Замест гармонаў і антыбіётыкаў

У БДУ развіваюць бялковую ветэрынарыю. Многія прэпараты не маюць аналагаў у свеце

Інавацыйныя ветэрынарныя прэпараты для сельскагаспадарчых і хатніх жывёл распрацоўваюць вучоныя біялагічнага факультэта БДУ. Увесь цыкл вытворчасці — ад субстанцыі да гатовых лекавых форм — аднесены да VI тэхналагічнага ўкладу і ажыццяўляецца тут жа, ва ўніверсітэцкім тэхнапарку “Унітэхпрам-БДУ”. Брэнд “ПраБіяТэх” ведаюць у многіх гаспадарках Беларусі, Расіі, Казахстана і іншых краін.

Пра ветэрынарыю будучыні і ролю ў ёй вучоных БДУ гутарым з загадчыкам кафедры мікрабіялогіі біялагічнага факультэта БДУ, прафесарам, доктарам біялагічных навук Уладзімірам ПРАКУЛЕВІЧАМ.

Менавіта Уладзімір Антонавіч у свой час пачаў развіваць бялковую ветэрынарыю, і сёння ў гэтым напрамку вучоныя БДУ — у ліку сусветных лідараў. Між тым у ветэрынарыю прафесар трапіў зусім выпадкова.

Яшчэ школьнікам ён пачуў радыёперадачу пра генетыку (доўгі час гэта была забароненая навука), і яна стала яго марай. У 1966 годзе Уладзімір Пракулевіч паступіў на біялагічны факультэт БДУ і застаўся тут на ўсё жыццё (мяняліся толькі карпусы біяфака). Ужо на 3 курсе пачаў сур’ёзна займацца навукай. Даволі хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю, а ў 40 гадоў — доктарскую. Тады ж, у 1989 годзе, узначаліў кафедру мікрабіялогіі.

— Прыкладна ў тыя часы мы ўпершыню пачулі слова “біятэхналогія”, — успамінае прафесар.
Уладзімір Антонавіч праводзіў фундаментальныя даследаванні геномаў фітапатагенных бактэрый, высвятляў малекулярныя механізмы ўзаемадзеяння патагенаў з раслінамі-гаспадарамі. Ён абгрунтаваў новыя падыходы і распрацаваў методыкі правядзення генетычнага аналізу бактэрый роду Erwinia. Ім жа пабудавана першая ў свеце кальцавая генетычная карта храмасомы гэтых бактэрый.

Уладзімір Пракулевіч — вядомы спецыяліст у галіне генетыкі мікраарганізмаў і біятэхналогіі. Ён аўтар больш як 220 навуковых работ, 15 патэнтаў. З’яўляецца членам вучоных і навукова-тэхнічных саветаў, рэдкалегій навуковых часопісаў па біятэхналогіі і ветэрынарыі. Эксперт ІАС “Адзіная экспертыза”. Уваходзіць у Рэспубліканскую міжведамасную рабочую групу па пераадоленні COVID-19.

90-я гады для навукі аказаліся няпростымі: не было рэактываў, многія даследаванні згортваліся. Сутыкнуліся з праблемамі і іншыя сферы. Аднойчы начальнік дэпартамента ветэрынарыі Міністэрства сельскай гаспадаркі сабраў вучоных і папрасіў аб дапамозе. З-за адсутнасці ветэрынарных прэпаратаў (у Беларусі іх амаль не выраблялі, прадпрыемствы ў Расіі ў асноўным закрыліся, валюты для закупкі імпартных сродкаў бракавала) была пагроза страціць жывёлагадоўлю.

— Нам далі спіс крытычна неабходных прэпаратаў, і я ўбачыў там “Гентаміцын”, — расказвае Уладзімір Антонавіч. — Я ніколі спецыяльна не займаўся лекамі, але ўяўляў, як можна вырабіць згаданы антыбіётык, і сказаў пра гэта. Начальнік дэпартамента адразу ўхапіўся за мае словы, палічыўшы іх за прапанову.

Што ж, сказаў — трэба рабіць! Дзякуючы маскоўскім сябрам, вучонаму ўдалося дас­таць патрэбную субстанцыю. Ён хутка распрацаваў тэхналогію і дакументацыю на выпуск першага ветпрэпарата “Гентаміцын”. На заводзе “Белмедпрэпараты”, які на той момант практычна прастойваў, дамовіўся наладзіць яго выпуск. Гэта быў сапраўды незвычайны час: ад моманту размовы ў намесніка міністра да з’яўлення гатовага прэпарата прайшло ўсяго некалькі тыдняў.

Так у Беларусі пачалася вытворчасць ветэрынарнага гентаміцыну: былі выраблены мільёны доз каштоўнага прэпарата, дзякуючы чаму давялося ўратаваць многія статкі жывёл. Лекі нават пачалі пастаўляць на экспарт у Расію, Украіну і іншыя рэспублікі былога СССР.

З таго часу Уладзімір Пракулевіч узяўся за распрацоўку, навуковае і тэхналагічнае суправаджэнне фармацэўтычных прэпаратаў для ветэрынарыі. Пазней быў нала­джаны выпуск метранідазолу, трымеразіну. Прафесар распрацаваў тэхналогіі вытворчасці гуманных лячэбных форм метранідазолу і этапіразіну таксама і для медыцынскіх мэт.

На падставе атрыманага вопыту ў 2012 годзе Уладзімір Пракулевіч ініцыіраваў уключэнне ў Дзяржаўную праграму “Інавацыйныя біятэхналогіі” падпраграмы “Малатанажныя біятэхналогіі”, якая была прынята да выканання і атрымала бюджэтнае фінансаванне. Гэта дало штуршок да новых навукова-практычных распрацовак на кафедры і створанай пры ёй лабараторыі “Біятэхналогіі”. Вучоныя атрымалі самае сучаснае абсталяванне для правядзення даследаванняў у галіне геннай інжынерыі і біятэхналогіі.

Уладзімір Пракулевіч многае зрабіў першым — і ў краіне, і ў свеце. Навукова-прак­тычную канцэпцыю пад умоўнай назвай “Бялковая ветэрынарыя” сфармуляваў таксама ён. Галоўным элементам гэтай канцэпцыі з’яўляецца пасыл, што хваробы жывёл трэба лячыць не чужароднымі для іх рэчывамі (ксенабіётыкамі), а іх уласнымі абароннымі бялкамі.

— Вядома, што форма вушэй, колер вачэй і валасоў, іншыя марфалагічныя асаблівасці арганізма генетычна абумоўлены, — тлумачыць прафесар. — Але каля паловы нашых генаў — абаронныя, прызначаныя для таго, каб засцерагчы нас ад хвароб. Вы можаце спытаць: чаму ж мы тады хварэем? Справа ў тым, што калі ўсе гены будуць пастаянна працаваць, то ніякага харчавання, паветра, сну, вады не хопіць, каб іх абслугоўваць (для сінтэзу бялкоў патрэбна шмат энергіі). Арганізм вымушаны эканоміць энергію і спрабуе аптымізаваць усе працэсы: гены па неабходнасці ўключаюцца і выключаюцца. Адпаведныя сігналы ім падаюць цытакіны (сігнальныя малекулы). Калі вірус трапляе ў арганізм, менавіта яны запускаюць складаны механізм рэгуляцыі, ствараючы патрэбную камбінацыю працуючых генаў. Гэта нечым нагадвае ігру на піяніна. Напрыклад, пад кантролем альфа-інтэрферону знахо­дзіцца каля сотні генаў; гама-інтэрферон кантралюе каля 200 генаў. Ёсць жарт, што калі рэспіраторную інфекцыю лячыць, яна пройдзе за тыдзень, а калі не лячыць, то за 7 дзён. Гэты час патрэбен менавіта для таго, каб уключыць абаронную сістэ­му арганізма і яна пачала нармальна праца­ваць. Што робім мы? Сінтэзуем і ўво­дзім у арганізм бялкі, якія ўключаюць абаронную сістэ­му не праз 7 дзён, як гэта адбываецца натуральным чынам, а праз некалькі гадзін. Адразу пачынаецца каскадная рэгуляцыя, вірусы хутка знішчаюцца — арганізм сам сябе вылечвае. Трэба толькі ўвесці прэпарат у патрэбны момант і ў патрэбнай колькасці.

Галоўнае адрозненне бялковай ветэрынарыі ў тым, што яна актывізуе ўласныя абаронныя функцыі арганізма. Гэта дазваляе вылечыць жывёл без антыбіётыкаў і іншых хіміятэрапеўтычных сродкаў. Новы клас ветэрынарных прэпаратаў скіраваны найперш на прафілактыку для абароны здаровых жывёл. Таксама яны эфектыўныя пры лячэнні хвароб віруснай і бактэрыяльнай прыроды. Відаспецыфічныя цытакіны аказваюць станоўчы ўплыў у якасці імунамадэлюючых і антыстрэсавых фактараў. Яны стабілізуюць рэпрадуктыўны цыкл, павышаюць апладняльнасць жывёл, садзейнічаюць высокай захаванасці маладняка, не з’яўляючыся гармонамі, праяўляюць анабалічны эфект, што садзейнічае лепшаму засваенню кармоў з больш інтэнсіўным наборам масы цела, паляпшаюць якасныя паказчыкі малака і мяса. Вопыт паказаў, што такія біяпрэпараты звышэфектыўныя і бясшкодныя для жывёл.

Адным з прыкладаў такіх біяпрэпаратаў з’яўляецца “Біферон-Б” для прафілактыкі і лячэння інфекцыйных і функцыянальных хвароб цялят і дарослых кароў (распрацаваны таксама “Біферон-С” — для свіней, “Фаніферон” — для катоў і сабак, “Біферон-МРС” — для дробнай рагатай жывёлы).

Каманда Уладзіміра Пракулевіча — гэта пераважна яго выпускнікі. Прафесар падрыхтаваў 8 кандыдатаў навук. Вельмі спадзяецца, што адзін з самых таленавітых вучняў, зараз ужо загадчык навукова-даследчай лабараторыі “Біятэхналогіі”, Максім Патаповіч хутка абароніць доктарскую дысертацыю.

— Прэпарат валодае адначасова антыстрэсавай, імунамадэлюючай, супрацьвіруснай, антыбактэрыяльнай і супрацьпаразітарнай актыўнасцю, — тлумачыць Ула­дзімір Антонавіч. — Ён не ўзаема­дзейнічае непасрэдна з патагенамі, а мабілізуе абаронныя функцыі клетак жывёл. Абсалютна бяспечны. Не патрабуе тэрмінаў вытрымкі па мясе і малацэ падчас і пасля прымянення, бо не ўтрымлівае антыбіётыкаў і іншых хіміятэрапеў­тычных сродкаў, недапушчальных для мяса-малочнай прадукцыі. Высокі эканамічны эфект ад прымянення прэпарата дасягаецца за кошт эфектыўнай прафілактыкі і лячэння вірусных захворванняў, больш хуткага выздараўлення жывёл.

Такі ж высокаэфектыўны і запатрабаваны “Субмасцін” — прэпарат для прафілактыкі і лячэння мастыту ў кароў. Прафесар тлумачыць, што каб карова максімальна апраўдала ўкладанні, яна павінна, прынамсі, 8 гадоў даваць малако і прынесці 8 цялят. Калі гэтага няма, карова не рэалізуе закладзены прыродай патэнцыял і можа стаць стратнай.

— У ЗША па прычыне мастыту ў кароў штогод губляюць каля 3 млрд долараў, — гаворыць Уладзі­мір Антонавіч. — Дзякуючы нашаму субмасціну, беларускія ветэрынары паспяхова змагаюцца з мастытам, што паляпшае рэпрадуктыўнае здароўе кароў і, як вынік, эканамічныя паказчыкі.

