Запавет: верыць і зберагчы

Вось яна… Яшчэ зусім юная дзяўчынка ў самым пяшчотным узросце, уся ў белым адзенні. Беззаганная, сагрэтая цёплым позіркам ссівелага святара, які стаіць за ёй і, здаецца, благаслаўляе на шлях веры, крыжа, малітвы… У вачах дзяўчынкі — вера, надзея, любоў. У руках — Біблія. А ў вуснах — слова яшчэ не прамоўленае, але ўжо адчутае…

І вось таксама яна… Маладая жанчына гадоў гэтак трыццаці. Толькі-толькі яна даведалася, што недзе далёка ў адзіноце і зганьбаванні памёр яе каханы бязвінны муж. І цяпер яна расхінула фіранкі, адчыніла акно ў сваёй роднай вясковай хаце і глядзіць адтуль нерухомым поглядам глыбокіх вачэй на ўсіх нас, на жыццё навокал… Яна ўжо ведае, што яе чакае… Першае слова малітвы вось-вось прамовіцца, і гэтым словам будзе слова “веру”, і гэтае слова пачуе Ён, і ласка Яго сыдзе на тых, хто веру страціў…

І вось таксама яна… Знясіленая смерцю мужа, але загартаваная ў веры, надзеі і любові. Прыкаваная да ложка на доўгія-доўгія гады… Нерухомая… Толькі вусны ледзь-ледзь варушацца і ціхенька шэпчуць: “Веру…” І сыходзіць ласка Яго на тых, хто веру страціў, і знаходзяць тады яны веру, і атрымліваюць надзею, і вылечваюцца праз любоў…

І вось таксама яна… Яшчэ ўчора Валянціна блажэнная, а цяпер Святая блажэнная Валянціна Мінская, заступніца зямлі мінскай, заступніца Івянца, Косак, Станькава, Рубяжэвічаў, Замасцянаў, Вішнева… Заступніца ўсякай малой радзімы… І не супыняецца плынь тых нямоглых і хворых, хто ідзе да яе магілкі ля шашы Масква — Брэст, каб знайсці веру, надзею, любоў. І трымціць тады кожная травінка, кожны лісток на кожным дрэве ўздоўж сцяжынкі, па якой ідуць да яе людзі. Быццам паўтараюць шэптам яе малітву: “Веру…”
І быццам моліцца тады за сваіх людзей іх малая радзіма: “Веру, спадзяюся, люблю… Веру: вылечуся і адраджуся…”

…Дальбог, і не памятаю за апошнія гады такога светлага і прачулага вернісажу, як той, што адбыўся 19 чэрвеня ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” з нагоды адкрыцця Міжнароднай выставы “Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі мінскай” з удзелам Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Выстава праходзіць у рамках ІІІ Міжнароднага мастацкага пленэра “Святасць зямлі беларускай”, прысвечанага памяці Святой блажэннай Валянціны Мінскай і Году малой радзімы ў Беларусі. У пленэры, ініцыіраваным прыходам царквы прападобнай Ефрасінні Полацкай у Івянцы і асабіста духоўнікам праекта — настаяцелем гэтага храма протаіерэем Віктарам Перагудавым — прынялі ўдзел 16 мастакоў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Малдовы і Украіны. З 30 мая да сярэдзіны чэрвеня яны малявалі краявіды Міншчыны, сродкі, выручаныя ад продажу іх мастацкіх твораў, пойдуць на дапамогу насельнікам Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў. Мастакі ўжо мелі сустрэчу з гэтымі дзеткамі. Яны ішлі на тую сустрэчу, натхнёныя прыкладам Святой блажэннай Валянціны Мінскай.

А на вернісажы былі духоўныя і душэўныя песнапенні, быў паказ двух дакументальных фільмаў пра блажэнную Валянціну і пленэр, былі словы…

Даведка

Святая блажэнная Валянціна Мін ская нарадзілася ў 1888 го дзе ў вёсцы Коскі ў сям’і святара, настаяцеля Свята-Нікольскага храма сяла Станькава Мінскага павета. Атрымаўшы адукацыю ў Мінскім жаночым духоўным вучылішчы, яна выйла замуж за калежскага саветніка Фёдара Васільевіча Сулкоў скага. Пасля кастрычніцкага перавароту на царкву і яе служыцеляў абрынулася хваля ганенняў. Былі арыштаваны святары, мужы сясцёр Валянціны, а ў 1931 годзе і яе муж. Усе яны загінулі пакутніцкай смерцю. Цяжкія душэўныя выпрабаванні падкасілі здароўе Валянціны, але не зламалі яе дух і веру. У пачатку 30-х гадоў у яе адняліся ногі, і да канца сваіх зямных дзён яна была прыкавана да ложка. Яна ляжала ў сваім маленечкім доміку на тапчане ў акружэнні святых ікон і свечак і ўвесь час малілася за тых, хто да яе прыходзіў. Захавалася мноства паданняў пра цуды, якія адбываліся па яе малітвах, пра яе празорлівыя адказы, якія яна з лёгкасцю давала на нявыказаныя балючыя пытанні наведвальнікаў. У 1966 годзе яе зямное жыццё скончылася. Блажэнную Валянціну пахавалі на невялікіх могілках вёскі Крысава. Роўна праз сорак гадоў, у 
2006 годзе, яна была прылічана да Сабора беларускіх святых. Цяпер абмяркоўваецца пытанне пра здабыванне яе святых мошчаў.

