Замежная мова: традыцыі і навізна

Як умела спалучыць традыцыйныя і сучасныя інтэрактыўныя сродкі і формы выкладання замежных моў, абмяркоўвалі на абласным семінары метадысты, кіраўнікі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў замежных моў і педагогі, якія аддаюць перавагу творчаму падыходу ў выкладанні прадмета.

Семінар праходзіў на базе гімназіі № 1 Жлобіна. Тут працавалі дзве секцыі: адна аб’яднала настаўнікаў, а другая — метадыстаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, якія курыруюць выкладанне замежных моў. Вопытам работы дзяліліся настаўнікі з устаноў адукацыі абласнога цэнтра і раёнаў вобласці. Выкарыстанне інтэрактыўнай дошкі на ўроках, эфектыўныя прыёмы і спосабы арганізацыі інтэрактыўнага ўзаемадзеяння вучняў на ўроку і развіцця іх крытычнага мыслення, магчымасці выкарыстання актыўнай ацэнкі пры арганізацыі кантрольна-ацэначнай дзейнасці на ўроках замежнай мовы — усе лепшыя напрацоўкі па гэтых пытаннях былі прадстаўлены на семінары.
Свой багаты вопыт паказалі і педагогі прымаючага боку — жлобінскай гімназіі № 1. Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце І.І.Анікеенка правяла педагагічную май-стэрню па тэме “Выкарыстанне магчымасцей інтэрактыўнай дошкі ў адукацыйным працэсе па замежнай мове”. Настаўнікі-замежнікі С.В.Бухцілава і А.В.Пякурына правялі ўрокі-фрагменты на нямецкай і англійскай мовах.
Было што ўзяць на заметку і метадыстам аддзелаў, якія курыруюць выкладанне замежных моў. Напрыклад, пераможцы гарадскога конкурсу на лепшы кабінет замежнай мовы, які праводзіўся сярод устаноў адукацыі Гомеля (гімназіі № 46 імя Блеза Паскаля і сярэдняй школы № 5), падзяліліся сакрэтамі афармлення кабінета. Сайт “Віртуальная настаўніцкая” метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы як адзін са шляхоў павышэння эфектыўнасці арганізацыі метадычнай работы ва ўстанове адукацыі прадэманстравала ўдзельнікам семінара настаўніца англійскай мовы С.А.Шашукова.
Варта адзначыць, што кожны семінар у вобласці носіць практыка-арыентаваны характар. Упраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама патрабуе пэўных вынікаў ад правядзення семінараў. Гэта значыць, што недастаткова прысутнічаць на мерапрыемстве. Неабходна чэрпаць вопыт, дзяліцца сваімі напрацоўкамі, падымаць хвалюючыя пытанні і праблемы, абмяркоўваць іх, разам шукаць новыя падыходы і формы работы.
— Семінар прайшоў на даволі высокім узроўні, — адзначыла, падводзячы вынікі, начальнік вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін ГАІРА С.І.Стораж. — Важна тое, што ў ходзе такой работы мы змаглі вылучыць прыярытэтныя задачы ў рабоце настаўнікаў і метадычных фарміраванняў па павышэнні якасці адукацыйнага працэсу па замежнай мове. Упэўнена, што кожны ўдзельнік знайшоў для сябе шмат карыснага.

Наталля ЛУТЧАНКА.