Запрасіла лабараторыя “Эксперыментум”

- 14:55Нам пішуць

У Субацкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе адбыўся тыдзень дакладных навук — матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, астраноміі і інфарматыкі. У ім бралі ўдзел вучні з першага па адзінаццаты класы і выхаванцы дзіцячага сада.

Пачаўся прадметны тыдзень з урачыстай лінейкі, на якую прыбылі асаблівыя госці — “царыцы-навукі” і расказалі пра свае асаблівасці. Навучэнцы 9 (каманда “Лічбаеды”) і 10 (каманда “Піфагорцы”) класаў прынялі ўдзел у матэматычным квэсце “У пошуках ісціны”. Перамогу атрымала каманда “Лічбаеды”.

Была арганізавана выстава кніг “Загадкавы твар фізікі” і інфармацыйны стэнд “Горад дакладных навук”. Для навучэнцаў 5 і 6 класаў настаўнік матэматыкі Т.А.Ігнатавец падрыхтавала і правяла гульню “Матэматычная карусель”. Дзеці з запалам выконвалі заданні, рашалі займальныя задачы, разгадвалі рэбусы, праявілі кемлівасць і эрудыцыю. Для навучэнцаў 6 і 7 класаў было паказана тэатралізаванае прадстаўленне «Хімія вакол нас», падрыхтаванае настаўнікам В.І.Макуць і навучэнцамі 8 класа.

Для самых юных удзельнікаў таксама падрыхтавалі і правялі шмат цікавых мерапрыемстваў. У першым класе адбыўся інтэлектуальны турнір “Юны матэматык” (правяла настаўнік С.А.Галабурда), а ў групе інтэграванага навучання З.В.Гядрэвіч арганізавала гульню-падарожжа “У краіну матэматыкі”.

Нямала цікавых і пазнавальных мерапрыемстваў прайшло па фізіцы і астраноміі. Навучэнцы 11 класа прынялі актыўны ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Праз церні да зорак”. Вялікую цікавасць у вучняў і настаўнікаў выклікала работа займальнай лабараторыі па фізіцы “Эксперыментум”, арганізаванай настаўнікам Я.У.Хаянам. Кожны змог “паіграць” на келіхах, дзеці “прапускалі” электрычны ток, трымаючыся за рукі, і шмат іншых эксперыментаў.

Заключным мерапрыемствам тыдня дакладных навук стала “Свая гульня” па інфарматыцы, праведзеная настаўнікам В.В.Дуброўскай для навучэнцаў 5 і 6 класаў. У гульні спаборнічалі каманда хлапчукоў “Блок сілкавання” і каманда дзяўчынак “Інфамышкі”. Дзеці разгадвалі загадкі і крыжаванкі, збіралі пазлы, расшыфроўвалі пасланне, напісанае азбукай Морзэ. Перамогу атрымала каманда “Блок сілкавання”.

Дзякуй усім, хто прыняў удзел у гэтым тыдні, хто сваім удзелам у ім сцвярджае, што сучасны чалавек не можа абысціся без ведання такіх складаных прадметаў, як матэматыка, інфарматыка, фізіка, біялогія і хімія, астраномія.

Вольга ДУБРОЎСКАЯ,
настаўнік матэматыкі
Субацкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.