Запрашаем у Круговічы!

Дарога з Ганцавіч у Салігорск праходзіць праз вёску Вялікія Круговічы. “Ёсць тры прычыны, па якіх вы не можаце не наведаць Круговічы: жаданне ўбачыць сапраўдны цуд, дакрануцца да стагоддзяў, падыхаць чыстым паветрам і атрымаць асалоду ад шыкоўнай прыроды. Зацікавіліся? Тады наперад!” — такімі словамі пачынаецца відэасюжэт “Скарбніца Круговіцкай зямлі”, створаны вучнямі Круговіцкай сярэдняй школы (https://www.youtube.com/watch?v=xrZ0VeFatIE).

На працягу многіх гадоў у нашай установе адукацыі развіваецца даследчая, экалагічная і турыстычная дзейнасць вучняў. Дзякуючы намаганням мясцовага жыхара А.У.Шута і школьнікаў, мала каму вядомы 500-гадовы дуб-волат стаў турыстычнай фішкай не толькі Ганцавіччыны, але і Брэстчыны. Амаль кожны дзень прыходзяць і прыязджаюць да нашага дуба госці, каб абняць яго, набрацца сілы і энергіі, падзівіцца цуду прыроды.

Дзеці і педагогі натхнёна і мэтанакіравана працуюць над тым, каб родныя мясціны выглядалі яшчэ прыгажэйшымі. Так, бярэцца ў сілу новы парк, каля дуба і на лясных сцяжынках з’явіліся лавачкі для правядзення розных мерапрыемстваў. Вучнёўска-настаўніцкі працоўны дэсант не дае родным мясцінам прыйсці ў заняпад. Ёсць у Вялікіх Круговічах зоны клопату. Так называюць у школе найважнейшыя аб’екты гістарычнай, турыстычнай і прыроднай спадчыны, пра якія клапоцяцца вучні і педагогі.

Наша малая радзіма — астравок духоўнасці. Тут знаходзіцца Свята-Георгіеўская царква, якая з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю і помнікам архітэктуры другой паловы ХIХ стагоддзя. За гэтай шаблоннай фразай і знешняй прастатой хаваецца шмат сакрэтаў — архітэктурных, гістарычных і жыццёвых. Некаторыя з іх дапамаглі раскрыць дзевяцікласнік Аляксандр Патаповіч і загадчыца сельскай бібліятэкі Н.У.Фядосава. Даследчая работа “Гісторыя Свята-Георгіеўскага храма ў вёсцы Вялікія Круговічы” была прадстаўлена на І епархіяльнай вучнёўскай канферэнцыі “1917—2017 гады: праваслаўе ў гісторыі і культуры Беларусі — вынікі стагоддзя” ў Пінску.

Быць патрыётам — значыць, захапляцца і любіць родную прыроду. Але на словах любіць недастаткова. Нашы вучні даказваюць гэта канкрэтнымі справамі. У школе больш за 15 гадоў дзейнічае экалагічная сцяжынка. Дзеці з вялікай радасцю вітаюць гасцей у вобразах розных персанажаў. Вось Ліса расказвае пра лячэбныя дары лесу, Чарапаха дзеліцца вопытам даўгалецця, Мурашы праводзяць па сцяжынках з чырванакніжнымі раслінамі. З непрыхаваным захапленнем вучні знаёмяць з мясцовымі курганамі, жыццём лясных жыхароў і знакамітым балотцам Мшэчак, любімым месцам адпачынку дарослых і дзяцей.

Школьнікі вучацца не проста любавацца прыродай, але і думаць пра будучыню. Дзеці актыўна павялічваюць плошчу лясных угоддзяў, высаджваючы маладыя дрэўцы.

Нашу малую радзіму мы лічым самым дарагім і мілым куточкам у свеце. Кожны, хто тут нарадзіўся, вывучае спадчыну і ганарыцца ёй, цікавіцца гісторыяй роднага краю, яго культурай, традыцыямі і звычаямі, працуе на карысць людзей і з гонарам кажа: “Я — круговец!”

Калі жадаеце пабываць у Круговіцкім краі, прыязджайце! Кругоўцы заўсёды рады гасцям!

Таццяна ДУНЧЫК,
настаўніца гісторыі Круговіцкай сярэдняй школы Ганцавіцкага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *