Запраграмаваныя на поспех

Дзякуючы бесперапыннай рабоце над сабой, яны могуць дазволіць сабе не марыць пра будучыню, а планаваць яе. Яны не штампаваныя выдатнікі, а перш за ўсё ўдумлівыя асобы, якія атрымліваюць асалоду ад новых ведаў і не ставяць перамогу на чарговай алімпіядзе ці конкурсе мэтай жыцця. Знаёмцеся, сёння гэта таленавітыя школьнікі, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адоранай моладзі, заўтра — высакакласныя спецыялісты. Аб’ядноўвае адно: усе яны запраграмаваны на поспех.

Кар’ера даследчыка

Навукова-даследчай дзейнасцю адзінаццацікласніца гімназіі № 1 Жодзіна Аляксандра Кахавец захапілася ў 8 класе. Настаўніца геаграфіі Ірына Мікалаеўна Пічугіна, якая мае багаты вопыт работы з адоранымі навучэнцамі, зачаравала сваім прадметам, а таксама цягай да навуковай дзейнасці.

Першая праблема, якую ўзялася вывучаць дзяўчына, была прысвечана перапрацоўцы тэтрапакаў. Даследаванне яна прадстаўляла на 24-й Міжнароднай выставе даследчых праектаў школьнікаў у Турцыі. Праект выклікаў непадробную цікавасць, а за работу над ім аўтар была ўдастоена медаля навуковага журы.

Пасля дзяўчына пачала вывучаць магчымасці і перспектывы азелянення дахаў дамоў роднага горада. Даследаванне неаднойчы прадстаўлялі на разнастайных беларускіх конкурсах, а таксама на XII Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе ў Санкт-Пецярбургу. Перспектыўны праект быў адзначаны дыпломам лаўрэата прэміі бізнес-журы, настаўніцкага журы і маладзёжнага журы.

Сапраўдны вучоны — няважна, колькі яму гадоў, — знаходзіць тэму для даследавання ўсюды — дастаткова толькі руку працягнуць. Так, у мінулым годзе ў поле зроку юнай даследчыцы трапіла звычайная расліна сумнік канадскі. Дзяўчына заўважыла яго на сваім дачным участку. Сумнік — даволі агрэсіўная расліна. Барацьба з ёй — праблема не толькі нашай краіны, але і ўсяго свету. У працэсе даследаванняў Саша задумалася: а што, калі нават пустазелле можа прыносіць карысць і яго можна выкарыстоўваць так, каб было выгадна не толькі экалагічна, але і эканамічна. Пасля правядзення некаторых доследаў аказалася, што сумнік можна выкарыстоўваць у фармацэўтыцы, а таксама ў якасці альтэрнатыўнага паліва. Дзяўчына згатавала з расліны настойку, правяла шэраг лабараторных доследаў, прааналізаваўшы рэчывы, выдзеленыя з сумніку, і прыйшла да высновы, што настойка аказвае супрацьпухліннае, супрацьзапаленчае дзеянне, добра ўплывае на крывяносную сістэму. На жаль, зараз у Беларусі не вырабляюцца прэпараты з сумніку, іншыя з падобным дзеяннем завозяцца з-за мяжы, таму Аляксандра пераконвае, што вырабіць прэпарат з мясцовай сыравіны — рэнтабельна. Што тычыцца паліўнага прыбытку, выхад энергіі з пелет (спрасаваных біяадходаў), згатаваных з сумніку, пераўзыходзіць тарфяны або з пілавіння, таму выкарыстоўваць сумнік у якасці паліва эканамічна выгадна.

З гэтай распрацоўкай дзяўчына была адабрана ў каманду, якая прадставіла Беларусь на прэстыжным міжнародным навукова-інжынерным конкурсе Intel International Science and Engineering Fair у Лос-Анжэлесе. Работа была заўважана не толькі членамі журы. “Адзін з конкурсных дзён быў адкрытым для звычайных людзей, якія прыходзілі, цікавіліся праектамі. Маё даследаванне аказалася карысным для фермераў. З адным з іх — фермерам з Канады — я доўга размаўляла, а пасля перапісвалася на тэму таго, як можна перспектыўна выкарыстоўваць сумнік як сыравіну, высылала яму свае даследаванні і вынікі. Спадзяюся, у фермера атрымалася павярнуць неперспектыўную барацьбу з пустазеллем у перспектыўнае рэчышча”, — расказвае дзяўчына.

