Замацаваўся ў прафесіі

- 11:17Навіны рэгіёнаў

У наш час прафесію настаўніка прынята лічыць жаночай. Таму, калі ў школе з’яўляецца малады і таленавіты педагог-мужчына, безумоўна, важна стварыць усе ўмовы для яго замацавання ў прафесіі.

Так і адбылося ў Курылавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мастоўскага раёна. У жніўні 2017 года ўстанова адукацыі прыняла пад сваё крыло маладога спецыяліста Юрыя Уладзіміравіча Канстанцінава, настаўніка гісторыі і грамадазнаўства. З таго часу прайшло тры гады, і сёння настаўнік дзеліцца сваімі меркаваннямі аб прафесіі, вучнях і будучыні.

“Я — настаўнік гісторыі. Гэта я вяду вучняў у захапляючы свет вялікай навукі, у свет гісторыі. На сваіх уроках, у літаральным сэнсе, акунаю іх у мінулае: імкнуся, каб яны маглі ўявіць перад сабой сівыя піраміды, пакрытыя пылам стагоддзяў, Калізей, дзе паміралі гладыятары. Разам з маімі вучнямі, затаіўшы дыханне, слухаю словы Молатава, вымаўленыя ў сорак першым. Хіба мог я выбраць іншую прафесію?! Не, ніколі! Ад таго, якія веды я дам сваім вучням, якія якасці буду развіваць у іх, залежыць, у некаторым сэнсе, іх далейшы лёс. А раптам я стану для каго-небудзь з маіх выхаванцаў той пуцяводнай ніткай, што адкрые ім дарогу ў вялікае жыццё!” — расказаў Юрый Ула­дзіміравіч.

Вучні ў адказ на старанні Юрыя Уладзіміравіча радуюць яго прызавымі месцамі на абласных і раённых конкурсах. Дыплом ІІ ступені абласнога конкурсу даследчых работ “На славу Радзімы” ў намінацыі “Гісторыя беларускага кадэцтва” атрымаў вучань 11 класа Яўген Наруш. Грамату пераможцы ў абласной віктарыне “Бітва за Беларусь” Гро­дзенскага абласнога камітэта Грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” заслужыла вучаніца Дзіяна Авечка.

Трэба адзначыць, што і сам Юрый Уладзіміравіч займае актыўную прафесійную пазіцыю, і за тры гады работы ў скарбонцы педагога з’явіліся дыплом ІІ ступені раённага конкурсу “Першыя крокі ў прафесію”, дыплом ІІІ ступені раённага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. Асаблівая гор­дасць настаўніка — пасведчанне аб занясенні ў Кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. А яшчэ ў бягучым годзе Юрый Уладзіміравіч скончыў магістратуру Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Айчынная гісторыя”, і значыць, наперадзе — новыя прафесійныя вышыні! 

Юлія ДУБАКОВА,
метадыст Мастоўскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета.