Запытанне з педагога заўсёды высокае

- 10:09Якасць адукацыі

У мінулую суботу ў цэнтры Гомеля можна было назіраць шмат прыгожа апранутых мужчын і жанчын, з усмешкамі на твары, з кветкамі ў руках. Прахожыя здзіўлена пазіралі, спрабуючы прыгадаць, што ж святкуе горад. І толькі педагагічная грамадскасць добра ведала: сёння іх свята, а ў прафесійным сэнсе, бадай, самы важны дзень года, бо менавіта ў гэты дзень на жнівеньскай педагагічнай нарадзе падводзяцца вынікі дзейнасці адукацыйнай сістэмы рэгіёна і акрэсліваюцца задачы на навучальны год.
Важнасць гэтага мерапрыемства пацвярджаецца і тым, якую ўвагу ўдзяляюць яму органы мясцовай улады. Удзел у галоўным педагагічным форуме прымалі старшыня Гомельскага аблвыканкама член Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь У.А.Дворнік, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў А.Л.Барысенка, намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама У.А.Прывалаў. З боку Міністэрства адукацыі на нарадзе прысутнічаў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі У.М.Здановіч, які, дарэчы, даў даволі высокую ацэнку дзейнасці адукацыйнай сістэмы Гомельшчыны і адзначыў, што рэгіён валодае вельмі моцным педагагічным патэнцыялам, які ў поўнай меры можа служыць прыкладам на рэспубліканскім узроўні.

Аб чым сведчаць лічбы

Сёлета 1 верасня ў вобласці адчыніць дзверы 540 устаноў сярэдняй адукацыі, вучыцца ў якія прыйдуць звыш 147 тысяч вучняў, амаль 17 з паловай з іх — першакласнікі. Радуе, што колькасць навучэнцаў у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 2 тысячы.
Дзяцей чакаюць утульныя, адноўленыя школы. Каб установа адпавядала сучасным патрабаванням, штогод на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы выдзяляюцца немалыя сродкі. Сярод галін сацыяльнай сферы Гомельшчыны адукацыя займае найбольшую ўдзельную вагу. Што тычыцца падрыхтоўкі да новага навучальнага года, то ў цэлым было затрачана амаль 100 мільярдаў рублёў. Большая частка гэтых сродкаў, дарэчы, пазабюджэтныя — заробленыя самастойна і атрыманыя ад спонсараў.Утульная сучасная школа і настаўнік-прафесіянал — вось два складнікі, якія здольны ўзрасціць адукаванае пакаленне. Здаецца, у Гомельскай вобласці з гэтым праблем няма. Як адзначыў Уладзімір Здановіч, узровень адукацыі настаўнікаў тут самы высокі ў рэспубліцы, у параўнанні з іншымі абласцямі ў школах Гомельскай вобласці працуе самая вялікая колькасць настаўнікаў, якія маюць вышэйшую адукацыю. Акрамя таго, у рэгіёне пастаянна расце колькасць педагогаў з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, павышаецца ўзровень кваліфікацыі і ў выхавальнікаў дзіцячых садоў. Як вынік — дасягненні навучэнцаў. Вобласць ужо трэці год запар займае другое месца ў агульнакамандным заліку па выніках заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Больш за ўсё пераможцаў у Гомельскім і Мазырскім абласных ліцэях і Светлагорскім раёне. У гэтым годзе ў два разы павялічылася колькасць
100-бальных сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання — з 15 да 32. Высокія ўзнагароды атрымліваюць вучні і на міжнародных конкурсах і алімпіядах.
— Усё гэта сведчыць аб тым, што педагогі ўмеюць працаваць з рознымі катэгорыямі школьнікаў, у тым ліку з таленавітымі дзецьмі, і разумеюць сваю галоўную задачу — павышэнне якасці адукацыі, — падкрэсліў дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Узнагароды знаходзяць уладальнікаў

Высокая ацэнка работы педагогаў рэгіёна была падтрымана ўзнагародамі. Спецыяльнымі грашовымі прэміямі, дыпломамі, падзячнымі лістамі, іншымі прызамі ўзнагародзілі лепшых прадстаўнікоў педагагічнай грамадскасці, настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, раённыя аддзелы адукацыі, спорту і турызму.
Па асабістай ініцыятыве старшыні Гомельскага аблвыканкама штогод на жнівеньскай нарадзе работнікаў сістэмы адукацыі вобласці ўзнагароджваюцца аддзелы і ўстановы, якія паказалі добры вынік работы па прыцягненні пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў, шэфскай дапамогі на выкананне рамонтных работ гаспадарчым спосабам — сваімі сіламі. Чаму гэта так важна? Калі ёсць магчымасць выканаць пэўную работу без прыцягнення будаўнічых і іншых спецыяльных арганізацый, можна добра выйграць у плане эканоміі грошай. Гэта, у сваю чаргу, дае магчымасць патраціць кожны сэканомлены рубель на патрэбы сваёй установы. Для бюджэтных арганізацый гэта асабліва каштоўна. А калі добра папрацаваць, то можна яшчэ атрымаць добрую грашовую дапамогу ад мясцовых органаў улады. Такую, напрыклад, якую атрымалі аддзел адукацыі, спорту і турызму Савецкага раёна Гомеля — у памеры 1 млрд 700 млн рублёў, аддзелы адукацыі, спорту і турызму Лельчыцкага і Акцябрскага райвыканкамаў — у памеры 1 млрд 600 млн і 1 млрд 500 млн рублёў адпаведна. Сертыфікаты на 260 млн рублёў атрымалі з рук старшыні аблвыканкама і некаторыя ўстановы адукацыі: Ровенскаслабадская сярэдняя школа Рэчыцкага раёна, сярэдняя школа № 2 Рагачова, сярэдняя школа № 8 Гомеля, Дуравіцкая сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна і Гомельскі прафесійны ліцэй будаўнікоў. Пра апошніх варта сказаць, што ў іх не бывае, як у той прымаўцы, шавец без ботаў. Ліцэй паклапаціўся не толькі пра сябе, але і дапамог зрабіць бягучы рамонт устаноў адукацыі некаторых райцэнтраў.Прэміі Гомельскага аблвыканкама атрымалі настаўнікі А.М.Струк, А.П.Захаранка, В.В.Гузаў, Л.А.Грыцкова і дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі ГДУ імя Францыска Скарыны Г.Ю.Цюмянкоў. Заслуга гэтых педагогаў — у падрыхтоўцы пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах. Ганаровымі граматамі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў узнагароджаны дырэктар Чачэрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Л.К.Ульчанка і намеснік дырэктара сярэдняй школы № 72 Гомеля Ж.М.Бацюк. Многія ўстановы за плённую працу атрымалі дыпломы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Не забыліся і пра тыя арганізацыі і прадпрыемствы, якія аказваюць найбольшую падтрымку школам. Яны атрымалі спецыяльныя прызы за ўклад у развіццё сістэмы адукацыі рэгіёна.
Па-сапраўднаму асаблівым стаў гэты дзень для настаўніцы англійскай мовы гімназіі Добруша Г.І.Курылінай, педагога дадатковай адукацыі Рагачоўскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі В.Я.Анціпава, метадыста Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання В.У.Еўдасёвай, якіх Міністэрства адукацыі ўзнагародзіла нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі”.
Зала няспынна дарыла апладысменты тым, хто выходзіў за ўзнагародамі. Калегі такім чынам віншавалі калег. І вось публіка проста ўзарвалася, калі за ўзнагародай — Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь — выйшаў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама С.І.Парошын.

