Занятасць, экспарт, інвестыцыі — нашы стратэгічныя мэты

Дэпутаты мясцовых саветаў адзначаюць пазітыўныя змены ў жыцці грамадзян і стабільнасць у грамадстве. Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч 2 кастрычніка ў час адкрыцця 10-й сесіі Савета Рэспублікі.

“На думку членаў Савета Рэспублікі, выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць у поўнай адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам і агульнапрынятымі дэмакратычнымі прынцыпамі. Дэпутаты мясцовых саветаў і простыя людзі выказваюць задаволенасць ходам рэалізацыі сацыяльна-эканамічнага і палітычнага курсу, які паслядоўна і сістэмна праводзіцца ў нашай краіне, адзначаючы пры гэтым вялікія пазітыўныя змены ў жыцці нашых грамадзян і стабільнасць у грамадстве”, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. Ён адзначыў, што дэпутаты павінны зрабіць усё магчымае для правядзення выбарчай кампаніі на належным узроўні.
Міхаіл Мясніковіч таксама канстатаваў, што дзяржаўныя мясцовыя органы і дэпутаты сталі больш удзяляць увагі маладзёжнай палітыцы.
“У нас у краіне на даволі высокім узроўні знаходзіцца падрыхтоўка кваліфікаваных рабочых кадраў, што вельмі важна для мадэрнізаванай эканомікі”, — адзначыў кіраўнік Савета Рэспублікі. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што трэба дапамагаць маладым рабочым адаптавацца да ўмоў на рабочых месцах, каб характар іх працы даваў магчымасць атрымліваць дастойную зарплату, быць адносна самастойнымі ў рабоце. Паводле яго слоў, гэтая задача павінна пастаянна быць у полі зроку дэпутатаў усіх узроўняў і саветаў па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі.
“Занятасць, экспарт, інвестыцыі — нашы стратэгічныя мэты. Для актывізацыі інвестыцыйных працэсаў, прадпрымальніцтва, забеспячэння занятасці грамадзян, нарошчвання экспартнага патэнцыялу і вырашэння іншых актуальных пытанняў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Савета Рэспублікі створаны і актывізавалі сваю дзейнасць рабочыя дэпутацкія групы. Сёння дзейнічае 327 такіх груп”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.