Заняткі для душы і здароўя

- 9:10Дадатковая адукацыя

Весці здаровы лад жыцця заўсёды модна. Педагогі па фізічнай культуры і спорце, трэнеры розных напрамкаў, канечне, такому ходу падзей рады і гатовы падзяліцца сваімі ведамі з жадаючымі. Цудоўнай падставай для падобнай “размовы” стала Рэспубліканскае спартыўна-комплекснае мерапрыемства “Тыдзень спорту і здароўя”, што прайшло з 7 па 12 верасня.

У цэнтры — Юрый Жукоўскі.

Даступная гульня

На тыдні праходзілі сустрэчы, урокі, віктарыны, фізкультурна-спартыўныя мерапрыемствы і шмат іншых відаў актыўнасцей. Многія ўстановы адукацыі вырашылі правесці майстар-класы з педагогамі. Аказваецца, сярод іх нямала прызёраў чэмпіянатаў Еўропы, свету, удзельнікаў Алімпійскіх гульняў.

У фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі Маладзечанскага раёна вырашылі пазнаёміць школьнікаў з гульнёй “Гарадкі”. Чаму б і не, калі Маладзечна лічыцца сталіцай гарадошнага спорту Беларусі і ў цэнтры працуе чэмпіён свету сярод жанчын. Ларыса Мечыславаўна Казлова — унікальны чалавек. Чэмпіёнка Беларусі па зімнім мнагаборcтве, педагог па стральбе неяк пачула прапанову ад намесніка па спорце Беларускай федэрацыі гарадошнага спорту педагога дадатковай адукацыі сярэдняй школы № 2 Маладзечна Аляксандра Кулака паспрабаваць сябе ў гарадках. “Я прыйшла і сыходзіць адсюль не хочацца. Вельмі захапляючая гульня, у якую па магчымасці стараюся прыцягнуць сваіх сяброў і выхаванцаў”, — гаворыць Ларыса Казлова. У 2014 годзе яна паехала на чэмпіянат свету ў Маскве проста спартсменкай, а вярнулася пераможцай.

На майстар-клас Ларыса Мечыславаўна і Аляксандр Антонавіч запрасілі дзяцей з розных школ, разбілі іх па камандах, якія гулялі адна супраць адной на розных пляцоўках. Мэта — выбіць як мага больш гарадкоў. Гэта быў спрошчаны дзіцячы варыянт, бо на сур’ёзных спаборніцтвах ёсць 15 фігур, якія трэба выбіць як мага меншай колькасцю біт. Дзеці вельмі бурна рэагавалі, падтрымлівалі адно аднаго. У канцы нават зладзілі чаяванне.

“Цікавасць да гарадошнага спорту ёсць, але ёсць і праблема, якая перашкаджае нам яшчэ больш раскрыцца: гарадкі не ўваходзяць у розныя спартакіяды. Гэта даступная гульня, дзе на роўных могуць змагацца мама, тата і дзіця. Калі б яе ўключалі ў розныя спаборніцтвы як паказальны від спорту, думаю, было б больш ахвочых займацца”, — лічыць Аляксандр Кулак.

Сустрэча са Святланай Судак.

Да Алімпіяды

Сваёй гісторыяй спартыўнай кар’еры са студэнтамі Гро­дзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта па­дзялілася выкладчыца кафедры фізічнага выхавання і спорту, а таксама трохразовая ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Святлана Фёдараўна Судак. “У спорт я прыйшла ў школьныя гады, але тады займалася проста лёгкай атлетыкай, кіданнем молата зацікавілася ў 19 гадоў. Гэта быў малады від спорту ў Беларусі, афіцыйна для жанчын яго уключылі ў Алімпійскія гульні толькі ў 2000 го­дзе. На тую Алімпіяду ад краіны паехала каманда з трох чалавек: Людміла Губкіна (6-е месца), я (10-е месца) і Вольга Цандзер (не выканала кваліфікацыю). Мне было 29 гадоў, але я і да гэтага выступала на буйных спаборніцтвах. У 1997 годзе на сусветнай універсія­дзе заняла 5-е месца, у 1998 годзе — 9-е месца на чэмпіянаце Еўропы, у 1999 годзе — 9-е месца на чэмпіянаце свету. У 90-х яшчэ не фіксаваліся нацыянальныя рэкорды, а шкада. У нас тады была такая канкурэнцыя, што як толькі пачынаюцца нейкія спаборніцтвы, заўсёды хто-небудзь з жанчын устанаўліваў рэкорд рэспублікі. У 1993 годзе на рэспубліканскай універсіядзе я ўстанавіла сусветнае дасягненне. Чаму сусветнае дасягненне, а не сусветны рэкорд, таму што ў нас тады не было допінг-кантролю, а ўсе сусветныя рэкорды фіксуюцца толькі з ім”, — расказвае Святлана Судак. У 2004 го­дзе спартсменка выступала на Алімпійскіх гульнях у Афінах, у 2008 годзе — у Пекіне.

На майстар-класе Святлана Фёдараўна расказала, што сабой увогуле ўяўляе кіданне молата (бо некаторыя думаюць, што гэта цяжкая атлетыка), наколькі моцная кідальная школа ў Беларусі, як можна адабрацца на Алімпіяду, як праходзіць атрыманне Алімпійскай ліцэнзіі, што такое кваліфікацыя, асноўныя спаборніцтвы, фінал. Для медыкаў было карысна паслухаць і пра допінг-кантроль: што гэта такое, як ён праходзіць, на што можа паўплываць.

