Запас трываласці

- 12:03Адукацыйная прастора, Алімпіядны рух

Юныя фізікі Гомельшчыны заваявалі на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 13 дыпломаў. Дзесяць з іх прывезлі сямёра навучэнцаў гімназіі № 14 Гомеля. Не выпадкова зусім нядаўна калектыў атрымаў самую высокую ацэнку сваёй дзейнасці — установа адукацыі прызнана лепшай у краіне.

Пры вызначэнні пераможцы ў разлік браліся дасягненні ў алімпіядным руху як у рэспубліцы, так і на міжнароднай арэне, прафесіяналізм педагогаў, пазаўрочная занятасць навучэнцаў, перамогі ў творчых і спартыўных конкурсах, інфарматызацыя адукацыйнага працэсу. І ўсюды ў гомельскай гімназіі № 14 вельмі высокія паказчыкі.

— Мы супрацоўнічаем з ГДУ імя Францыска Скарыны — у нас знаходзяцца філіялы кафедраў некалькіх факультэтаў, — гаворыць дырэктар гімназіі № 14 Ірына Аўчыннікава. — Нашы выпускнікі часцей за ўсё паступаюць у тэхнічныя УВА. Акрамя таго, многія выбіра­юць медыцынскі профіль ці звязаны з замежнымі мовамі.

Алена Знахарэнка і Антон Талкачоў — настаўнікі фізікі, якія рыхтуюць зорных вучняў разам з выкладчыкам ГДУ імя Ф.Скарыны ­Валерыем Капшаем. Прычым Антон Талкачоў не так даўно сам быў гімназістам. Гэта ён заваяваў у Індыі ў 2015 го­дзе першы ў рэспубліцы залаты медаль на Міжнароднай алімпіядзе па фізіцы. Цяпер Антон Ігаравіч выкладае ў альма-матар.

— Дзеці разумеюць, што ён быў такім жа вучнем, як яны, — адзначае Алена Знахарэнка, — і змог дабіцца выбітных вынікаў. Сёння Антона актыўна публікуюць у навуковых часопісах, запрашаюць на стажыроўкі за мяжу.

Дырэктар гімназіі № 14 Ірына Аўчыннікава, тым не менш, не толькі фізікаў лі­чыць фаварытамі. На працягу многіх гадоў вучні паспяховыя яшчэ і ў матэматыцы, хіміі, рускай і англійскай мовах — у тым ліку на цэнтралізаваным тэсціраванні. Па выніках мінулага года ўстанову асабліва адзначыў Парк высокіх тэхналогій: матэрыяльна падтрымаў за поспехі.

Сёлета 40 гадоў, як была пабудавана сярэдняя школа № 14, якая з 2003 года стала гімназіяй. Цяпер тут вучыцца 870 дзяцей. 85% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У гімназіі працуюць два настаўнікі-метадысты: рускай мовы і літаратуры Жанна Жа­дзейка і фізічнай культуры і здароўя Канстанцін Кугат. Гэты педагог паспяхова далучае дзяцей не толькі да гульнявых відаў спорту, але і да спартыўнага арыентавання, турызму, краязнаўчай і пошукавай работы. 

Яшчэ ў скарбонцы дасягненняў гімназіі — нядаўні поспех цяпер адзінаццацікласніка Кірыла Блахі — юнак стаў пераможцам суперфіналу тэлепраекта “Я ведаю!”. Падлетак адказваў на пытанні з розных галін ведаў і ўпэўнены, што менавіта навучанне ў гімназіі № 14 дапамагло яму ­стаць эрудытам. 

У гэтым навучальным годзе выхаванцы гімназіі прывезлі тры медалі з міжнародных спаборніцтваў. Платон Віннічак — “золата”, Ілья Філатаў — “серабро” (Першая міжнародная алімпіяда па фізіцы імя Ахмада Аль-Фергані), Леанід Кузьмянкоў — “серабро” (алімпіяда па дакладных навуках, у якой трэба было паказаць веды адразу па трох прадметах: матэматыцы, фізіцы, хіміі). Дырэктар гімназіі Ірына Аўчыннікава ўзначальвае ўстанову ўжо дзевяць гадоў. У сваіх кадрах яна ўпэўнена:

— Да нас прыхо­дзяць самыя лепшыя. Тыя, хто скончыў магістратуру, хто працягвае вучыцца ў аспірантуры. Ёсць у нас запас трываласці. 

Ірыны АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.