З гэтай жа работай Саша пабывала і на Балтыйскім навукова-інжынерным конкурсе, дзе ўзяла першае месца.
Даследаванні Сашы не проста так знаходзяцца на стыку хіміі, біялогіі і экалогіі. Дзяўчына сур’ёзна захапляецца адпаведнымі школьнымі прадметамі і паступаць збіраецца ў медыцынскі ўніверсітэт. “Мае навуковыя памкненні ўжо не спыніць, — гаворыць яна. — Ёсць задумкі і напрацоўкі на будучы год, які, спадзяюся, я правяду ў сценах вышэйшай навучальнай установы. Займуся пошукам эфектыўнага супрацьракавага прэпарата, актыўныя рэчывы для якога хачу выдзеліць з расліны грачкі”.

“Мне вельмі імпануе ў Аляксандры адказнасць да справы: калі ўзялася рабіць — на паўшляху не спыніцца, нават калі нешта не будзе атрымлівацца адразу. Назіраю за ёй і разумею, што яе рост на працягу некалькіх гадоў плённай працы над даследаваннямі відавочны, — расказвае пра сваю вучаніцу І.М.Пічугіна. — Даследаваць праблему выключна ў рамках школьнай лабараторыі немагчыма, таму мы імкнёмся шукаць спецыялістаў, якія працавалі ў гэтай тэматыцы. Аляксандра вядзе з імі перапіску ці сустракаецца для абмеркавання праблемы. Але ж правесці даследаванне — гэта толькі адзін бок медаля. Дарагога каштуе добра прадставіць вынікі сваіх даследаванняў, правільна адказаць на пытанні журы і апанентаў. Апошнім часам на канферэнцыях прынята стэндавая форма прадстаўлення праектаў. Удзельнікам прыходзіцца прэзентаваць сваю работу 15—20 разоў на дзень, прытым многія з тых, хто падыходзіць і цікавіцца стэндам, — прадстаўнікі навукі і бізнесу. Яны могуць з чымсьці пагадзіцца, а з чымсьці не, выказаць свой пункт гледжання, даць слушную параду або ўступіць у палеміку. Дзякуючы набытаму за некалькі гадоў вопыту, для Сашы гэта ўжо не здаецца складаным”.

Дзяўчына прызнаецца: хвалявацца, як у 8 класе, калі “кар’ера” даследчыка пайшла ўгору, нават не атрымліваецца. “Мой галоўны талісман падчас абароны праектаў — настаўніца Ірына Мікалаеўна. Думкі пра тое, што яна верыць у мой поспех, выключаюць любую няўпэўненасць”.

Інфарматыка для прасунутых

Вучань магілёўскай гімназіі № 2 Аляксандр Кернажыцкі — адна з маладых зорак айчыннага праграмавання. Алена Іванаўна Качанава, настаўніца інфарматыкі, якая рыхтуе адзінаццацікласніка да алімпіяд і конкурсаў, без перабольшання называе хлопца вундэркіндам. І сапраўды, ужо ў пачатковых класах ён так “перарос” школьную праграму, што трапіў на заняткі да настаўнікаў-прадметнікаў, якія выкладалі ў старшай школе. “Да мяне і маіх калег звярнулася настаўніца пачатковых класаў, якая вучыла Сашу, з просьбай звярнуць увагу на адоранага хлопчыка, у якога выдатныя здольнасці да дакладных навук. Пэўны час хлопчык займаўся паглыблена па некалькіх прадметах, а пасля канчаткова спыніўся на інфарматыцы. Вельмі рана — з 4 класа — Саша пераключыўся з алімпіяд для школьнікаў сярэдняга звяна (6—8 класы) на прадметныя алімпіяды для старшакласнікаў, — расказвае настаўніца і трэнер Аляксандра па інфарматыцы Алена Іванаўна Качанава. — З 7 класа Саша стабільна прывозіў дыпломы з рэспубліканскіх алімпіяд. У 9 класе яго адабралі ў зборную Беларусі для падрыхтоўкі да Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, але ў канчатковую каманду хлопец не трапіў. У 10 класе паказаў адзін з лепшых вынікаў і прывёз сярэбраны медаль з міжнародных спаборніцтваў”.

