У Першамайскім раёне Мінска два гады назад была створана “Школа пачынаючага выхавальніка” — метадычнае аб’яднанне, мэтай якога з’яўляецца аказанне дапамогі ў павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці спецыялістам, якія не маюць профільнай дашкольнай адукацыі. Аўтар ідэі — намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 522 Мінска Настасся Уладзіміраўна Хамраева. У аснове яе работы з педагогамі — цікавы і перспектыўны метад: метад коўчынгу (англ. coaching — навучанне, трэніроўка). Яна распрацавала адпаведны праект і сёлета атрымала грант Мінгарвыканкама.
Увогуле ўстанова, у якой працуе Настасся Уладзіміраўна, славіцца сваімі напрацоўкамі ў розных кірунках. Адзін з іх — падбор кадраў і прафесійная работа з імі.
Распаліць агонь аднадумства
Знаходзіць і ўтрымліваць кваліфікаваных педагогаў на працоўным месцы дашкольным установам часам бывае вельмі складана. І гэтая праблема не можа быць вырашана аднабакова, толькі праз павышэнне заробку. Наглядны прыклад таго — вопыт устаноў, дзе не існуе кадравай праблемы, дзе традыцыйна праводзіцца своеасаблівы кастынг пры падборы спецыялістаў. Менавіта такой установай і з’яўляецца яслі-сад № 522 Мінска.
“Мы ўсе ведаем, што заробкі ва ўсіх установах дашкольнай адукацыі аднолькавыя, але метады стымулявання педагогаў у кожнага кіраўніка свае, — гаворыць загадчык сада Людміла Яўгенаўна Янкоўская. — Сёння ў Мінску ёсць дзіцячыя сады, дзе па 7 — 9 свабодных вакансій выхавальнікаў. Узнікае заканамернае пытанне: чаму ў адзін дзіцячы сад ледзь не чарга выстройваецца, каб уладкавацца на работу, а ў другі педагогі не жадаюць ісці. Ёсць такі добры і знакавы выраз “зайсці на агеньчык”. Дык вось калі гарыць у душах работнікаў пэўнай установы агонь аднадумства і калектывізму, на яго цягнуцца і новыя супрацоўнікі. Гэты ўнутраны агонь сагравае кожнага педагога ў калектыве, а таксама выхаванцаў і іх бацькоў. Але ж, вядома, агонь у ачагу трэба распаліць. Пры гэтым кіраўніку ўстановы і яго намеснікам адводзіцца галоўная роля — яны павінны ўсім падаваць прыклад у рабоце. Як правіла, у паспяховых калектывах нікога не трэба прымушаць працаваць або ўдзельнічаць у спаборніцтвах і конкурсах, таму што ў педагогаў ёсць для гэтага і творчы патэнцыял, і жаданне яго рэалізоўваць. Ініцыятыва кожнага падтрымліваецца, і педагога ніколі не пакінуць сам-насам з праблемай, бо ўсе працуюць разам над вырашэннем агульнай задачы — належнага выхавання і навучання малышоў. Нават калі ў конкурсе ўдзельнічае адзін педагог — лічы, удзельнічае ўвесь калектыў, таму што кожны з супрацоўнікаў хоць нейкім чынам дапаможа калегу пры падрыхтоўцы. А перамога не з’яўляецца самамэтай, галоўнае — самаўдасканаленне, магчымасць узняцца на больш высокую прыступку прафесійнага майстэрства”.
Сфарміраваць згуртаваны калектыў — цяжкая задача, але калі ён ужо ёсць, то многія праблемы ў ім увогуле ўзнікнуць не могуць. Сёння Людміла Яўгенаўна з гонарам расказвае аб усіх сваіх супрацоўніках і адзначае, што пры прыёме на работу папярэджвае будучых спецыялістаў: сядзець на месцы ім не будзе калі, усе работнікі сада працуюць творча і з захапленнем. Але, як правіла, ніхто з новапрыйшоўшых потым не шкадуе.
Вялікую ролю ў фарміраванні рэйтынга і іміджу дашкольнай установы адыгрывае сайт. Ён, па сутнасці, з’яўляецца бясплатнай рэкламай дзіцячага сада і садзейнічае прыцягненню ў яго як будучых выхаванцаў, так і педагогаў. Людміла Яўгенаўна была здзіўлена аднойчы, калі маладыя педагогі прыйшлі ўладкоўвацца на работу ў яе дзіцячы сад менавіта таму, што ім спадабаўся сайт установы і інфармацыя, якая там была дадзена (у прыватнасці, аб умовах работы і адносінах у калектыве да маладых спецыялістаў).
Сёння ў яслях-садзе № 522 Мінска працуюць два маладыя спецыялісты, якія прыйшлі па накіраванні пасля заканчэння педагагічнага ўніверсітэта — яны атрымалі дашкольную адукацыю. Яшчэ дзве маладыя дзяўчыны ўладкаваліся самастойна — у іх педагагічная, але не дашкольная адукацыя. Калі ж падлічыць усіх пачынаючых выхавальнікаў, якія не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, то ва ўстанове іх 14 працэнтаў ад агульнай колькасці педагогаў.
“Прыйшлі да нас на работу — хто па нечай падказцы, хто выпадкова, а хтосьці мэтанакіравана, а некаторых прыцягнула магчымасць пабыць побач са сваім дзіцем у садку, — адзначае Людміла Яўгенаўна. — Незалежна ад матываў уладкавання кожнага педагога важна зацікавіць работай. Ён павінен бачыць перспектывы сваёй дзейнасці. Кагосьці, магчыма, неабходна адправіць на курсы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, іншым па сілах удзельнічаць у конкурсе педагагічнага майстэрства, і ім трэба дапамагчы падрыхтавацца да выпрабаванняў (асабліва цяжка даецца педагогам афармленне матэрыялаў пра вопыт работы). Могуць знайсціся і жадаючыя атрымаць другую адукацыю, і ім для гэтага неабходна стварыць умовы.
У нас ёсць цудоўны прыклад адносін да работы, да калег і выхаванцаў — музычны кіраўнік Алена Васільеўна Серада. Напачатку яна прыйшла ў калектыў, каб проста знаходзіцца побач са сваім дзіцем. Яна скончыла Беларускую акадэмію музыкі, выкладае ў Мінскім гарадскім ІРА. Прафесійны ўзровень дазволіў бы ёй працаваць і ў музычнай школе, і самой выступаць у музычных калектывах, але ёй настолькі падабаецца працаваць у нас, што іншага месца работы яна не шукае. Прыходзяць да нас і “навічкі” з вялікім педагагічным стажам. Нядаўна, напрыклад, уладкавалася Таісія Іванаўна Пушкарова — новы кіраўнік фізвыхавання, дасведчаны і надзвычай актыўны спецыяліст. Яна стала арганізоўваць у садзе вельмі цікавыя фізкультурныя святы, дні здароўя і спартландыі, якіх раней мы нават і не бачылі. Мы падтрымліваем яе ідэі, дапамагаем у арганізацыі і правядзенні гэтых мерапрыемстваў.
Не магу не адзначыць майго намесніка Настассю Уладзіміраўну Хамраеву — педагога, які парушыў мае прынцыпы і падыходы да падбору кадраў. Я не планавала браць да сябе ў намеснікі чалавека са свайго калектыву, але Настасся Уладзіміраўна пакарыла мяне сваёй пазітыўнасцю і працаздольнасцю (раней яна была выхавальнікам). І вось ужо некалькі гадоў яна, маладая і энергічная, працуе на пасадзе намесніка загадчыка ўстановы і дорыць свой аптымізм і свае крэатыўныя ідэі ўсяму калектыву. Нядаўна Настасся Уладзіміраўна атрымала другі грант Мінгарвыканкама за праект, прысвечаны стварэнню “Школы пачынаючага выхавальніка”. Сёння Настасся Уладзіміраўна курыруе метадычную работу не толькі ва ўстанове, але і ў Першамайскім раёне Мінска. Яе школу наведваюць 36 чалавек”.
Дасягаць мэты аптымальнымі шляхамі
З кожным годам павялічваецца колькасць педагогаў, якія прыходзяць працаваць у дашкольныя ўстановы без адпаведнай профільнай адукацыі. У Першамайскім раёне Мінска іх сёння каля 8 працэнтаў ад агульнай колькасці педагогаў. Ім вельмі складана наладжваць прафесійнае ўзаемадзеянне ў калектывах, знаходзіць спецыфічныя і творчыя падыходы да работы з дзецьмі, устанаўліваць кантакт з бацькамі. Ім не заўсёды зразумела, як наладзіць такія адносіны з дзецьмі, каб знаходзіцца не “над” імі, а быць побач, разам з імі? Як правільна арганізаваць заняткі, каб паспець ажыццявіць усё, што запланаваў? Як правільна задаваць пытанні дзецям, каб яны цябе разумелі? Як супакоіць дзіця, якое плача? І яшчэ шмат іншых пытанняў паўстае перад пачынаючымі педагогамі. У вырашэнні гэтых пытанняў маладыя спецыялісты чакаюць дапамогі ад больш вопытных калег.
“У сваёй установе, а таксама як кіраўнік раённай “Школы пачынаючага выхавальніка” я прымяняю актыўныя метады работы з педагогамі, — адзначае Настасся Уладзіміраўна Хамраева. — Вучу і заахвочваю не проста ўспрымаць гатовую інфармацыю, а выказваць свае ідэі і прапановы, самастойна прыходзіць да вырашэння праблемы. Адным з найбольш перспектыўных, цікавых і эфектыўных кірункаў работы з’яўляецца коўчынг — гэта метад кансалтынгу і трэнінгу”.
Тэрмін “коўчынг” быў уведзены ў бізнес-менеджмент у пачатку 90-х гадоў англійскім бізнесменам і кансультантам сэрам Джонам Уітмарам, і даслоўна на рускую мову яго можна перакласці як “павучаць, рыхтаваць, трэніраваць”. Але на самай справе паняцце “коўчынг” уключае ў сябе нешта большае. Гэта вучэнне, якое ўзнікла на стыку псіхалогіі, менеджменту, філасофіі, логікі і жыццёвага вопыту. Гэта працэс, накіраваны на дасягненне мэт у розных сферах жыцця. Коўчынг ад класічных кансалтынгу і трэнінгу адрозніваецца адсутнасцю парад і жорсткіх рэкамендацый. Чалавек толькі падводзіцца да высноў, якія ён робіць сам. Ад псіхалагічнага кансультавання коўчынг адрозніваецца скіраванасцю матывацыі. Дзейнасць па коўчынгу мае на ўвазе дасягненне пэўнай мэты, новыя, пазітыўныя, адпаведна сфармуляваныя вынікі ў жыцці і працы, прычым стаўка робіцца на рэалізацыю творчага патэнцыялу асобы. У прымяненні да работы педагогаў коўчынг — гэта комплекс мерапрыемстваў, умелае выкарыстанне якіх дапамагае выбудоўваць эфектыўны і пастаянны працэс перадачы вопыту, ведаў, развіцця навыкаў”.
У пачатку рэалізацыі праекта Настасся Уладзіміраўна правяла дыягностыку прафесійных ведаў і педагагічных уменняў пачынаючых выхавальнікаў. Яна таксама прааналізавала галоўныя пытанні коўчынгу: што асаблівае ў тваім жыцці, што магло б адбывацца зараз, не адбываецца? Чаму гэта для цябе важна? Якімі крытэрыямі ацэнкі ты карыстаешся? Што для цябе пры гэтым самае цяжкае? Што б ты параіў іншаму, калі б ён аказаўся на тваім месцы? Уяві сабе дыялог з самым мудрым чалавекам, якога ты ведаеш. Што ён табе падкажа? Я не ведаю, што рабіць далей. А ты? У чым ты выйграеш (прайграеш, калі зробіш (скажаш) так? Калі б так сказаў (паступіў) хтосьці іншы, што б ты адчуў (падумаў)? Якая падтрымка табе патрэбна?
Падрабязнае знаёмства з літаратурай па коўчынгу, веданне рэальных запытаў і праблем педагогаў дазволілі Настассі Уладзіміраўне вызначыць тэмы будучых семінарскіх заняткаў і кансультацый і распрацаваць іх. Напрыклад, па тэме арганізацыі гульнявой дзейнасці з выхаванцамі ў форме інтэрактыўнай гульні “Жыві на яркім баку”. Пры правядзенні гэтай гульні выхавальнікам былі прапанаваны практычныя заданні па сістэматызацыі ўяўленняў аб арганізацыі і правядзенні гульняў з дзецьмі — гульнявыя заданні “Колцы Лулія”, “Размяркуй гульні”, “Праблемныя сітуацыі” і іншыя. Педагогі выказвалі свае меркаванні, абгрунтоўвалі той ці іншы адказ.
Падчас дзелавой гульні “Што? Дзе? Калі?” па тэме планавання і арганізацыі адпачынку выхаванцаў у летні перыяд педагогам было прапанавана працаваць у кірунках фізкультурна-аздараўленчай работы, захавання санітарных норм і правіл, аптымальнай арганізацыі харчавання, загартоўвання, забеспячэння бяспечных прагулак на свежым паветры. Выхаванцы пры гэтым былі падзелены на малыя групы і каманды. Усё нагадвала сапраўдную гульню — раскручваўся ваўчок, педагогі атрымлівалі карткі з пытаннямі па тэме і апісаннем праблемных сітуацый. Праводзіліся таксама гульні “Пяць зорак”, “Адзін супраць усіх”, “Поле цудаў”.
“Метад коўчынгу накіраваны на навучанне пачынаючых выхавальнікаў дасягаць мэт аптымальнымі шляхамі і ў кароткія тэрміны. Не трэба безапеляцыйна вучыць педагогаў пэўным правілам, як ім выхоўваць дзяцей, трэба стварыць умовы для таго, каб яны самі зразумелі, як ім гэта рабіць, вызначылі спосабы, з дапамогай якіх змогуць дасягнуць сваёй мэты, намецілі асноўныя этапы яе дасягнення, — падкрэслівае Настасся Уладзіміраўна. — Падчас заняткаў выхавальнікі атрымліваюць самыя розныя заданні — намаляваць плакат і прадставіць яго як дыдактычны дапаможнік, раскруціць колцы Лулія і расказаць, напрыклад, як з іх дапамогай можна сфарміраваць навыкі здаровага ладу жыцця ў дзяцей. Або, скажам, педагогам прапаноўваюцца пластыкавыя бутэлькі, кручкі, дыскі і іншыя дробязі, з якіх неабходна зрабіць нестандартнае спартыўнае абсталяванне для работы з выхаванцамі. Пры дыягностыцы мадэлі ўзаемадзеяння выхавальніка з дзецьмі на адным з пасяджэнняў метадычнага аб’яднання пачынаючым педагогам у выглядзе вобразаў было прапанавана сем выхаваўчых сітуацый. Трэба было ацаніць кожную з іх і назваць спосабы, якімі ажыццяўляецца ўздзеянне на дзіця”.
На занятках з педагогамі актыўна выкарыстоўваюцца сучасныя тэхнічныя сродкі, у тым ліку інтэрактыўная дошка. Настасся Уладзіміраўна распрацавала мультымедыйнае суправаджэнне да кожнай гульні.
Заняткі ў “Школе пачынаючых выхавальнікаў” дапамагаюць большасці педагогаў дэманстраваць у рабоце ў сваіх установах належны ўзровень прафесійнай кампетэнтнасці. На наступных жа метадычных аб’яднаннях і падчас кансультацый у межах рэалізацыі свайго праекта Настасся Уладзіміраўна плануе разглядаць пытанні, якія тычацца арганізацыі работы з выхаванцамі ў кірунках сацыяльна-маральнага і асобаснага развіцця, а таксама маўленчага, пазнавальнага і эстэтычнага развіцця дашкольнікаў.