Занятасць для кожнага

- 11:38Навіны рэгіёнаў

У магілёўскіх установах адукацыі мэтанакіравана падыходзяць да арганізацыі пазаўрочнай занятасці навучэнцаў. Сёння ў рэгіёне створаны ўсе ўмовы для развіцця творчых здольнасцей дзяцей і падлеткаў, іх прафесійнай арыентацыі і самарэалізацыі, уключэння ў грамадска карысную дзейнасць.

— Толькі ў аб’яднаннях па інтарэсах ва ўстановах дадатковай адукацыі зараз займаецца звыш 53 працэнтаў навучэнцаў. Важна, што тэматыка гурткоў пастаянна абнаўляецца, ідзе за тэндэнцыямі часу. Так, летась адкрыліся такія аб’яднанні, як “Прататыпаванне”, “Сістэмнае адміністраванне”, “Архітэктурнае макетаванне”. Новым напрамкам работы стаў таксама праект дыстанцыйнай формы атрымання дадатковай адукацыі для навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця “Першы крок”, які рэалізуецца ў Асіповіцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, — расказала начальнік аддзела выхаваўчай работы і аховы дзяцінства ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Наталля Кульчанка.

Па яе словах, асаблівая ўвага сёння ўдзяляецца і правядзенню шостага школьнага дня. Планы работы навучальных устаноў па суботах будуюцца такім чынам, каб ахапіць занятасцю як мага больш дзяцей. Для дасягнення гэтай мэты ўсюды ўлічваюць інтарэсы навучэнцаў. Раўназначны ўпор робіцца на грамадзянска-патрыятычнае, працоўнае, экалагічнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця і бяспечных паводзін, прафарыентацыйную і прафілактычную работу, удасканаленне здольнасцей школьнікаў.

— Дзейнасць навучальных устаноў плануецца зыходзячы з патэнцыялу сацыякультурнай сферы пэўнага горада, а таксама задавальнення запатрабаванняў вучняў. Уся работа заснавана на міжведамасным узаемадзеянні. Да ахопу дзяцей пазаўрочнай занятасцю, акрамя непасрэдна ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, прыцягнуты ўстановы спорту, культуры, турызму, аховы здароўя, праваахоўныя і іншыя ведамствы, грамадскія аб’яднанні. Зладжаная дзейнасць усіх зацікаўленых дае адпаведны эфект. Сёння ў шосты школьны дзень карыснай занятасцю ахоплена значная колькасць школьнікаў, — адзначыла Наталля Міхайлаўна.

Нягледзячы на адзіную канцэпцыю арганізацыі шостага школьнага дня, у кожнай навучальнай установе вобласці ў гэтым плане ёсць свае адметнасці. Педагогі стараюцца зрабіць выхаваўчыя мерапрыемствы максімальна разнастайнымі, сапраўды захапіць дзяцей. І ў іх гэта атрымліваецца. Вучні з задавальненнем ідуць у суботу ў школу. А ўсё таму, што для кожнага з дзяцей у навучальных установах знойдзецца занятак па душы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.