Вызначыцца з відам спорту

10 верасня студэнтаў Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта чакала сустрэча з педагогам кафедры фізічнага выхавання і спорту трэнерам па тайландскім боксе Юрыем Жукоўскім. Ён расказаў пра муай-тай, якую карысць прынясуць заняткі, пра спартыўныя пляцоўкі ўніверсі­тэта, гісторыі з жыцця. Жадаючых запрашалі і паглядзець, як праходзяць трэніроўкі. Юрый Мікалаевіч спадзяецца, што, дзякуючы падобным сустрэчам, студэнтам будзе прасцей вызначыцца, якім спортам яны хо­чуць заняцца падчас вучобы. Адбор у яго секцыю просты — прынесці медыцынскую даведку, дзе напісана, што ён ці яна дапушчаны да трэніровак. “Ведаю па сабе, што такое, калі ў цябе няма даных, але, дзякуючы працы, я дабіўся вынікаў. У кагосьці гісторыя можа паўтарыцца, а хтосьці бу­дзе займацца тайландскім боксам проста для асалоды”.

Сам Юрый Мікалаевіч пачаў спартыўны шлях у 10 гадоў. Прыйшоў у секцыю па каратэ, займаўся 2 гады, але не атрымалася. “Мая стрыечная сястра была вельмі сур’ёзнай спартсменкай, займалася з дзяцінства біятлонам, яна мяне заўсёды падцягвала за сабой на трэніроўкі, клікала бегаць кросы. Дзякуючы гэтай падрыхтоўцы, мой прыход у тайландскі бокс у 15 гадоў не стаў надта цяжкім. Я быў даволі добра развіты фізічна, трэнерам заставалася толькі даць мне тэхніку”, — расказвае педагог. У 17 гадоў Юрый узяў чэмпіёнскі тытул краіны сярод юніёраў. Трапіў у зборную, стаў яе першым нумарам і пачаў прыносіць медалі. На сваім першым чэмпіянаце свету ў Тайландзе стаў трэцім, на першым чэмпіянаце свету па кікбоксінгу — другім. Самыя важныя спаборніцтвы асабіста для Юрыя Жукоўскага — чэмпіянат свету сярод аматараў па кікбоксінгу ў 2011 годзе ў Македоніі. Тады ў беларускай зборнай быў толькі адзін залаты медаль, і гэта быў яго залаты медаль. Прычым спартсмен паехаў нечакана: галоўны трэнер зборнай у апошні момант памяняў у білеце сваё прозвішча на Жукоўскі, паверыў у Юрыя і не прагадаў.

Майстар-клас па ёзе.

Душэўная раўнавага

“Традыцыйныя ўрокі фізічнай культуры і здароўя ў наш час павінны праводзіцца з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, каб моладзі падабалася, — лічыць Ганна Масляк, педагог Пінскага каледжа Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. —

У мяне займаюцца толькі дзяўчаты, стараюся іх знаёміць з сучаснымі тэндэнцыямі ў галіне фітнесу, ёгі, напрамкаў фітбол-аэробіка, стэп-аэробіка, шэйпінг, стрэтчынг і інш. Плануем яшчэ праводзіць заняткі з батутамі, стараемся ісці ў нагу з часам”.

Ёга стала галоўным акцэнтам майстар-класа Ганны Валер’еўны, які прайшоў 7 верасня. Гэта лепшы варыянт фізічнай актыўнасці для першага ўрока. Практыкаванні былі адаптаваны для мола­дзі, дзяўчат 16—20 гадоў. Заняткі ёгай хацелі правесці на вуліцы, было б больш атмасферна, але дождж не дазволіў, прыйшлося размясціцца ў спартыўнай зале. “Некаторым дзяўчатам былі знаёмыя гэтыя практыкаванні, але яны не ведалі, што яны называюцца ёгай. Мы займаліся пад адпаведную медытатыўную музыку, рабілі асаны “поза сабакі”, “поза змяі”, “поза дзіцяці”, “поза моста” і інш. Усе яны выконваліся ў адпаведнасці з дыхальнай гімнастыкай. Атрымалася такая сувязь, якая спрыяла фізічнаму і духоўнаму развіццю. Зараз многім не хапае часу падумаць пра сябе, пра жыццё, прыйсці ў больш медытатыўны стан. Пасля гэтых заняткаў дзяўчаты былі не ўзбуджаныя, як, напрыклад, пасля спартландыі, а, наадварот, задумлівыя. Усе ў адзін голас гаварылі, што ім спадабалася. Таму што гэта было не хутка, не дынамічна, а спакойна. Не трэба было ні за кім гнацца. Здароўе не ўсім дазваляе быць вельмі актыўнымі, але пасіўнай нагрузкі хочацца многім”, — дзеліцца Ганна Масляк.

Педагог зацікавілася ёгай дзякуючы нараджэнню дзіцяці. Вялікая нагрузка прывяла да стану, калі спіна і рукі проста адвальваліся, таму Ганна Валер’еўна шукала такія віды практыкаванняў, якія дазволілі б расслабіцца і расслабіць мышцы. Ёга стала ідэальным варыянтам, яна дапамагае расцягнуць мышцы, ­зняць стомленасць, умацаваць спіну, некаторыя асаны нават дазваляюць пазбавіцца болевых сіндромаў. І, вядома, любыя фізічныя практыкаванні знімаюць стрэс.

“Абсалютна кожны чалавек можа займацца ёгай, бо ў ёй няма моцнай дынамічнай нагрузкі, — лічыць Ганна Валер’еўна. — Асноўная мэта ёгі — удасканальваць дух чалавека, яго асобу, знайсці гармонію паміж фізічнай прыгажосцю і духоўнай”.


Тыдзень спорту і здароўя скончыўся, але займацца сабой трэба не ў пэўныя даты, а пастаянна. Галоўнае — атрымліваць асалоду ад працэсу.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва герояў матэрыялу.