Запрашаем усіх у наш новы “дом”!

Сябры, калегі, аднадумцы! У нас прыемная доўгачаканая навіна. Загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь установа “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета” перайменавана ў рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса”. Такім чынам, з нашай любімай рэдакцыі газеты “Настаўніцкая газета” вырас цэлы дом — Дом педагагічнай прэсы.

Зараз у нашым доме пад адным дахам аб’яднана шэсць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі: газеты “Настаўніцкая газета”, “Переходный возраст”, “Раніца”, “Домой!”, часопісы “Народная асвета” і “Спорт time”. Ёсць у нас і сеткавае выданне ng-press.by, як вы, напэўна, добра ведаеце, калі браць пад увагу надзвычай багатую рэдакцыйную электронную пошту.

Да гэтага мы ішлі не адзін год. З моманту далучэння ў 2010 годзе да галоўнага педагагічнага выдання краіны ўстаноў “Рэдакцыя часопіса “Народная асвета” і “Рэдакцыя газеты “Переходный возраст” наша ўстанова фактычна развіваецца як медыяаб’яднанне, якое ажыццяўляе функцыі рэдакцыі — выдаўца СМІ падобных тэматычных напрамкаў. Больш за тое, у “Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года”, зацверджаных загадам міністра адукацыі нашай краіны № 742 ад 29.11.2017 года, адным з механізмаў рэалізацыі задач па развіцці інфармацыйна-камунікацыйнага асяроддзя адукацыйнага працэсу вызначана “аптымізацыя сістэмы нацыянальных педагагічных выданняў шляхам стварэння медыяхолдынга”. І менавіта ва ўстановы “Рэдакцыя газеты “Настаўніцкая газета”, улічваючы яе высокі арганізацыйны, кадравы і эканамічны патэнцыял, была і ёсць рэальная магчымасць стварыць медыяаб’яднанне нацыянальных педагагічных выданняў. А той факт, што мы атрымалі магчымасць аб’яднаць усе шэсць друкаваных СМІ пад адным дахам, па адрасе пр.Незалежнасці, 77 у Мінску, прадэманстраваў, што ў цяперашні час склаліся ўсе неабходныя ўмовы для канчатковага структурнага фарміравання медыяаб’яднання на базе нашай установы.

Згодна са статутам, зацверджаным загадам міністра, асноўнай мэтай дзейнасці РВУ “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” з’яўляецца рэалізацыя права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзяржаўнай палітыцы ў галіне адукацыі, культуры, фізічнага выхавання і спорту, аб дзяржаўнай маладзёжнай палітыцы, функцыянаванні і развіцці нацыянальнай сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь, гісторыі адукацыі, сацыяльна-эканамічнай, грамадска-палітычнай, культурнай, міжнароднай і іншых сферах жыццядзейнасці краіны.

Мы, журналісты першага ў айчыннай гісторыі “Выдавецкага дома “Педагагічная прэса”, пастараемся спраўдзіць усе чаканні нашых чытачоў, нават самыя смелыя. Мы плануем развівацца і далей і гаворым зараз: “Дзверы рэдакцыйна-выдавецкай установы “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” гасцінна адчынены для ўсіх”.

Запрашаем!