Былі словы Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі: “Сёння наша жыццё настолькі закручана ў нейкай мітусні, і ёсць неабходнасць падумаць пра сваё сэрца і душу, пра сэнс жыцця чалавечага. Памяць пра малую радзіму спрыяе гэтаму, яна надзвычай важная для кожнага з нас. Гледзячы на сюжэты, прадстаўленыя на сённяшняй выставе, мы разумеем, што ўсё гэта недзе бачылі, але мы не заўважалі яго, не прыглядаліся. Але ў тым і каштоўнасць гэтых твораў, што мастакі звярнулі ўвагу на непрыметнае для звычайнага штодзённага погляду, на нашу малую радзіму, пра якую мы рэдка задумваемся ў мітусні. І яна кранула іх да глыбіні душы. Гэта вельмі важна — спыніць імгненне, праславіць Бога за тое, што ён стварыў, успомніць пра саміх сябе, успомніць пра тое, што мы яшчэ не зрабілі, а калі зрабілі нешта не так, дык асэнсаваць памылкі і прынесці пакаянне, стаць на правільны шлях. Гэта адзнака чалавека разумнага… Сёння мы гаворым пра Святую блажэнную Валянціну Мінскую, а яна ж зусім нядаўна жыла, можна сказаць, яна сучасніца наша. Але яна, як і нашы далёкія продкі, імкнулася да святасці, не проста прыкласціся да святыні, а сапраўды, выбудаваць сваё жыццё на святы лад. Такі лад, які набліжае чалавека да Бога, таму што Бог — святы. Ён нас усіх заклікае імкнуцца да святасці. Такой і была Святая блажэнная Валянціна Мінская. Яна сама была страшэнна хворая, але нястомна малілася за іншых хворых людзей. У гэтым і ёсць іскрынка сапраўднага хрысціяніна — ён не пра сябе думае, а пра людзей”.

Былі словы дэпутата Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны Алены Анісім: “Ва ўсе часы на нашай зямлі былі людзі, чый дух быў асвечаны Усявышнім. Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына… Гэта людзі, якія служылі свайму народу, якія пашыралі веру сярод народа і шчодра дарылі сваю любоў. Такой жа была і Святая Валянціна, пра якую ведалі ва ўсіх куточках Беларусі, слава пра якую ішла ад чалавека да чалавека. А сёння мы бачым, як глыбокая вера, любоў і талент даюць нам высокае мастацтва. Мастацтва, якое сведчыць: Святы Дух вечны”.

Былі словы намесніка старшыні Беларускага саюза жанчын Ліліі Ананіч: “Святасць зямлі беларускай… У чым яна? Я думаю, што ў тых шматлікіх выпрабаваннях, якія выпадалі на яе лёс. Але святасць яшчэ і ў тым, што сёння наша краіна паказвае прыклад духоўнага жыцця ў вельмі складаным свеце”.

Былі словы старшыні Беларускага саюза мастакоў Рыгора Сітніцы: “Мяне вельмі ўсцешвае, што мы, беларускія мастакі, знаходзім не проста агульную мову, а агульную душэўную скіраванасць з нашым святарствам, з Беларускай Праваслаўнай Царквой, каб рабіць добрыя справы на карысць нашай Бацькаўшчыны… Тое, што гэты год названы Годам малой радзімы, гэта ж не проста шанаванне нашых хат ці нашых дрэў. Гэта найперш шанаванне духоўнага набытку нашых прашчураў. Гэта запавет зберагчы родную мову, праўдзівую гісторыю, нацыянальную культуру, нацыянальны дух… Мы памятаем пра адзін з Божых запаветаў: шануй бацькоў сваіх. Гэта ж якраз пра тое, што трэба шанаваць духоўныя набыткі людзей, якія пусцілі нас у гэты свет. Калі мы гэтыя набыткі захоўваем, значыць, мы спраўджваем тое прызначэнне, якое даў нам Бог. І каб наша Бацькаўшчына збераглася і захавалася ў вечнасці, давайце будзем нешта рабіць, каб кожны з нас за гэтую вечнасць зачапіўся…”

І былі словы малой радзімы: “Веру, спадзяюся, люблю… Веру: вылечуся і адраджуся…”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *