Замежных гасцей стала больш

Колькасць замежных турыстаў, якія прыбываюць у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт «Мінск», вырасла на 43 працэнты з моманту ўвядзення 30-дзённага бязвізавага рэжыму, паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной.

Тэрмін бязвізавага знаходжання іншаземцаў у Беларусі ў ліпені 2018 года быў павялічаны да 30 сутак пры ўмове іх уезду і выезду праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. “Само па сабе гэта не магло даць істотнага прыросту турыстаў, неабходны быў сімбіёз з інфар­мацыйным складнікам. Нам гэта ­ўдалося. ­Колькасць прыбыццяў турыстаў у Беларусь праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск” у 2018 годзе павялічылася на 27 працэнтаў. З моманту павелічэння тэрміну бязвізавага рэжыму колькасць наведванняў нашай краіны вырасла на 43 працэнты”, — сказаў Міхаіл Партной.

За 2018 год праведзена каля 50 маркетынгавых мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю на су­светным рынку турыстычнага патэнцыялу Беларусі. “Мы прынялі ўдзел у 15 міжнародных выставах, у тым ліку ў дзвюх іміджавых — у Лондане і Берліне. Актыўна працуем у гэтым напрамку. Правялі 6 азнаямленчых тураў за кошт бюджэтных сродкаў і 6 — на ўмовах дзяржаўна-прыватнага партнёрства”, — адзначыў намеснік міністра.

Упершыню на канале Euronews трансліраваліся 5 відэаролікаў аб турыстычным патэнцыяле Беларусі (з 26 лістапада па 14 снежня 2018 года).

2018 год быў Годам турызму Беларусі ў Кітаі. “Мы лічым, што гэта вельмі перспектыўны мэтавы рынак, які дасць нам магчымасць дыверсіфікаваць экс­парт нашых турыстычных паслуг. Рэалізаваны план мерапрыемстваў, які ўключаў і інфармацыйны складнік, і стварэнне ўмоў для кітайскіх турыстаў. Падрыхтаваны 21 гід-перакладчык з веданнем кітайскай мовы. Гэты напрамак і ў далейшым будзе развівацца, — адзначыў намеснік міністра. — Немалаважна, што з 8 жніўня мінулага года пачаў дзейнічаць узаемны бяз­візавы рэжым для грамадзян Беларусі і Кітая. У мінулым годзе мы зарабілі каля $6 млн на гэтай мэтавай аўдыторыі”.