“Замужам” за біялогіяй

- 9:58Людзі адукацыі, Рознае

Вольга Яўгенаўна Сітдзікава лічыць, што ў жыцці ёй пашанцавала і з прафесіяй, і з сям’ёй. Настаўніца біялогіі з гімназіі № 1 Брэста паспяхова рэалізавала сябе не толькі ў педагогіцы, але і ў ролі жонкі і маці для любімых мужа і дачкі. У гэтым, пэўна, і заключаецца чалавечае шчасце.

Любоў да расліннага і жывёльнага свету перадалася будучай настаўніцы ад бацькі, заўзятага аматара прыроды. “У доме заўсёды быў “звярынец”, — успамінае Вольга Яўгенаўна. — Падбіралі і выходжвалі з татам параненых галубоў, стрыжоў, вожыкаў, сабак і катоў, пасля чаго вярталі іх назад у прыроду ці аддавалі ў добрыя рукі”.

Пашанцавала будучаму педагогу і са школьнай настаўніцай біялогіі. Лідзія Фадзееўна Цябут бязмежна любіла і прафесію, і прыроду, і дзяцей. Педагог надзвычай цікава выкладала біялогію, паказваючы, якім чынам можна выкарыстоўваць яе ў жыцці. Ад любімай настаўніцы Вольга Яўгенаўна пераняла методыку В.Ф.Шаталава. Вопыт паказаў вялікую эфектыўнасць методыкі апорных канспектаў і сігналаў у вучэбнай дзейнасці.


Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя П.М.Машэрава Вольга Яўгенаўна прыйшла працаваць у родную Ветрынскую сярэднюю школу Полацкага раёна. Значную ролю ў прафесійным станаўленні маладога педагога адыграла дырэктар установы Ларыса Мікалаеўна Васева, якая дапамагала наладжваць узаемаадносіны з вучнямі, аказвала метадычную дапамогу ў правядзенні ўрокаў.

Алімпіяднай дзейнасцю Вольга Яўгенаўна пачала займацца пасля пераходу ў гімназію № 1 Брэста. За 7 гадоў настаўніца выбудавала эфектыўную сістэму работы з адоранымі вучнямі. На рахунку выхаванцаў педагога шмат абласных і рэспубліканскіх дыпломаў, атрыманых на прадметных алімпіядах.

— Работу па выяўленні будучых алімпіяднікаў пачынаю з 5 класа на занятках “Чалавек і свет”, — расказвае В.Я.Сітдзікава. — Прапаноўваю вучням розныя творчыя заданні, накіраваныя на здагадлівасць і самастойнасць: “Падарожжа бляшанкі”, “Калі б я быў птушкай”, “Дзе спіць рыбка?”. Заўсёды знаходзіцца некалькі дзяцей, якія праяўляюць павышаны інтарэс да даследчай дзейнасці. У рамках гімназічнага тыдня навукі вучні рыхтуюць стэндавыя даклады.

З 7 класа пачынаецца актыўная работа па вывучэнні спецыяльнай (універсітэцкай) літаратуры ў вольны час. Вучні 6—8 класаў спрабуюць сілы ў гімназічных і раённых алімпіядах. Бывае, пасля іх дзеці мяняюць прадметны профіль. А тыя, хто застаецца, пачынаюць узмоцнена займацца. У іх з’яўляецца непахісная матывацыя. Напрыклад, многія вырашаюць стаць урачамі. На жаль, настаўнікамі біялогіі вучні быць не хочуць. Гэта засмучае Вольгу Яўгенаўну.

У 8—9 класах да алімпіяднай падрыхтоўкі падключаецца БрДУ імя А.С.Пушкіна, які дапамагае ў арганізацыі лабараторных доследаў. З 10 класа В.Я.Сітдзікава вядзе факультатыў, накіраваны на паглыбленае вывучэнне біялогіі. Вельмі эфектыўнай формай работы ў старшых класах з’яўляецца правядзенне ўрокаў вучнямі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”. Выніковасць такіх заняткаў надзвычай высокая. Акрамя таго, настаўніца практыкуе інтэграваныя ўрокі (біялогія — інфарматыка — англійская мова), якія патрабуюць высокага майстэрства.

— Галоўнае ў алімпіяднай рабоце — вера дзяцей у педагога, — прызнаецца Вольга Яўгенаўна. — Калі вучні не давяраюць цалкам настаўніку, выніку не будзе. Абавязкова звяртаю ўвагу на індывідуальныя якасці алімпіяднікаў: лідарства, “зорнасць”. Працую з бацькамі, якія ўважліва сочаць за рэжымам дня дзяцей, іх падрыхтоўкай. Лепшых вынікаў вучні дасягаюць пры групавой рабоце. Але імкнуся не вылучаць сярод іх відавочнага лідара. Заканамерна, што ў многіх любоў да прадмета трансфармуецца ў жаданне быць лепшым. Дзеці баяцца падвесці педагога, які ўклаў у іх душу. Для іх вельмі важнай з’яўляецца падтрымка дарослага. І гэта яны вельмі цэняць.

У настаўніцкай прафесіі Вольга Яўгенаўна не расчаравалася. Педагогу падабаюцца зносіны з дзецьмі, падабаецца глядзець на іх сталенне і поспехі. Даволі часта былыя вучні становяцца надзейнымі сябрамі пасля заканчэння гімназіі. В.Я.Сітдзікава ўпэўнена, што сапраўдны настаўнік павінен быць патрабавальным і сумленным перад сабой і дзецьмі, а таксама бязмежна іх любіць.

Прафесійныя дасягненні Вольгі Яўгенаўны адзначаны на розным узроўні. Педагог з’яўлялася лаўрэатам спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, шэсць разоў станавілася лаўрэатам прэміі Брэсцкага аблвыканкама за падрыхтоўку алімпіяднікаў. Па выніках абласнога конкурсу “Настаўнік года — 2014” В.Я.Сітдзікава была адзначана дыпломам І ступені. Напрацоўкі педагога неаднаразова публікаваліся ў розных навукова-метадычных выданнях. Настаўніца абагульніла вопыт работы па выкарыстанні краязнаўчага матэрыялу і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках біялогіі. Акрамя таго, Вольга Яўгенаўна праводзіць майстар-класы для калег у Брэсцкім абласным інстытуце развіцця адукацыі і на пасяджэннях раённага метадычнага аб’яднання.

В.Я.Сітдзікава жартуе, што з-за вялікай любові да прыроды яна “замужам” за біялогіяй. Дзякуючы намаганням настаўніцы і яе выхаванцаў тэрыторыя гімназіі надзвычай прыгожа добраўпарадкавана і літаральна патанае ў кветках.

У вольны час Вольга Яўгенаўна займаецца вышыўкай, фатаграфаваннем і веласіпеднымі вандроўкамі. У марах — арганізацыя прафесійнай выставы і стварэнне ілюстраванага каталога прыроды.
У педагога атрымліваецца ўсё, за што яна бярэцца. Сакрэт гэтага тоіцца ў мэтанакіраванай сістэмнай рабоце і нястомным творчым пошуку.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.