Задачы акрэслены — будзем працаваць

Вядома, жнівеньская нарада — гэта не толькі вынікі работы, гэта яшчэ і задачы, над вырашэннем якіх трэба будзе працаваць у найбліжэйшы час.
Самым прыкметным новаўвядзеннем гэтага навучальнага года дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь У.М.Здановіч назваў профільнае навучанне ў школах.
— Гэты пераход нам дастаўся вельмі няпроста, таму важна, каб органы адукацыі і кіравання на месцах, кіраўнікі школ не паўтарылі памылак мінулага, — адзначыў Уладзімір Мацвеевіч. — Не трэба гнацца за колькасцю. Профільныя класы павінны быць у школах кожнага раёна, але не ў кожнай школе, а адкрываць іх можна толькі пры наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы, кваліфікаваных педагогаў і фінансавання.
У ліку задач прадстаўнік Міністэрства адукацыі назваў таксама захаванне даступнасці дашкольнай адукацыі шляхам развіцця розных форм арганізацыі, фарміраванне аптымальных аб’ёмаў структуры рабочых і спецыялістаў з улікам патрэб эканомікі і дэмаграфіі, работу над павышэннем прывабнасці прафтэхадукацыі для моладзі, узмацненне практыка-арыентаванага навучання. Усе гэтыя задачы, па сутнасці, не новыя, а ў цэлым яны складаюць галоўную — павышэнне якасці адукацыі.Старшыня Гомельскага аблвыканкама У.А.Дворнік звярнуў увагу педагогаў на бяспеку дзяцей:
— Калі гіне дзіця — гэта не няшчасны выпадак, гэта безадказнасць, а часам і абыякавасць дарослых. Прапаноўваю ўсім суб’ектам прафілактыкі ў цесным узаемадзеянні з сям’ёй, бацькоўскім камітэтам распрацаваць стандарты бяспекі для школ, дзіцячых дашкольных устаноў, правесці іх абмеркаванне, ацаніць фінансавыя выдаткі і прыняць рашэнне. Уключыце сюды ўсё: ад агароджання тэрыторый, устаноўкі забараняльных знакаў да сістэм відэаназірання і далейшага ўкаранення праграмы “Электронная школа”.
Канкрэтныя патрабаванні да работы ў новым навучальным годзе выказаў і начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама С.І.Парошын. Найважнейшымі бачацца дзве праблемы. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі занепакоенасць выклікае высокая колькасць навучэнцаў, якія атрымліваюць у школах здавальняючыя веды: практычна кожны трэці выпускнік 9 класа ведае экзаменацыйныя прадметы не вышэй як на 3—4 балы. Таму неабходна шукаць выйсце ў прымяненні сучасных методык і тэхналогій, прапаноўваць дзецям узровень, які адпавядае іх інтэлекту і матывацыі. Шмат за якія дасягненні можна сёння пахваліць установы прафтэхадукацыі Гомельшчыны. Гэта і ўменне зарабляць грошы, і хуткае рэагаванне на патрэбы рынку працы, і дасягненні навучэнцаў. Але пакуль застаюцца недахопы ў выхаваўчай рабоце, што праяўляецца ў паказчыках злачыннасці з удзелам падлеткаў. Прычым гэтая праблема тычыцца і ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
— Неабходна прызнаць — і гэта паказаў праведзены маніторынг — слабы прафесійны ўзровень некаторых сацыяльных педагогаў і класных кіраўнікоў, — адзначыў Сяргей Іванавіч. — І тут вялізнае поле дзейнасці для метадычных службаў і Інстытута развіцця адукацыі.
Вырашэнне гэтай праблемы бачыцца і ў занятасці дзяцей. Начальнік упраўлення адукацыі звярнуў увагу педагогаў на тое, што ў пытаннях занятасці выкарыстоўваецца не ўвесь патэнцыял, а дзесьці яшчэ і фармалізм прысутнічае.
Што ж, наперадзе новы навучальны год. Работа настаўніка ніколі не была лёгкай, і кожны, хто прысвячае сябе гэтай прафесіі, добра ведае, што з яго будзе вялікае запытанне. Пажадаем нашым педагогам поспехаў, цярпення і ўдзячных вучняў у новым навучальным годзе.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.