Запрашае “Горад майстроў”

Якой павінна быць школьная субота? Абмеркаванне гэтага пытання (і нават спрэчкі) ужо не адзін год хвалююць усіх зацікаўленых у адукацыйным працэсе на самых розных узроўнях. Хачу падзяліцца, якой цікавай была апошняя студзеньская школьная субота ў нашай школе. Традыцыйна ў апошнюю суботу месяца дзяцей, бацькоў, настаўнікаў і гасцей запрашае бацькоўская талака. Гэтым разам гасцінна расчыніў дзверы “Горад майстроў”.

Падарожжа пачалося з вуліцы пад назвай “Залацістая саломка”. Тут прысутных чакала сустрэча з майстрам саламяных спраў К.С.Сіневіч, мамай вучня 1 класа. Кацярына Сяргееўна правяла майстар-клас па вырабе аловачніцы з саломкі. К.С.Сіневіч — выпускніца нашай школы, скончыла дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж у Міры, працуе ў Навагрудскім цэнтры рамёстваў і ўжо вучыць мастацкай справе свайго шасцігадовага сына. Кожны ўдзельнік майстар-класа атрымаў цудоўную аловачніцу, а яшчэ — станоўчыя эмоцыі ад сумеснай працы.

Падарожжа працягнулася па вуліцах “Кандытарская”, “Чароўныя ўзоры”, дзе майстры-кандытары і майстры вышыўкі расказалі пра свае вырабы. Майстэрства для іх не прафесія, а хобі. Вельмі парадавала, што матулі перадаюць мастацкі досвед сваім дзеткам.

Апошнім прыпынкам у “Горадзе майстроў” стала вуліца майстра забаў і вольнага часу ў сям’і “Вясёлая сямейка”. А гаспадыняй тут была шматдзетная сям’я Краскоўскіх. Тата Міхаіл і мама Валянціна — добрыя бацькі: дзяцей сваіх любяць і, вядома, праводзяць з імі шмат часу. Гэтым суботнім днём яны падзяліліся сваім майстэрствам – паказалі прысутным, як зрабіць сям’ю дружнай, жыццелюбівай і шчаслівай: прапанавалі конкурсна-забаўляльную праграму “Вясёлая сямейка”. Разам з казачным дамавічком Кузем дзеці і бацькі выдатна адпачылі разам.

Хоць “Горад майстроў” зачыніў уваходную браму, ды надоўга застануцца цудоўныя ўспаміны і асалода ад сустрэчы. Педагогі і бацькі стараліся данесці дзецям, што патрэбна паважаць кожную працу чалавека. Ад таго, як мы ставімся да сваіх абавязкаў, залежыць, ці будуць нас паважаць. На Беларусі спрадвеку паважалі працалюбівых. І як наказ прагучалі словы вядомага рускага пісьменніка, рэжысёра і акцёра Васілія Шукшына: “К желанной цели тебя приведет не столько мечта, сколько разум и труд”.

Форма школьнай суботы — бацькоўская талака — гэта форма супрацоўніцтва бацькоў і настаўнікаў у выхаванні падрастаючага пакалення. На асабістым прыкладзе бацькі вучаць дзетак станоўчым чалавечым якасцям, а дзеці, безумоўна, ганарацца сваімі бацькамі. А з каго ж яшчэ браць прыклад, калі не з самых блізкіх!

Суботняя бацькоўская талака “Горад майстроў” яшчэ раз пераканала, што, калі мы разам, у нас усё атрымаецца.

Ірына ПІКТА,
настаўніца пачатковых класаў, класны кіраўнік 1 класа
Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы
Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці