Запрашаем у дзіцячую ІТ-акадэмію!

- 11:45Віцебшчына

На базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі з 2016 года працуе дзіцячая ІТ-акадэмія “КомпАС”. Яна была створана ў рамках рэалізацыі адукацыйнага праекта “Праграмаванне — другая пісьменнасць”, распрацаванага адміністрацыяй Парка высокіх тэхналогій разам з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аддзелам адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама разам з адміністрацыяй ПВТ быў распрацаваны таксама Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці вучняў на І і ІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Scratch”.

Дзіцячая ІТ-акадэмія “КомпАС” стала цэнтрам вывучэння праграмавання ў асяроддзі Scratch не толькі для аршанцаў. На яе базе было арганізавана навучанне для 50 педагогаў, якія з 1 верасня 2016 года пачалі работу ў школах па рэалізацыі інавацыйнага праекта. Заняткі праводзіліся вопытнымі спецыялістамі, якія раней прайшлі навучанне ў адукацыйным цэнтры ПВТ і ўжо мелі вопыт работы па выкладанні праграмавання ў Scratch. Замест экзамену настаўнікі прынялі ўдзел у конкурсе “Scratch-майстар”. У снежні 2016 года гэты конкурс упершыню прайшоў у Оршы. Ён аб’яднаў усіх педагогаў краіны, якія ўдзельнічаюць у праекце. З верасня 2016 года ў работу над праектам уключыліся яшчэ 15 школ з усіх рэгіёнаў Беларусі (каля 600 навучэнцаў і 50 педагогаў), у тым ліку 8 школ Оршы (25 педагогаў і 253 вучні). Сфарміравана сеткавая супольнасць настаўнікаў, у рамках якой яны абменьваюцца інфармацыяй, атрымліваюць кансультацыі трэнераў. Педагогі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, якія праходзяць у вочнай форме і ў анлайн-рэжыме. Настаўнікі ствараюць распрацоўкі заняткаў, карткі, праекты, якія размяшчаюць на сайце scratch.by.

Праграмаванне ў асяроддзі Scratch толькі ў Аршанскім раёне сёння вывучаюць больш за 600 дзяцей з 21 установы адукацыі. З 2016 года ў раёне актыўна развіваецца робататэхніка. Адукацыйным цэнтрам Парка высокіх тэхналогій падрыхтавана 12 трэнераў па курсе “Адукацыйная робататэхніка”. Другі год для навучэнцаў 1—9 класаў аказваюцца дадатковыя адукацыйныя паслугі па робататэхніцы: у дзіцячай ІТ-акадэміі “КомпАС” на базе ЦТТДіМ, у гімназіі № 1 Оршы, сярэдніх школах №№ 3, 12, 19, 20 Оршы, сярэдняй школе № 18 Барані.

Выхаванцы дзіцячай ІТ-акадэміі “КомпАС” і навучэнцы школ прымаюць актыўны ўдзел у алімпіядах, фестывалях і конкурсах па праграмаванні і робататэхніцы рознага ўзроўню і займаюць прызавыя месцы. На Міжнароднай Scratch-алімпіядзе па крэатыўным праграмаванні, якая праходзіла ў Мінску ў 2017 годзе, дыплом І ступені заваяваў Уладзіслаў Койда. Юнака падрыхтаваў Пётр Фёдаравіч Громаў — педагог, які працуе ў ІТ-акадэміі з навучэнцамі. Яшчэ адзін пастаянны ўдзельнік конкурсаў па Scratch-праграмаванні і робататэхніцы — вучань 4 класа Мікіта Крыўцоў. Другі год запар ён перамагае ў фінале Рэспубліканскага конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch” (з праектам “Разгром” па матывах аднайменнага мультфільма ў намінацыі “Свет мульці” і з праектам “Міньёны спяшаюцца на дапамогу” ў намінацыі “Аніміраваная задача”). 5—6 мая 2018 года ў Оршы трэці раз прайшоў фінал Рэспубліканскага конкурсу “Праграмаванне ў асяроддзі Scratch”. У аршанскіх школьнікаў у 2016 і 2017 годзе — 2 перамогі, у 2018 — 4.

Двойчы, у 2017 і 2018 гадах, у Оршы праходзіў абласны турнір па робататэхніцы “РобаФэст”, падчас якога адбыліся спаборніцтвы па робабіятлоне і робасумо. І зноў выхаванцы ІТ-акадэміі заваявалі прызавыя месцы.
15 мая 2018 года ў Оршы праходзіў фінал Віцебскай абласной алімпіяды па праграмаванні ў асяроддзі Scratch сярод навучэнцаў 5—6 класаў.

З 15 пераможцаў алімпіяды 8 — навучэнцы аршанскіх школ.

У лістападзе 2017 года ў Лядовай арэне Оршы прайшоў ІІІ форум “Інавацыйнае прадпрымальніцтва Віцебскай вобласці “Ад малога да вялікага”, у рамках якога адбылася прэзентацыя праектаў лаўрэатаў і фіналістаў Абласнога маладзёжнага конкурсу “Праекты без меж”. Фіналістамі конкурсу сталі навучэнцы ўстаноў адукацыі Оршы: гімназіі № 1, сярэдняй школы № 20 і навучэнцы ІТ-акадэміі “КомпАС”.

Вучні распрацавалі і прадставілі мадэлі робатаў, якія маюць практычнае прымяненне ў якасці памочнікаў у побыце, на вытворчасці і ў складаных прыродных умовах (робат-прыбіральшчык, робат-перавозчык, робат-сартавальнік). 17 мая 2018 года дзіцячая ІТ-акадэмія “КомпАС” прэзентавала сваю работу на выставе ў рамках VII Міжнароднага эканамічнага форуму “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы” ў Віцебску.

Адна з задач дзейнасці ІТ-акадэміі — прафарыентацыйная. Школьнікі, якія тут займаюцца, арыентаваны на паступленне ў тэхнічныя УВА на ІТ-спецыяльнасці.

Вялікім падарункам для ўсіх педагогаў і навучэнцаў, якія займаюцца праграмаваннем у асяроддзі Scratch, стала сустрэча з Мітчэлам Рэзнікам, прафесарам Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (ЗША), стваральнікам мовы праграмавання Scratch, прыезд якога ў Оршу быў арганізаваны адміністрацыяй ПВТ.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.