Каб не страчваць вопыт і трымаць высокія вынікі, асабліва ў такім дынамічным прадмеце, як інфарматыка, трэба шмат практыкавацца і прымаць актыўны удзел не толькі ў рэспубліканскіх, але і ў выязных, замежных алімпіядах. Літаральна днямі хлопец з камандай вярнуўся з Маскоўскай адкрытай алімпіяды па праграмаванні. Раней ён прайшоў адбор і ўжо два гады займаецца ў зімовай камп’ютарнай школе пры Маскоўскім фізіка-тэхнічным інстытуце, заваёўвае першыя месцы на алімпіядзе МФТІ. Адна з каманд гімназіі па інфарматыцы, у якую ўваходзіць Аляксандр, прымае ўдзел у прэстыжнай адкрытай Усерасійскай каманднай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні. У гэтым годзе гімназісты вярнуліся ў Беларусь з сярэбраным медалём.

“Праграмаванне — адзінае маё хобі, — расказвае Аляксандр. — У алімпіядных задачах часта прыходзіцца прадумваць складаныя выпадкі, аналізаваць наперад. У нечым гэта падобна да гульні ў шахматы. Таму нейкі час прысвячаю развіццю лагічных здольнасцей праз заняткі шахматамі”.

У Сашы ёсць малодшы брат Антон — таксама здольны юны праграміст, алімпіяднік, удзельнік і пераможца шматлікіх камандных алімпіяд. Напрыканцы сакавіка адзінаццацікласнік Аляксандр і дзевяцікласнік Антон разам адпраўляюцца на заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы. У іх зладжаным братэрскім тандэме няма месца саперніцтву, старэйшы з ахвотай выступае ў якасці другога трэнера (у школе трэніруе Антона Алена Іванаўна Качанава) для малодшага.

“Саша з той рэдкай катэгорыі людзей, якія за што б ні ўзяліся — усё робяць на выдатна, — расказвае пра свайго вучня А.І. Качанава. — Многія грунтоўныя рэчы ён робіць лёгка і нязмушана. Напрыклад, рыхтуючыся да спаборніцтваў, мы рашалі і тэсціравалі задачы. Саша не напружваючыся, нібы паміж справамі, напісаў праграму-тэстар для алімпіядных задач па інфарматыцы. На Міжнародным конкурсе даследчых работ навучэнцаў “Гульні розуму”, які праходзіў у рамках IV Магілёўскага фестывалю навукі, яго распрацоўка атрымала дыплом І ступені”.

Ужо зараз Аляксандр складае алімпіядныя задачы для гімназістаў 6—8 класаў, праводзіць трэніроўкі для малодшых школьнікаў, якія толькі пачынаюць праграмаваць. Пра тое, што хлопец ужо далёка за плячыма пакінуў школьны ўзровень ведаў, сведчыць і тое, што на сусветна вядомай анлайн-пляцоўцы праграмістаў Codeforces (платформа для стварэння, правядзення і абмеркавання спаборніцтваў па праграмаванні) ён двойчы праводзіў алімпіядныя раўнды, самастойна распрацоўваючы задачы для іх.

“Пасля паступлення ва ўніверсітэт я планую працягнуць удзел у алімпіядзе, але ўжо як складальнік задач. Магчыма, паспрабую сябе як член алімпіяднага журы”, — дзеліцца планамі хлопец.

