Замест букетаў — ружоўнік і алеі

Гімназія Веткі і сярэдняя школа № 16 Оршы ў першы дзень новага навучальнага года прынялі ўдзел у акцыі “Дрэва замест кветак”, прадэманстраваўшы такім чынам сваю прыхільнасць да ідэі захавання навакольнага асяроддзя. Замест шматлікіх традыцыйных букетаў, якія праз некалькі дзён папоўнілі б сметнікі, навучэнцы падарылі настаўнікам шматгадовыя расліны.

У Оршы вучні 10 класа для свайго класнага кіраўніка Надзеі Сідаравай набылі саджанцы рабіны. Пасля ўрачыстай лінейкі хлопцы і дзяўчаты высадзілі алею з 8 дрэў у двары дома насупраць школы. Навучэнцы веткаўскай гімназіі падарылі сваім настаўнікам кусты руж. У адрозненне ад галандскіх букетаў-аднадзёнак, шматгадовыя ружы будуць радаваць і настаўнікаў, і школьнікаў не адзін год. У акцыі прынялі ўдзел навучэнцы 1-х, 3-х і 8-га класаў — усяго 120 чалавек. Цяпер на тэрыторыі школьнага двара квітнее ружарый з 20 кустоў пунсовых прыгажунь.

Ініцыятарам акцыі “Дрэва замест кветак” выступіла грамадскае аб’яднанне “Жывое партнёрства”, звярнуўшыся з гэтай прапановай да ўстаноў — членаў сеткі “Белы бусел”, аб’яднаных ідэяй экалагічнага кіравання. Акцыя праводзіцца другі раз. У мінулым годзе на 1 верасня ў ёй прынялі ўд зел тры школы: сярэдняя школа № 3 Вілейкі, Ільянская сярэдняя школа імя А.А.Грымаця Вілейскага раёна і гімназія Веткі.

— Штогод у краіне да 1 верасня і Дня настаўніка прадаюцца сотні тысяч букетаў, якія праз некалькі дзён пасля свята адпраўляюцца на сметнікі, — гаворыць Ларыса Якавюк, ініцыятар акцыі і менеджар праектаў арганізацыі “Жывое партнёрства”. — Заклікаем бацькоў, якія рыхтуюць сваіх дзяцей да школы, аб’яднацца і на грошы, запланаваныя на куплю кветак, набыць дрэвы, якія можна паса­дзіць на школьным двары або ў іншых месцах горада ці вёскі. Дрэва можа замяніць дзясяткі букетаў і падарункаў, а па арыгінальнасці яму няма роўных. Пасаджаныя дрэвы будуць расці разам з навучэнцамі, стануць сімвалам развіцця, дабрыні і мудрасці. Падарыўшы дрэва, вы дасце гораду і сваім дзецям глыток свежага паветра.

Якія дрэвы выбраць? Арганізатары просяць не імкнуцца здзівіць гасцей школьнага двара экзатычнымі раслінамі, у прыватнасці, ядлоўцамі, туямі і іншымі, а аддаць перавагу мясцовым беларускім ліставым дрэвам — ліпам, клёнам. Яшчэ лепш для школьнага двара і гарадскіх вуліц выбіраць невысокія дрэвы і кусты, напрыклад, рабіну ці каліну звычайную. Ягады гэтых раслін стануць добрай дапамогай для птушак зімой і будуць прыцягваць іх на школьны двор. Назіранне за птушкамі можа паслужыць асновай для даследчых работ навучэнцаў па тэме падтрымкі птушак у зімовы перыяд.

Галіна Кабешава, дырэктар сярэдняй школы № 16 Оршы, любуючыся маладзенькімі дрэўцамі, гаворыць: “На тэрыторыі нашай школы мы ўжо стварылі прыгожы практыка-развіццёвы комплекс “Парк экалагічнай культуры”, таму цяпер выходзім за межы школы, бо хочацца ствараць падобныя рэчы побач. Тэрыторыяй мы выбралі двор суседняга дома і будзем яго папаўняць. Плануем, што ў будучыні там з’явяцца і жывыя бэзавыя букеты. Гэта ўпрыгожыць двор. Мы на заднім школьным дворыку некалькі гадоў назад таксама пасадзілі вялізную бэзавую алею, таму цяпер кожную вясну яна цвіце і дорыць цудоўны водар. Будзе дарэчы, калі новую рабінавую алею дапоўняць і драбналістыя ліпы, клёны і іншыя дрэвы”.

“Жывое партнёрства” прапануе ўсім жадаючым перагледзець сваё стаўленне да традыцыйных святочных букетаў і па магчымасці знайсці ім альтэрнатыву з жывых раслін.

Святлана НІКІФАРАВА.