Запал студэнцкага “Праметэя”

- 15:10Культура

У Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце чацвёрты дзясятак жыве народны тэатр “Праметэй”, які прайшоў няпросты шлях станаўлення з узлётамі і падзеннямі, няўдачамі і перамогамі, а часам нават яго ўдзельнікі хацелі скласці рукі і перастаць змагацца за сваё існаванне — усё як у чалавечым жыцці. Але тэатр змог пераадолець усе выпрабаванні, каб зноў і зноў новыя пакаленні студэнтаў натхняць, раскрываць іх таленты і дапамагаць гарэць на сцэне.

Сучасныя ўдзельнікі тэатра.

Захаванне тэатральнай гісторыі

Датай узнікнення самадзейнага студэнцкага тэатра “Праметэй”, які першапачаткова называўся агіттэатрам, лічыцца 13 лістапада 1984 года. Праз пяць месяцаў калектыў на чале з рэжысёрам Марленам Шаіным прадставіў першую канцэртную праграму “Людзі, будзьце пільнымі!”, прысвечаную ХІІ Сусветнаму фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. А ўжо 21 сту­дзеня 1986 года тэатр атрымаў званне народнага. Летам 1987 года “Праметэй” месяц гастраляваў на усесаюзных ударных будоўлях Усходне-Сібірскага рэгіёна. А восенню творчая скарбонка тэатра папоўнілася такой значнай узнагародай, як дыплом лаўрэата ІІ Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, прысвечанага 70-годдзю Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. На наступны год агіттэатр быў на гастролях на новабудоўлях Томскай вобласці. А ў маі 1991 года “Праметэй” стаў дыпламантам І Рэспуб­ліканскага фестывалю “Беларуская студэнцкая вясна”.

Праз тры гады ў тэатра з’явіўся новы кіраўнік — Святлана Быкава, разам з якой у 1996 годзе “Праметэй” пацвердзіў сваё званне, прадставіўшы экспертнай камісіі спектакль “Кармэн”. Пра ўсё гэта і многае іншае мне расказала захавальніца тэатральнай гісторыі — загадчыца Музея гісторыі БДАТУ Алена Кружалава. Дарэчы, музей старэйшы за тэатр усяго толькі на 5 гадоў, яго фонды складаюць каля 3 тысяч адзінак. У двух дэманстрацыйных залах музея плошчай 107 кв.м у вітрынах, стэндах, на спецыяльных стойках прадстаўлены экспанаты, якія сведчаць пра асноўныя этапы ўніверсітэцкага жыцця, ёсць свой куточак і ў “Праметэя”.

“Наш музей — любімае месца выпускнікоў розных гадоў, і калі яны прыхо­дзяць, то кожны раз пераглядаюць свае фатаграфіі, што захоўваюцца тут, і ўспамінаюць свае шчаслівыя студэнцкія гады, якія правялі ў сценах нашага ўніверсітэта, — расказала Алена Андрэеўна. — У лютым 2019 года ва ўніверсітэце сабраліся і былыя ўдзельнікі “Праметэя” — выпускнікі БДАТУ 1989—1991 гадоў. Падняўшыся на сваю родную сцэну, усе зноў пераўвасобіліся ў артыстаў: гучалі песні пад гітару, вершы, урыўкі з выступленняў агітбрыгады тых гадоў, імправізацыі, сцэнкі. І, вядома ж, усе яны ўспаміналі першага кіраўніка тэатра М.Шаіна, які прысвяціў значную частку свайго жыцця калектыву. Вось так творчасць аб’ядноўвае людзей нават праз многія гады”.

Па словах А.Кружалавай, “Праметэй” захоўвае традыцыі многіх пакаленняў. На пачатку яго з’яўлення ў ім былі сапраўдныя энтузіясты, якія выступалі не дзеля ўзнагарод, а таму што ім было проста цікава, яны га-­

рэлі на сцэне. Нават нумары ўніверсітэцкай газеты “Сельскі інжынер” 70—80-х гадоў мінулага стагоддзя пацвярджаюць гэта, расказваючы пра іх насычанае творчае жыццё. “Аднак сённяшнім студэнтам, як мне падаецца, не хапае імпэту. І, на жаль, часта ад іх можна пачуць пытанне: “А што мне за гэта будзе?” Канечне, мы матывуем студэнтаў больш высокім рэйтынгам. Але ўсё ж такі не дзеля рэйтынга трэба займацца добрымі справамі, а па клічы сэрца і жаданні зрабіць нешта прыемнае, карыснае сваёй краіне. І нам неабходна выхоўваць менавіта такую матывацыю”, — падзялілася сваімі разважаннямі загадчыца музея.

Але працягнем гартаць гістарычныя старонкі тэатра. У 1999 годзе “Праметэй” пачынае развівацца ў новым напрамку ра­зам з новым рэжысёрам Людмілай Чарнабрысавай: ставіцца спектакль “Два жыцці”, адраджаюцца выступленні на тэматычных вечарах універсітэта і канцэртных пляцоўках Першамайскага раёна сталіцы, да таго ж тэатр зноў становіцца пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў. Так, у 2003 годзе “Праметэй” атрымаў гран-пры фестывалю “Аграрная вясна” ў Горках.

Сучаснасць

Чарговы творчы віток тэатра пачынаецца з прыходам Сяргея Шпілеўскага ў 2004 го­дзе. Рэжысёр адразу гучна заявіў пра сябе, паставіўшы французскую камедыю М.Беркье-Марынье “Люба-дорага” і містэрыю ў чаканні вясны на вершы Сярэбранага веку Ad libitum. Праз чатыры гады спектакль “Свинская жизнь, или Свінячыя выбрыкі” на фестывалі “Адкрытая куліса” ў Смаленску атрымаў дзве прэміі — “За лепшую мужчынскую ролю” і “За лепшую сцэнаграфію”. А на наступны год на гэтым жа фэсце “Праметэй” быў узнагаро­джаны прэміяй “За лепшую жаночую ролю” ў пастаноўцы “Для цябе”.

На працягу ўсіх гадоў нязменнай памочніцай Сяргея Анатольевіча была яго любая жонка Людміла Яўгеньеўна, якая ў тэатры працавала педагогам па акцёрскім майстэрстве і асновах сцэнічнага маўлення. “У іх быў вельмі добры сямейна-творчы саюз. Сяргей Анатольевіч — вельмі дзейсны, вазіў калектыў па шматлікіх фестывалях, разам са студэнтамі хадзіў у паходы. А Людміла Яўгеньеўна, дарэчы, актрыса вышэйшай катэгорыі, скрупулёзна адпрацоўвала пастановачныя моманты з нашымі пачаткоўцамі”, — расказала мастацкі кіраўнік студэнцкага клуба БДАТУ Алена Валасовіч.

На жаль, у 2013 годзе з жыцця заўчасна пайшоў С.Шпілеўскі, і яго справу прыйшлося падхапіць Людміле Яўгеньеўне. І перш-наперш яна ставіць спектакль “Справа аб забітай птушцы” па п’есе “Чайка” Б.Акуніна. У наступным годзе студэнты прадставілі спектакль “Алхімія Эльзы” паводле “Алхіміка” І.Якімава. Затым былі пастаноўкі “Мядзведзь” і “Юбілей” па А.Чэхаву.

Сёлета тэатру зноў прыйшлося адстойваць сваё ганаровае званне. Для гэтага была выбрана філігранная пастаноўка “Зіма пад сталом” паводле аднайменнай сюррэалістычнай трагікамедыі Ралана Тапора, што ахоплівае цэлы спектр сур’ёзных пытанняў, якія, магчыма, тым і прывабілі рэжысёра і акцёраў. Нагадаем сюжэт. Героі п’есы выпрабоўваюць на трываласць маральныя прынцыпы адно аднаго, даймаюць любоўным запалам. Пры гэтым пачынаецца ўсё даволі празаічна: беднаму мастаку патрэбны кут. А яна гатова даць свой прытулак. Вось толькі выглядае з боку гэта не вельмі. Перакладчыца з французскай трымае мужчыну… пад сталом. І тут трэба ўдакладніць: што ёсць “Зіма пад сталом” — нявіннае сваволь­ства або сур’ёзны намер?.. Пастаноўка падкрэслівае сацыяльную няроўнасць герояў, радыкальнае адрозненне поглядаў. Ці магчыма знайсці кансэнсус там, дзе яго няма? Жанчыне варта зрабіць свой выбар, а мужчыне — забяспечыць ёй шчасце.

Экспертнай камісіяй быў адзначаны патэнцыял акцёраў, удалы выбар матэрыялу Людмілай Шпілеўскай, выказаны заўвагі і пажаданні ўдасканалення акцёрскага майстэрства і паляпшэння сцэнаграфіі спектакля.

Дарэчы, пра кіраўніка тэатра калегі гавораць як пра рэжысёра высокага ўзроўню з вялізным творчым патэнцыялам. “Людміла Яўгеньеўна — добрасумленны, адказны чалавек і таленавіты рэжысёр, які выдатна ведае сваю справу і ўсе сцэнічныя законы, прыёмы і тэхнікі. Яе крэатыўнае мысленне, новае бачанне драматычнага матэрыялу дазваляюць ажыццявіць не­звычайныя, цікавыя сцэнічныя пастаноўкі. Так, зараз “Праметэй” пачаў працаваць над спектаклем “Зацьменне, або Час — назад!” па п’есе І.Якімава. Ці атрымаецца пастаноўка — пакажа час. Бо ў лютым чарговыя выпускнікі і ўжо больш-менш сталыя акцёры “Праметэя” пакінулі сцены нашай альма-матар і разляцеліся па Беларусі. Засталося каля 10 студэнтаў 1—2 курса, а з імі яшчэ трэба працаваць і працаваць”, — паведаміла А.Валасовіч.

“Праметэеўцы” канца 80-х гадоў сустрэліся ў 2019-м.

Аб’ядноўвае творчасць

Тэатр “Праметэй” уваходзіць у склад студэнцкага клуба, асноўная мэта якога — развіццё і рэалізацыя творчых ініцыятыў моладзі, што спрыяюць фарміраванню ўсебакова развітой асобы. Алена Аляксандраўна Валасовіч акцэнтавала ўвагу, што студэнты з задавальненнем далучаюцца да розных традыцыйных мерапрыемстваў універсітэта: “Міс БДАТУ”, “Містар БДАТУ”, “Студэнцкая вясна”, “Дарогу маладым”, становяцца ­ўдзельнікамі арт-фолк групы “Вялес”, вакальнай студыі “Бельканта”, літаратурна-мастацкага аб’яднання “Першапачаткоўцы”, тэатра моды “ШармЭль”.

Напэўна, многія ўніверсітэцкія артысты, будучы школьнікамі ці абітурыентамі, толькі ў сваіх самых смелых марах маглі ўявіць сябе на сцэне. І вось ва УВА іх мара пачынае ажыццяўляцца. Бо, напрыклад, кіраўнік “Праметэя” не толькі раскрывае іх акцёрскія здольнасці, дапамагае асвоіць азы акцёрскага майстэр­ства, перамагчы скаванасць і сарамлівасць, але і пракладае шлях на сцэну. І няхай ніхто з іх не стане вялікім акцёрам, хоць усё магчыма, але набытыя якасці дапамогуць у далейшым жыцці больш смела і адкрыта заяўляць пра сябе і спраўляцца з прафесійнымі абавязкамі.

“Варта сказаць, што наш універсітэт асаблівы, бо многія студэнты прыязджа­юць з глыбінкі, самых далёкіх куткоў Беларусі. Натуральна, там з імі ніхто не займаўся творчасцю, у многіх нават вымаўленне няправільнае, і на самай справе бывае вельмі няпроста раскрыць іх таленты. Але яны маюць вялізнае жаданне стаць больш творчымі, адметнымі, упэўненымі ў сабе. І многім з іх рэалізаваць гэта дапамагае менавіта рэжысёр нашага тэатра, якая ад рэпетыцыі да рэпетыцыі раскрывае іх патэнцыял і дае новыя веды. Людміла Яўгеньеўна — вельмі скрупулёзны чалавек і вельмі сціплы, а таму сёння мне прыйшлося выступаць ад імя нашага “Праметэя”, — патлумачыла Алена Валасовіч. — І калі праходзіць абарона звання, а экспертная камісія звычайна складаецца са знакамітых рэжысёраў і вядомых акцёраў, то яны адзначаюць добрыя акцёрскія даныя нашых студэнтаў. Я і сама неаднаразова назірала іх дзівоснае пераўвасабленне. У тэатр трапляюць на першы погляд зусім звычайныя юнакі і дзяўчаты, якія пасля адкрываюць для сябе чароўны тэатральны свет, пачынаюць любіць яго і жыць ім, становяцца адданымі яму, свайму “Праметэю”.

Бягуць гады, мяняюцца пакаленні студэнтаў, а “Праметэй” не здаецца і стараецца саграваць сваёй цеплынёй гледачоў. На жаль, апошні пандэмічны год крыху асту­дзіў запал маладых акцёраў, але ўсе спа­дзяюцца, што хутка становішча зменіцца і яны зноў будуць гарэць на любімай універсітэцкай сцэне.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва тэатра.