Праз мову да фармацэўтыкі

Праз два тыдні дзесяцікласніцу Гомельскага абласнога ліцэя Ганну Туравец чакае заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. А ў мінулым годзе дзяўчына вярнулася з Полацка, дзе праходзіў фінальны этап Рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па рускай мове і літаратуры, з дыпломам I ступені. Ганна з задавальненнем успамінае нялёгкі шлях да перамогі. У 5 класе яна яшчэ падчас вучобы ў добрушскай сярэдняй школе № 3 дайшла да абласнога этапу алімпіяды. Аднак на той момант дзяўчына яшчэ нават не задумвалася над тым, што вывучэнне мовы і алімпіядны рух захопяць яе настолькі і яна стане займацца гэтым сур’ёзна. Паступова, дзякуючы таленавітаму настаўніку Ірыне Міхайлаўне Цімашэнка, прыйшло сапраўднае захапленне прадметам і, ужо як вынік, удзел і перамогі ў прадметнай алімпіядзе. Ганна прызнаецца, што ўцягнулася ў прадмет у многім дзякуючы выкладчыку. “Калі б Ірына Міхайлаўна выкладала іншы школьны прадмет, не задумваючыся стала б займацца паглыблена і ім”, — жартуе Ганна.

“Яшчэ з 5 класа вылучалася сярод іншых мэтанакіраванасцю, сабранасцю, адказнасцю і ўменнем правільна размяркоўваць час, што немалаважна для алімпіядніка. Акрамя таго, за ўвесь час работы з ёй я не заўважыла адной непрыемнай рэчы, якая часам перашкаджае выдатнікам і алімпіяднікам, — зорнай хваробы. Калі чалавек адэкватна сябе ацэньвае, умее прыслухоўвацца да парад і заўваг, — згадзіцеся, гэта бясцэнны вучань для любога настаўніка”, — расказвае настаўніца рускай мовы і літаратуры добрушскай сярэдняй школы № 3 І.М.Цімашэнка.

Аднак Ганне пашанцавала з настаўнікамі рускай мовы двойчы: з гэтага года дзяўчына вучыцца ў Гомельскім абласным ліцэі, дзе да алімпіяды яе рыхтуе ўжо іншы выкладчык — Ірына Віктараўна Санчук. Настаўніца адзначае яшчэ адзін моцны бок алімпіядніцы: Ганна вельмі глыбокі, начытаны і эрудзіраваны чалавек. А Ганна прызнаецца, што яе больш захапляе мова, а не літаратура. Настольная кніга — слоўнік, любімы раздзел у рускай мове — словаўтварэнне. “Падчас алімпіяды атрымліваю асалоду ад тых заданняў, у якіх праходжу пэўны шлях да правільнага адказу, магу дадумацца да яго. Напрыклад, заданні па лексіцы маюць на ўвазе, што ты або дакладна ведаеш, або не ведаеш правільны адказ. Тут шмат залежыць яшчэ і ад поспеху. А вось заданні, звязаныя з сінтаксісам, са словаўтварэннем, патрабуюць і тваіх лагічных здольнасцей, паказваюць, наколькі ты гатовы да спаборніцтваў такога ўзроўню. У іх выяўляецца лінгвістычны нюх алімпіядніка. Напэўна, таму такія заданні і цэняцца на спаборніцтвах вышэй за ўсё, — расказвае алімпіядніца. — Як і ў многіх, у мяне былі пэўныя цяжкасці з жэстыкуляцыяй падчас выступленняў на адным з алімпіядных тураў — вусным выказванні. Яе практычна немагчыма кантраляваць, калі ты захоплены тэмай маналогу. Вялікі дзякуй маёй першай настаўніцы па рускай мове і літаратуры Ірыне Міхайлаўне Цімашэнка, якая прыдумала супраць гэтай праблемы своеасаблівую “прышчэпку”: у любую вольную хвіліну запрашала выступаць перад класам і іншай аўдыторыяй. Такім чынам развіваліся мае рытарычныя здольнасці, я пазбаўлялася няўпэўненасці ў сабе і боязі перад аўдыторыяй”.

“У дзяцінстве я часта праводзіла час у аптэцы, дзе бабуля працавала правізарам. Калі падрасла, пераканалася, што мой шлях ляжыць таксама ў гэтым напрамку, — дзеліцца планамі Ганна. — Навошта тады столькі імпэту ў рускай мове, спытаеце вы? Я лічу, што, нягледзячы на выбраную прафесію, уменне правільна пісаць, фармуляваць свае думкі, трымацца перад людзьмі патрэбны любому чалавеку”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.