Сёння пад брэндам “ПраБіяТэх” вырабляецца 15 субстанцый і больш за 20 ветэрынарных прэпаратаў новага пакалення, якія не маюць сусветных аналагаў. Усе яны прайшлі клінічныя і вытворчыя выпрабаванні, дзяржаўную рэгістрацыю і шырока выкарыстоўваюцца ў ветэрынарнай прак­тыцы ў Беларусі і іншых краінах. На шэраг прэпаратаў атрыманы міжнародныя патэнты.

— Усе прэпараты зарэгістраваны ў адзіным Мытным рэестры ветэрынарных прэпаратаў, іх ахвотна набываюць расійскія і казахстанскія вытворцы. Але мы хочам пабудаваць асобную вытворчасць па міжнародным стандарце GМP (good manufacturing practice — належная вытворчая практыка). Гэта дазволіць экспартаваць прадукцыю на Захад, — расказвае Ула­дзімір Пракулевіч.

Яшчэ 6 важных і вельмі чаканых біяпрэпаратаў знаходзяцца зараз на этапе рэгістрацыі. Адзін з іх — “Антыметрымаст”. Уладзімір Антонавіч гаворыць, што гаспадаркі, дзе праводзіліся выпрабаванні, вельмі задаволены вынікамі і ўвесь час прыспешваюць, каб хутчэй яго атрымаць.

— Прэпарат прызначаны для лячэння складаных пасляродавых захворванняў кароў, — тлумачыць прафесар, — і, як паказала практыка, скарачае так званы сэрвіс-пе­рыяд паміж нараджэннем цяляці і наступным апладненнем. Працягласць гэтага перыду не павінна перавы­шаць 95 сутак. Толькі ў гэтым выпадку карова зможа прыносіць адно цяля штогод. Наш прэпарат “Антыметрымаст” скарачае сервіс-пе­рыяд да 40—45 сутак.

На рэгістрацыі таксама выдатны прэпарат “Таўцін”, які вырашае глабальную праблему бясплоднасці.

— У нас часта пытаюцца, адкуль нам вядома, якія прэпараты патрэбны. Проста мы сустракаемся з ветэрынарамі і слухаем іх скаргі, — прызнаўся Уладзімір Антонавіч. — Аказваецца, адна з самых сур’ёзных праблем у тым, што жывёлы не хочуць размнажацца. Гэта і зразумела: іх канцэнтрацыя на фермах высокая, яны знаходзяцца ў пастаянным стрэсе. Ад гэтага пакутуе рэпрадуктыўная функцыя, развіваецца бясплод­насць. Не буду раскрываць механізм дзеяння прэпарата, але ён рэальна дапамагае справіцца з праблемай.

Цяпер вучоныя распрацоўваюць прэпарат “Прастымул”. Ула­дзімір Антонавіч гаворыць, што ўжо выпрабоўвалі яго на козах у Расіі. Пасля адной ін’екцыі нованароджаныя казляняты на працягу першага месяца прыбавілі ў вазе на 17% больш, чым іх непрывітыя равеснікі. Прыбаўленне вагі ў цялушак павялічылася на 24,5%, у бычкоў і парасят — на 10%.

— Захваральнасць у нованароджаных цялят можа дасягаць 200% — гэта значыць, яны хварэ­юць двойчы (спачатку на кішэчныя, а потым — на вірусныя рэспіраторныя інфекцыі), — тлумачыць прафесар. — Падлічана, што ад зін дзень кішэчнай хваробы роўны дзесяці дням кармлення. І калі цяля хварэе тыдзень — лічыце, гэта выкінутыя кармы за 70 дзён. Мы ўпэўніліся, што пасля ін’екцыі новага комплекснага біяпрэпарата “Прааўтавак” цяляты не хварэюць, а хутка набіраюць вагу; у іх раней наступае палавая спеласць. Фарміруецца здаровы моцны статак.

Такім чынам, вучоныя-біятэхнолагі, стварыўшы сістэму знешняга кіравання геномам арганізма, бяруць здароўе сельскагаспадарчых жывёл пад генетычны кантроль. Значны інтэлектуальны ўклад у захаванне харчовай бяспекі краіны!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.