Запальваць зорачкі таленту

- 10:35Людзі адукацыі

Ірына Цеаміраўна Лазаковіч — педагог працавіты, добрасумленны, адказны. Яна не толькі крочыць у нагу з часам, але і імкнецца яго апярэджваць, прымяняць новыя эфектыўныя методыкі. Ірына Цеаміраўна кожны год запальвае зорачкі таленту гімназістаў, вучыць, падтрымлівае іх і дапамагае дасягаць высокіх вынікаў у вывучэнні французскай мовы.

Ірына Цеаміраўна — педагог у трэцім пакаленні. У свой час настаўнікамі працавалі яе бабуля і бацька. У доме было шмат кніг, часопісаў. Школа для яе — гэта і першыя дасягненні, і першыя цяжкасці, і верныя сябры. Беражліва гартаючы школьны альбом, Ірына Цеаміраўна прыгадвае, што ў школе вучыцца ёй падабалася. Пашанцавала і з настаўнікамі. На выбар будучай прафесіі станоўчы ўплыў аказала настаўніца французскай мовы школы № 3 Віцебска Ларыса Іванаўна Ізафатава.

У 1979 годзе Ірына Цеамі­раў­на скончыла Мінскі ін­сты­тут замежных моў па спецыяльнасці “Французская і нямецкая мова”. Для маладога спецыяліста першым рабочым месцам стала школа ў пасёлку Акцябрскі Віцебскай вобласці. У 1995 годзе Ірыну Цеаміраўну як перспектыўнага педагога запрасілі на работу ў гімназію № 3 Віцебска. Зараз яе педагагічны стаж складае больш за 40 гадоў. Ірына Цеаміраўна, педагог вышэйшай катэгорыі, валодае сучаснымі падыходамі ў навучанні і выхаванні. Рыхтуючыся да ўрокаў, падбірае дыферэнцыраваныя заданні з улікам узроўню падрыхтоўкі навучэнцаў.

І.Ц.Лазаковіч арганізоўвае адукацыйны працэс цікава, па­знавальна. Яе прафесійная кампетэнт­насць і добрасумленнасць, эрудыцыя і працавітасць, імкненне да ўдасканалення педагагічнага майстэр­ства дазваляюць дасягаць высокіх вынікаў на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. У 2018/2019 навучальным годзе вучні Ірыны Цеаміраўны былі пераможцамі абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове і атрымалі 4 дыпломы, а таксама фестывалю міжкультурных камунікацый, Рэспублікан­скага фестывалю франкафонных тэатраў. Неаднаразова навучэнцы настаўніцы станавіліся пераможцамі заключнага этапу алімпіяды. Так, у 2018/2019 навучальным годзе вучаніца 10 класа Настасся Косарава на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па французскай мове была ўзнагароджана дыпломам II ступені. Сёлета на раённым этапе рэспубліканскай алімпіяды гімназісты атры­малі 9 дыпломаў.

Вялікую ўвагу настаўніца ўдзяляе заняткам з навучэнцамі ў навукова-даследчым кірунку. Даследчая работа вучаніцы 9 класа Ульяны Мацвеевай на Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка” была адзначана дыпломам III ступені.

Ірына Цеаміраўна праводзіць вялікую работу сярод настаўнікаў французскай мовы Віцебскай вобласці па ўдасканаленні методыкі выкладання мовы, выступаючы перад калегамі на семінарах, пася­джэннях метадычных фарміраванняў. На працягу васьмі гадоў яна з’яўлялася кіраўніком метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежнай мовы. Майстар-класы, семінары, якія яна праводзіць для настаўнікаў французскай мовы, спрыяюць творчаму росту педагогаў, авалоданню імі тэорыяй і практыкай сучасных тэхналогій. Таксама Ірына Цеаміраўна чытае лекцыі па методыцы выкладання французскай мовы для слухачоў Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Міжнароднае супрацоўніцтва нашай гімназіі з Францыяй пачалося ў 2007 годзе з наведвання настаўнікамі французскай мовы горада Невера, пасля чаго шчырыя зносіны прадоўжыліся. Добрай традыцыяй сталі штогадовыя су­стрэчы педагогаў Беларусі і Францыі. Пры гэтым гімназія пастаянна пашырае сферу міжнароднага су­працоўніцтва, прымае ўдзел у новых культурна-адукацыйных пра­грамах і праектах, што дазваляе навучэнцам развіваць сацыякультурную і камунікатыўную кампетэнцыі, авалодваць асновамі міжнацыянальных зносін. З 2009 года ў гімназіі рэалізоўваецца міжнародны праект “Дыялог культур. Францыя — Беларусь”. Традыцыйным стала правядзенне міжнароднага вэб-моста паміж педагогамі нашай гімназіі і французскімі калегамі.

Ірына Цеаміраўна Лазаковіч прымае актыўны ўдзел у міжнародным абмене педагагічным вопытам. У гэтым навучальным годзе адбылася радасная падзея: візіт французскіх партнёраў асацыяцыі “Францыя — Расія — краіны СНД” Мішэль Пія-Бонэ і валанцёраў асацыяцыі. Трэба адзначыць, што Мішэль Пія-Бонэ — заслужаны педагог са шматгадовым стажам, лаўрэат прэміі Міністэрства адукацыі Францыі ў галіне развіццёвага навучання. З навучэнцамі гімназіі былі праведзены сустрэчы, адкрытыя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы. Пад кіраўніцтвам Ірыны Цеаміраўны вучні 8—11 класаў падрыхтавалі і правялі экскурсіі на французскай мове ў Доме-музеі Марка Шагала і ў гімназічным музеі.

З 2019 года І.Ц.Лазаковіч узна­чальвае работу раённага рэсурснага цэнтра па французскай мове, які арганізаваны на базе гімназіі. У планах — павышэнне тэарэтычнага і практычнага ўзроў­ню падрыхтоўкі навучэнцаў, пашырэнне сферы міжнароднага супрацоўніцтва, удзел у новых культурна-адукацыйных праграмах і праектах.

За высокія паказчыкі ў падрыхтоўцы навучэнцаў да ўдзелу ў алімпіядным руху і шматгадовую плённую працу Ірына Цеаміраўна была неаднаразова ўзнагароджана граматамі раённых, гарадскіх, абласных улад. У 2017 годзе педагогу была ўручана Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар гімназіі Людміла  Васільеўна Сомава адзначае: “Ірына Цеаміраўна карыстаецца заслужанай павагай сярод настаўнікаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Душэўнасць і прастата — адметныя рысы яе характару. Ірына Цеаміраўна валодае незгасальным імкненнем да новага. Урокі праводзіць на высокім прафесійным узроўні, выкарыстоўвае ў сваёй рабоце метады і прыёмы, якія садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў, фарміруе глыбокія тэарэтычныя веды, цікавасць да вывучэння французскай мовы”.

Ірына Цеаміраўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, таму што ў яе ёсць любімая сям’я, цікавая работа, перспектывы развіцця, імкненне рухацца наперад і дасягаць разам з навучэнцамі новых вышынь.

Вольга БАГАСЛОЎСКАЯ,
настаўніца геаграфіі і біялогіі гімназіі № 3 Віцебска імя А.С.Пушкіна.
Фота з архіва гімназіі.