Запрашае “Кошчын дом”

- 12:06Культура

Добра знаёмая павучальная гісторыя ад Самуіла Маршака і жыццесцвярджальная, запамінальная музыка Паўла Вальдгарта, савецкая класіка і малады крэатыўны калектыў, 40 акцёраў і разнастайныя лялькі, пантаміма і маляваная анімацыя, сямейныя каштоўнасці і сяброўства — вось асноўныя складнікі новай оперы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета “Кошчын дом”, прэм’ера якой адбылася ў сярэдзіне сакавіка і выклікала шырокі глядацкі рэзананс.

“Кошчын дом” стварыла ініцыятыўная група маладых пастаноўшчыкаў у рэкордныя тэрміны: за паўтара месяца. Нягледзячы на хуткасць, пастаноўка атрымалася маляўнічай, з цудоўнай музыкай, сцэнаграфіяй, песнямі і танцамі. Для рэжысёра пастаноўкі Дар’і Пататурка гэта дэбют у Вялікім тэатры. “Падчас падрыхтоўкі мы нібы вярнуліся ў дзяцінства, што дапамагло нам прыдумаць нестандартнае рашэнне — выкарыстаць модульны канструктар, такі прывычны для сучасных дзяцей. Дзякуючы сінтэзу жанраў і культур, мноству розных персанажаў і дынамічнаму руху на сцэне, спектакль выдатна ўтрымлівае ўвагу маленькіх гледачоў, — расказала рэжысёр. — Але і дарослыя не засумуюць, бо, думаю, усім цікава з боку паглядзець на сямейныя пары: Казла і Казы, Пеўня і Курачкі. Як і ў рэальным жыцці, унутры кожнай сям’і — свае ўзаемаадносіны. Напрыклад, Казёл атрымаўся выключным падабцаснікам, а Певень — нарцысам, які ўвесь час займаецца самалюбаваннем”.

Маленькія гледачы ў оперы “Кошчын дом” адкрываюць для сябе свет лялек, а старэйшыя хлопчыкі і дзяўчынкі могуць прасачыць за класічным сюжэтам і атрымаць асалоду ад маляўнічай сцэнаграфіі. “У спектаклі мы выкарыстоўваем тры віды лялек: салісты (Кошка, Кот, Курыца, Певень, Каза, Казёл, Свіння) працуюць з вялікімі планшэтнымі лялькамі, ­удзельнікі дзіцячай студыі (кацяняты, кураняты і парасяты) — з трысцінавымі, а артысты хору (бабры, гусі, зайцы, вожыкі) — з касцюмна-механічнымі. Такім чынам, увага пераходзіць з саліста на саму ляльку, што як ускладняе працэс, так і робіць яго больш цікавым, асабліва для дзяцей”, — пераканана мастак-пастаноўшчык Кацярына Шымановіч.

Музычнае напаўненне оперы таксама атрымалася цікавым і паўнавартасным. “Мы пастараліся зрабіць музыку без электронных прыстасаванняў, каб атрымаўся сапраўдны оперны тэатр з добрым балансам”, — падкрэсліў дырыжор-пастаноўшчык Алег Лясун.

Выканаўца галоўнай ролі Кошкі салістка тэатра Алена Золава таксама пагадзілася, што музыка вельмі даступная, лагічная і добра раскрывае характары герояў. “Дзіцячы спектакль — гэта заўсёды цікава. І паколькі многія салісты тэатра з’яўляюцца бацькамі, то ў нас ёсць разуменне, як падаваць гісторыю дзецям. На першы план выходзяць лялькі, а мы як салісты павінны агучыць персанажаў, удыхнуць у іх жыццё. Каб зрабіць гэта, з дапамогай голасу трэба данесці інтанацыі, фарбы і эмоцыі, не выкарыстоўваючы ніякія жэсты. Першыя паказы даказалі, што дзеці пасля прагляду спектакля выходзяць у выдатным настроі, напоўненыя дабрынёй і шчырасцю, правільнымі і пазітыўнымі думкамі”, — дадала яна.

Другая салістка оперы Вольга Маліноўская (мама Курачка) — мнагадзетная матуля як на сцэне, так і ў жыцці. Яна звярнула ўвагу на тое, што многія бацькі сутыкаюцца з праблемай, куды зва­дзіць адразу ўсіх сваіх дзяцей розных узростаў. “Я вельмі рада, што цяпер у Вялікім тэатры з’явіўся спектакль “Кошчын дом” з рэйтынгам 0+. Доўжыцца ён нядоўга: два акты па 20 мінут, падзеленыя антрактам”, — сказала яна.

Вось так атрымалася павучальная, шчымлівая, месцамі смешная гісторыя аб прыгажуні Кошцы, якую пасля пажару прытулілі не тыя, хто называў сябе сябрам, а тыя, хто не быў прызнаны ёй, — бедныя, але добрыя пляменнікі-кацяняты. Дабрадзей­насць перамагае, а Кошка ра­зумее: галоўнае, што знаходзіцца ўнутры, — душа. А таму можна смела сказаць, што такі спектакль нікога не пакіне абыякавым, бо дарослыя гледачы змогуць на імгненне вярнуцца ў дзяцінства, а маленькія зразумеюць, як важна мець сапраўдных сяброў.

Опера “Кошчын дом” стала сапраўднай падзеяй для Вялікага тэатра, бо прайшло амаль 5 гадоў з апошняй прэм’еры дзіцячага спектакля “Доктар Айбаліт”. Мастацкі кіраўнік тэатра народны артыст СССР Валянцін Елізар’еў абвясціў, што “Кошчын дом” — гэта адзін з першых крокаў на шляху рэалізацыі іх ідэі аб развіцці дзіцячага рэпертуару, і дадаў, што ў гэтым годзе, ужо ў новым сезоне, нас чакае яшчэ адна прэм’ера — дзіцячая опера Г.Бруні “Пінокіа”. “Работа над дзіцячымі спектаклямі ідзе невыпадкова. Мы добра разумеем, што, паказваючы дзіцячы рэпертуар, мы рыхтуем юнага гледача да сур’ёзных твораў, вядзём да вяршынь сусветнай музыкі. Гэта наша ўсвядомленая пазіцыя, будзем старацца ствараць як мага больш пастановак для дзяцей”, — патлумачыў ён.

Дарэчы, наступны раз наведаць “Кошчын дом” можна 4 красавіка, 10 і 24 мая.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА.