецыялізаваныя па спорце класы будуць працаваць у сярэдніх школах № 6, № 7. Право­дзіцца інфармацыйна-тлумачальная работа сярод вучняў і іх бацькоў аб значнасці атрымання дадатковай адукацыі па рабочых спецыяльнасцях. Для вучняў 10—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна, якія вывучаюць прадметы на базавым узроўні, у 2019/2020 навучальным годзе ў шосты школьны дзень будзе арганізавана прафесійнае навучанне на базе Калінкавіцкага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага ліцэя па спецыяльнасцях “Кухар”, “Прадавец”, “Швачка”, “Слесар па рамонце сельгасмашын і абсталявання”.

— Якая прафілактычная работа праводзіцца ў раёне па прадухіленні правапарушэнняў сярод падлеткаў?

— На жаль, нашы падлеткі здзяйсняюць правапарушэнні. Таму на бацькоўскіх сходах гэтую праблему агучваем рэгулярна. Запрашаем да размовы супрацоўнікаў пракуратуры, аддзела ўнутраных спраў, інспекцыі па справах непаўналетніх, устаноў аховы здароўя. У 2018/2019 годзе за кожным непаўналетнім, які стаіць на ўліку, быў замацаваны настаўнік фізічнай культуры або трэнер, загадам па ўстанове такі вучань залічваецца ў гурток, секцыю або на факультатыўныя заняткі.

Шчырыя і даверлівыя адносіны паміж дзецьмі і бацькамі, іх сумесная дзейнасць таксама добрая прафілактыка правапарушэнняў. Яскравы прыклад — сямейныя спартыўныя фестывалі, што ладзяцца ў раёне трэці год запар па баскетболе, футболе, стрытболе, лазертагу і г.д. Сем’і прымаюць удзел у “Забегу паўзункоў”, “Марафоне хадункоў”, “Дзіцячым фарсажы”, “Кросе анёлкаў”.

Разам з Тураўскай епархіяй мы ладзім святы, сустрэчы з бацькамі. У мінулым го­дзе ў сярэдняй школе № 4 адбыліся першыя ў раёне праваслаўныя адукацыйныя чытанні. Штогод праходзіць хрэсны ход на веласіпедах па дарозе з Калінкавіч у Юравічы, да якога далучаюцца настаўнікі, вучні і іх бацькі.

— У якіх напрамках ажыццяўляецца работа з таленавітымі дзецьмі?

— З мэтай ранняга выяўлення адораных дзяцей ладзяцца міні-алімпіяды ў пачатковай школе. Навучэнцы прымаюць удзел у дыстанцыйных алімпіядах. Больш за дзе­сяць гадоў у раёне працуе міжшкольны факультатыў “Інтэлектуал”, дзе вучні пад кіраўніцтвам лепшых настаўнікаў і раённых трэнераў рыхтуюцца да абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. На канікулах звычайна працуе профільны лагер для адораных дзяцей. У раёне дзейнічаюць вучэбна-даследчыя таварыствы навучэнцаў. Вясной праходзіць раённы конкурс даследчых работ навучэнцаў.

У мінулым годзе 10 навучэнцаў 8—11 класаў і 18 навучэнцаў 4—9 класаў перамаглі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Па выніках заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі навучэнец гімназіі Ягор Ермак узнагароджаны дыпломам III ступені. Каманда сярэдняй школы № 6 стала пераможцам абласнога турніру юных фізікаў, навучэнцы сярэдніх школ № 7 і № 1 атрымалі дыпломы II і III ступеней абласнога конкурсу юных географаў. У скарбонцы дасягненняў Калінкавіцкага раёна — 143 дыпломы абласнога і 4 — рэспубліканскага ўзроўню. Бронзавы медаль на міжнародным турніры юных матэматыкаў у Парыжы атрымаў выпускнік гімназіі Аляксей Васькоў.

Адзначу ўдзел каманды выхаванцаў раённага эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі (лаўрэата VII міжрэгіянальнага мала­дзёжнага экалагічнага злёту “Берагі дружбы — 2018”) у II міжнародным экалагічным злёце “Падары планеце жыццё” ў Калужскай вобласці (Расія). Таксама ў скарбонцы дасягненняў — абсалютная перамога (гран-пры) каманды гімназіі на XXV Міжнародным фестывалі “Залатая восень Славуціча” (Украіна). Дыплом пераможцы і падзяка Інстытута гісторыі НАН Беларусі фіналістам рэспубліканскага інтэрнэт-праекта “Лица минувшей войны” — ваенна-патрыятычнаму клубу “Віцязь” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дыплом III ступені па выніках рэспубліканскага конкурсу рытарычнага майстэрства — у навучэнца сярэдняй школы № 7 Расціслава Ліпскага.

— Напэўна, не адстаюць ад вучняў і педагогі?

— Так, у Рэспубліканскім завочным конкурсе метадычных распрацовак “Арганізацыя міжкультурных іншамоўных зносін на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці” (намінацыя “Замежная мова. Пазакласнае мерапрыемства”) перамаглі настаўнікі гімназіі і сярэдняй школы № 7. Фіналістамі Рэспубліканскага конкурсу “Франтавы альбом” сталі настаўнікі базавай школы № 5. Дыпломы I і III ступеней на Абласным конкурсе “Адукацыйны праект” — у педагогаў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Дыплом III ступені ў Абласным конкурсе па распрацоўцы камп’ютарных гульняў “Патрыёт.BY” — у настаўніка інфарматыкі Бабровіцкай сярэдняй школы А.М.Варабей. 1-е месца ў намінацыі “Аўтарскі праект музея па ўшанаванні памяці загінуўшых воінаў” у Абласным аглядзе-конкурсе экспазіцый музеяў устаноў адукацыі ваенна-гістарычнай тэматыкі, прысвечаным 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, атрымаў калектыў Малааўцюкоўскай сярэдняй школы. Настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 7 В.У.Афанасьева стала пераможцай Абласнога конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”. Сайт гэтай школы адзначаны дыпломам II ступені на абласным конкурсе на лепшы сайт установы адукацыі.

Напярэдадні новага навучальнага года хочацца пажадаць калегам творчага натхнення, прадукцыйнай працы, устойлівага развіцця. Няхай у нашых установах адукацыі пануе атмасфера ўзаемнай павагі і супрацоўніцтва. З надыходзячым святам ведаў!

Надзея ЦЕРАХАВА.