Запраглі Лексуса

- 16:22Нам пішуць

20 студзеня ў Іўеўскім яслях-садзе — пачатковай школе прайшоў Дзень снегу. Зімовае свята для вучняў і іх бацькоў, настаўнікаў і выхавальнікаў стала цудоўным адпачынкам у шосты школьны дзень. Кожны ўдзельнік мог актыўна і на карысць здароўю правесці вольны час.

Суботні дзень для пачаткоўцаў стаў сапраўды незвычайным і запамінальным. Напачатку дзеці вырашылі ўпрыгожыць тэрыторыю вакол установы і з задавальненнем прынялі ўдзел у конкурсе “Снежныя фігуры”. І вось побач з цэнтральным уваходам на тэрыторыю ўстановы з’явіўся новы стэнд бяспекі са снегу “Зіма выдатная, калі бяспечная!”.

Паспрабаваць свае сілы вучні змаглі ў зімовай спартландыі “Ледніковы перыяд”. Каманды спаборнічалі, выконваючы розныя заданні на хуткасць і спрытнасць. Вельмі чаканым момантам суботняга дня сталі лыжныя спаборніцтвы сярод вучняў 3—4 класаў і гульня “Футбол на снезе”. У перапынках паміж конкурсамі ўдзельнікі свята саграваліся цёплым чаем з салодкімі пачастункамі.

Усе вучні і выхаванцы ўстановы адукацыі, шматлікія жыхары нашага горада з нецярпеннем чакаюць кожнай суботы. Яны ведаюць, што толькі ў шосты школьны дзень прыедзе са свайго “гаража” прыгожы, вельмі рэдкі сёння транспарт — поні па мянушцы Лексус. А ў гэты дзень ён прыехаў запрэжаны ў сані. Дзяцей было не ўтрымаць, кожны хацеў адчуць асалоду пяшчотнага ветрыку і лёгкага марозу, таму гоман дзіцячых галасоў быў чутны па ўсім наваколлі. Вось яно, сапраўднае дзіцячае шчасце!

Традыцыйна быў падведзены вынік мерапрыемства. Усім удзельнікам зімовых забаў былі ўручаны граматы, пераможцам — дыпломы.

Настасся МІШКУРА,
настаўніца пачатковых класаў Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.