Залог поспеху — у карпатлівай рабоце з кожным дзіцем

Сёння наша суботняя планёрка праходзіць у начальніка аддзела па адукацыі Сенненскага райвыканкама Віцебскай вобласці Алены Аркадзьеўны ВІЛЮГІНАЙ.

Фота да матэрыялу: Залог поспеху — у карпатлівай рабоце з кожным дзіцем.— Алена Аркадзьеўна, раскажыце, чым вызначалася першая чвэрць у вашым раёне?

— Сярод значных мерапрыемстваў першай чвэрці можна вылучыць адкрыццё на базе сярэдняй школы № 1 імя З.І.Азгура Сянна пляцоўкі па паглыбленым вывучэнні правіл дарожнага руху, дзе заняткі для школьнікаў праводзяцца з удзелам дзяржаўтаінспектараў ДАІ Сенненскага РАУС. З 1 верасня 2018 года ў сярэдніх школах раёна і на базе Сенненскай школы-інтэрната арганізавана прафесійная падрыхтоўка вучняў 10-х класаў, якія вывучаюць усе прадметы на базавым узроўні. Выбар прафесій, па якіх арганізавана навучанне, абумоўлены патрэбамі рынку працы нашага раёна: сталяр, швачка, агароднік. Справа для нас новая, але, як паказала практыка, запатрабаваная, бо зацікаўленасць у атрыманні прафесіі праявілі навучэнцы і іх законныя прадстаўнікі.

Сур’ёзная ўвага ўдзяляецца ўмацаванню здароўя вучняў і развіццю спорту. З 1 верасня на базе сярэдняй школы № 2 Сянна адкрыты спецыялізаваны спартыўны клас па лёгкай атлетыцы і біятлоне, у якім займаюцца 24 вучні. У далейшым, спадзяёмся, яны працягнуць сваё спартыўнае ўдасканаленне ў вучылішчах алімпійскага рэзерву і пакажуць вынікі ў спорце вышэйшых дасягненняў. Акрамя таго, мы ганарымся дасягненнем навучэнца 11 класа сярэдняй школы № 2 Сянна Дзмітрыя Івашкова, які ў лістападзе гэтага года стаў пераможцам абласной алімпіяды па фінансавай дасведчанасці.

У лістападзе адбыўся кірмаш педагагічных ідэй для настаўнікаў-дэфектолагаў раёна “Прадметна-прасторавае асяроддзе кабінета настаўніка-дэфектолага як сродак павышэння якасці спецыяльнай адукацыі”. На працягу некалькіх гадоў педагагічны калектыў Сенненскай школы-інтэрната працуе ў рэжыме інавацыйнага развіцця: акрамя абласнога творчага (даследчага) праекта “Укараненне мадэлі “Школьная бізнес-кампанія”, ва ўстанове адукацыі з 1 верасня 2018/2019 навучальнага года рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”. Таксама з кастрычніка ў школе-інтэрнаце пачаў працаваць клуб для патранатных выхавальнікаў, які аб’ядноўвае сем’і, што прымаюць на выхадныя і святочныя дні выхаванцаў школы-інтэрната. Развіваюцца новыя формы работы ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Сянна: з 1 верасня кожны чацвер праходзіць дзень СППС, з кастрычніка арганізавана работа клуба для падлеткаў падуліковых катэгорый “Падары сабе заўтра”.

— Асобна хочацца спыніцца на арганізацыі профільных класаў. Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як арганізавана дапрофільная падрыхтоўка школьнікаў?

— З 2015/2016 навучальнага года ў школах Сенненскага раёна арганізавана дапрофільная падрыхтоўка сумесна з профільным навучаннем. Ва ўстановах адукацыі Сенненскага раёна выбудаваны індывідуальныя мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі, складзены пералікі факультатываў, якія навучэнцы наведваюць на працягу навучальнага года. Работа ў гэтым напрамку дазваляе дапамагчы дзецям раскрыць свой творчы і інтэлектуальны патэнцыял.

З 1 верасня 2018 года на базе 6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна арганізаваны адукацыйны працэс з вывучэннем асобных прадметаў для вучняў 8—11 класаў на павышаным узроўні: матэматыка, хімія, фізіка, біялогія, гісторыя, грамадазнаўства, беларуская мова, руская мова, замежная мова. На базе сярэдняй школы № 2 Сянна адкрыты профільныя групы педагагічнай накіраванасці для навучэнцаў 10 і 11 класаў. Арганізаваны факультатыўныя заняткі прафесійнай накіраванасці для арыентацыі навучэнцаў сярэдніх школ №№ 1 і 2 Сянна на атрыманне педагагічных спецыяльнасцей.

Асаблівасцю 2018/2019 навучальнага года і вынікам прафарыентацыі, якая праводзіцца ў Студзянкоўскай і Какоўчынскай сярэдніх школах, з’яўляецца адкрыццё аграрнага класа і групы на базе 10 класаў. У сувязі з гэтым актуальнай задачай для педагагічных калектываў з’яўляецца забеспячэнне якаснай прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх бацькамі для павышэння матывацыі на атрыманне сельскагаспадарчых спецыяльнасцей ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі на асаблівых умовах. Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве паміж дадзенымі школамі і Віцебскай дзяржаўнай акадэміяй ветэрынарнай медыцыны і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміяй.

— Ці папоўніліся шэрагі педагагічнай грамадскасці раёна маладымі спецыялістамі? Тут хочацца спыніцца на ролі раённага метадычнага кабінета ў павышэнні метадычнай дасведчанасці педагогаў — як маладых, так і са стажам.

— У 2018 годзе сістэма адукацыі раёна папоўнілася 15 маладымі спецыялістамі, з іх на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі вучыліся 5 чалавек. Безумоўна, педагогам першага года працы ўдзяляецца асаблівая ўвага. Штогод арганізоўваюцца сустрэчы маладых спецыялістаў з начальнікам аддзела па адукацыі, з кіраўніцтвам раёна. На ўзроўні ўстаноў адукацыі арганізавана настаўніцтва, за кожным маладым спецыялістам замацаваны вопытны педагог. У раёне функцыянуе школа пачынаючага настаўніка. Дадзенае фарміраванне арыентавана на практычнае засваенне методыкі выкладання і прафесійнага станаўлення ў канкрэтных прадметных галінах. У красавіку 2018 года каманда педагогаў раёна прыняла ўдзел у Міжнародным конкурсе “Настаўнік года — 2018” у Пачынкоўскім раёне Смаленскай вобласці. Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Машканскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Т.М.Бабарыка стала пераможцай у намінацыі “Адкрытая кніга”. Партрэт педагога размешчаны на раённай Дошцы гонару. У кастрычніку 2018 года прайшоў раённы этап конкурсу “Лепшы класны кіраўнік”. Работы пераможцаў (машканскай і студзянкоўскай школ) прадстаўляюць раён на абласным этапе.

— Што больш за ўсё хвалюе начальніка аддзела па адукацыі сёння?

— Хвалююць пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, арганізацыяй занятасці навучэнцаў, умацаваннем вучэбна-матэрыяльнай базы. Нягледзячы на поспехі, эфектыўную дзейнасць з адоранымі дзецьмі, дастаткова высокі патэнцыял многіх педагогаў раёна, выніковасць працы застаецца невысокай. Раён не займае лідзіруючыя пазіцыі сярод раёнаў вобласці ў алімпіядным руху і на цэнтралізаваным тэсціраванні. Прычына бачыцца ў тым, што не ў поўнай меры праводзіцца індывідуальная работа са здольнымі навучэнцамі. Мы маем добрыя кадры, а значыць, не павінны быць сярод замыкаючых, таму нацэльваем кіраўнікоў устаноў адукацыі на тое, што педагогі павінны павышаць кваліфікацыйную катэгорыю.

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.