Запрашаем у “Вытокі”

- 18:15Выхаванне

Комплексны краязнаўчы музей “Вытокі” Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна працуе з 1990 года. Сёння толькі асноўны фонд музея налічвае больш за 800 адзінак. З іх 60 экспанатаў узяты пад ахову Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеем. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь музею прысвоены статус “народны”. Музей — гэта візітоўка нашай школы, першая прыступка да выхавання асобы, месца, дзе адлюстроўваецца частка школьнага жыцця, традыцыі, звычаі і культура рэгіёна. Мы стараемся, каб навучэнцы праз нацыянальнае ішлі да ўспрымання агульначалавечых каштоўнасцей.

Стварэнню музея папярэднічала дзейнасць гуртка “Спадчына” па адраджэнні мовы, культуры, вывучэнні жыцця і побыту вяскоўцаў у мінулым. Ладзіліся традыцыйныя вячоркі, тэатралізаваныя паказы, праводзіліся каляндарна-абрадавыя святы. У выніку сустрэч і гутарак са старажыламі збіраліся экспанаты, запісваліся творы мясцовага фальклору. З 2005 года школа абрала краязнаўчы кірунак дзейнасці. Музей папоўніўся новымі экспанатамі, цікавымі краязнаўчымі знаходкамі.

У 2007 годзе школе прысвоены статус інавацыйнай пляцоўкі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па ўкараненні аўтарскай мадэлі выхавання школьнікаў у працэсе краязнаўчай дзейнасці, цесна звязанай з работай музея. У 2011 годзе пасля рамонту музей зноў гасцінна расчыніў дзверы для наведвальнікаў. Абнавілася экспазіцыя, з’явіліся новыя раздзелы: “З гісторыі краю (археалагічны раздзел)”, “Традыцыйна-бытавая культура рэгіёна”, “Сядзібна-паркавыя комплексы былой мясцовай шляхты”, “Хата — сусвет селяніна”. У выніку паходаў, экскурсій, экспедыцый значна папоўнілася экспанатамі калекцыя музея.

Сёння музей — жывы арганізм, які расце, папаўняецца, дзейнічае. Гэта памяць народа, на аснове якой фарміруецца асоба. Тут праходзяць сустрэчы з цікавымі людзьмі, праводзяцца экскурсіі, выставы, семінары па абмене вопытам, народныя святы, канферэнцыі. Яго наведваюць навучэнцы суседніх школ, бацькі, вяскоўцы. У кнізе водгукаў пакінулі запісы госці з Германіі, Польшчы, Калінінграда, дэлегацыя настаўнікаў і вучняў горада Славінска, удзельнікі курсаў і семінараў, якія праходзілі ў школе.
Летам на базе музея прайшлі заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі, загадчыкаў музеяў абласнога інстытута развіцця адукацыі Гродзенскай вобласці па тэме “Музейная педагогіка”. Увазе ўдзельнікаў былі прадстаўлены інтэрактыўныя формы работы музея з аўдыторыяй, арганізаваны тэатралізаваныя экскурсіі, падарожжа па сядзібна-паркавых комплексах мясцовай шляхты, краязнаўцы прадставілі экспрэс-праекты па адраджэнні помнікаў гісторыі, былі наладжаны круглы стол “Повязь часоў — беларускі ручнік”, майстар-клас для маладых спецыялістаў.
Работа ў музеі мае для школьнікаў вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Значнае месца мы адводзім культурна-адукацыйнай дзейнасці: практыкуем вучэбныя экскурсіі, урокі-экскурсіі, урокі з выкарыстаннем музейных прадметаў у якасці вучэбных дапаможнікаў, віртуальныя экскурсіі. Гэта садзейнічае актывізацыі ўспрымання, таму што інфармацыя ў музеі канкрэтная і наглядная. Школьнікі працуюць у фондах музея з матэрыяламі, якія не ўключаны ў экспазіцыю, выкарыстоўваюць іх для напісання рэфератаў, дакладаў, самастойных даследаванняў. Вывучаючы кнігі, дакументы, архіўныя матэрыялы, навучэнцы адкрываюць для сябе новыя старонкі з жыцця роднага краю.

Пры нашым музеі “Вытокі” працуе навукова-даследчае аб’яднанне “Ветразь”, члены якога актыўныя ўдзельнікі і прызёры шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсаў. Па матэрыялах паходаў, экспедыцый напісана 20 навукова-даследчых работ. Толькі за мінулы навучальны год краязнаўцы прынялі ўдзел і сталі прызёрамі ў конкурсах навукова-даследчых работ на сёмай раённай навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Першыя крокі ў навуку”, на абласной краязнаўчай канферэнцыі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, у конкурсе творчых публіцыстычных работ “Бабулін куфэрак”, “Багаты той, хто ведае край свой”, дзе Ганна-Марыя Дзяшко і Кацярына Кавальчук з 9 класа занялі першае месца ў раённым адборачным туры і ўзнагароджаны граматамі абласнога Палаца творчасці. Добра абаранілі свае краязнаўча-даследчыя работы на XII Адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “Сусветы майго “я” сярод навучэнцаў каледжаў, ліцэяў, студэнтаў Гродна і вобласці юныя краязнаўцы Аліцыя Габіс, Наталля Гузевіч, Арына Суворава. У рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ “ Таямніцы малой радзімы” ў намінацыі “Легенды роднага краю” члены аб’яднання Марыя Валюк і Кацярына Чарняўская занялі першае месца, а ў намінацыі “Край прыгожых паданняў і сівой даўніны” Катажына Балінская і Вікторыя Грынкевіч сталі лаўрэатамі. Члены савета музея разам з удзельнікамі аб’яднання склалі і рэалізоўваюць праекты “Адна з дарог да Аўгустоўскага канала”, “Па цяністых алеях закінутых садова-паркавых комплексаў, “Крыжы-абярэгі — сімвалы веры, надзеі”. У раённым конкурсе праектаў “Пазнай свой край” у намінацыі “Святыні Гродзенскага краю” краязнаўцы занялі другое прызавое месца.
Свае краязнаўчыя знаходкі, адкрыцці мы стараемся папулярызаваць праз сродкі масавай інфармацыі. Цікавай формай калектыўнай работы, як мы ўпэўніліся, з’яўляецца Тыдзень музея, які традыцыйна правядзём у красавіку. У рамках тыдня сярод школьнікаў пройдуць конкурсы на лепшую краязнаўчую знаходку года, на лепшае міні-даследаванне “Аб чым расказаў музейны экспанат”, турнір экскурсаводаў, канферэнцыя навукова-даследчых работ “З крыніц жыватворных…”. У рамках тыдня займальна і цікава праходзіць конкурс на лепшы твор вуснай народнай творчасці, запісаны ад старажылаў свайго рэгіёна.
Пры музеі працуюць дзве групы экскурсаводаў. Для гасцей прапаноўваюцца экскурсіі па рэгіёне: “Трагічныя старонкі краю”, “Жыццё і побыт былой мясцовай шляхты”, “Рэлігійная культура мясцовасці”, “Мясцовыя ўмельцы”. У перспектыве — уключэнне музея ў турыстычна-краязнаўчы маршрут “Адна з дарог да Аўгустоўскага канала”.
Прысваенне музею высокага звання “народны” патрабуе ад нас яшчэ больш адказнага стаўлення да святой справы — вывучэння матэрыяльнай і духоўнай культуры народа, сваіх каранёў. Жыць без каранёў, не адчуваць пераемнасці пакаленняў, павагі да тых людзей, якія жылі да нас, да тых месцаў, дзе нарадзіліся і гадаваліся, — значыць быць безаблічным, быць пазбаўленым адказнасці.

Марыя ХРАМЛЮК,
загадчык народнага музея “Вытокі”.
Фота аўтара.