Запыты часу: інавацыі ў навучанні і новыя рабочыя спецыяльнасці

Ва ўстановах прафесійнай адукацыі ствараюцца працоўныя рэсурсы для эканомікі краіны. Ад іх залежыць тое, хто прыйдзе на прадпрыемствы і ў арганізацыі, што работнікі будуць умець і як будуць працаваць. Працоўныя рэсурсы стратэгічна важныя, таму прафесійнай адукацыі ўдзяляецца значная ўвага. Якія найбольш актуальныя кірункі развіцця сістэмы прафадукацыі? Якія сёння запыты рынку працы і як іх задаволіць? Аб гэтым расказалі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь.

Прафадукацыя: лічбы і факты

Сістэма прафесійнай адукацыі ў Беларусі накіравана на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для эканомікі краіны. Аб актуальным стане сістэмы на прэс-канферэнцыі расказала Аляксандра Пятрова — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі. Каб намаляваць агульную карціну, спецыяліст прывяла шэраг лічбаў.

Сёння сярэднюю спецыяльную адукацыю ў Беларусі атрымліваюць каля 110 тысяч навучэнцаў у 110 установах ССА, а таксама ў 84 установах адукацыі іншых відаў, якія рэалізоўваюць пра­грамы сярэдняй спецыяльнай адукацыі (гэта, напрыклад, філіялы ўніверсітэтаў, вучэбна-педагагічныя комплексы, гімназіі-каледжы мастацтваў, вучылішчы алімпійскага рэзерву і інш.). Кантынгент навучэнцаў у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі складае каля 60 тысяч навучэнцаў. Яны вучацца ў 125 установах ПТА, а таксама ў 41 установе адукацыі іншых відаў.

Сістэма прафесійнай адукацыі прапануе вельмі шырокі дыяпазон прафесій: 105 спецыяльнасцей на ўзроўні ПТА і практычна 190 спецыяльнасцей на ўзроўні ССА. Тое самае можна сказаць і пра дыяпазон кваліфікацый. Сёння навучэнцам прапануецца надзвычай шырокі выбар — ад тэхнічных да медыцынскіх і педагагічных кваліфікацый на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А на ўзроўні ПТА дыяпазон ахоплівае больш за 300 прафесій.

Установы сістэмы прафадукацыі не толькі рэалізуюць праграмы асноўнай адукацыі, але таксама ўзаемадзейнічаюць з заказчыкамі кадраў у рамках дадатковай адукацыі дарослых у сістэме падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў і павышэння кваліфікацыі рабочых і служачых.

Гаворачы аб перспектывах развіцця сі­стэмы прафадукацыі, А.М.Пятрова акцэн­тавала ўвагу на наступных напрамках работы: пашырэнне ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, павышэнне прывабнасці рабочых прафесій і сістэмы прафадукацыі, развіццё конкурсаў прафесійнага майстэрства, папулярызацыя ідэі бесперапыннай адукацыі — атрымання рабочай прафесіі з наступным пераходам на больш высокія ўзроўні адукацыі.

Што тычыцца ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, то варта адзначыць, што ўжо зараз праводзіцца шмат мерапрыемстваў рознай формы і ўзроўню — ад сумесных калегій міністэрстваў, якія курыруюць адпаведныя віды эканамічнай дзейнасці, да непасрэднай работы ўстаноў адукацыі разам з арганізацыямі і прадпрыемствамі.

— У якасці прыкладу прывяду 1 верасня, — адзначыла Аляксандра Міка­лаеўна. — Гэты дзень для сістэмы адукацыі асабліва значны, і ўсюды ва ўрачыстых лінейках і святочных мерапрыемствах ліцэяў і каледжаў удзельнічалі заказчыкі кадраў. У многіх установах у гэты дзень першакурс­нікі наведвалі прадпрыемствы, знаёміліся з базай. Гэта дапамагае навучэнцам усвя­доміць, куды яны бу­дуць рухацца па сваім прафесійным шляху, гэта павышае іх матывацыю да атрымання прафесіі.

Атрыманне прафесіі немагчыма без доступу да тэхналогій і абсталявання, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням вытворчасці. Таму ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы — пытанне, якое застаецца актуальным заўсёды. Сёння ў краіне створаны 51 рэсурсны цэнтр ва ўстановах ПТА і ССА, каб навучэнцы маглі атрымліваць вопыт работы на высокатэхналагічным абсталяванні. Цэнтры раўнамерна размеркаваны па рэгіёнах і аснашчаны сучасным абсталяваннем. 19 з іх атрымалі інавацыйнае абсталяванне, на якім магчыма ажыццяўляць апера­джальную падрыхтоўку — гэта значыць вучыць праца­ваць з такім абсталяваннем, якое толькі пранікае на прадпрыемствы або з’явіцца ў най­бліжэйшы час. Гэта патрэбна для таго, каб навучэнцы праз 3—4 гады маглі адпавядаць па­трабаванням вытворчасці будучыні.

Немалаважная і актуальная задача сёння — абнаўленне зместу адукацыйных пра­грам у адпаведнасці з патрабаваннямі пэўных відаў эканамічнай дзейнасці. У змесце адукацыі павінны знайсці адлюстраванне тыя сучасныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца на шэрагу вядучых прадпрыемстваў краіны, а таксама міжнародныя стандарты ў галіне прафесійнай адукацыі. Доступ да міжнародных стандартаў атрыманы ў тым ліку дзякуючы далучэнню да руху WorldSkills Internаtional. WorldSkills — гэта своеасаблівая алімпіяда прафмайстэрства, у якой з 2014 года бяруць удзел і беларусы.

Зазірнуць за гарызонты развіцця

Тэму аднаўлення зместу адукацыі прадоўжыў рэктар РІПА Валерый Галубоўскі. Па даручэнні Міністэрства адукацыі менавіта РІПА займаецца абнаўленнем зместу адукацыйных стандартаў, планаў, праграм.

Абнаўленню зместу адукацыі спрыяе комплекс мер па развіцці нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, які ўключае ў тым ліку распрацоўку прафесійных стандартаў. Прафстандарты падрабязна апісваюць патрабаванні работадаўца да работніка. Лагічна, што рыхтаваць будучых работнікаў трэба ў адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі.

Валерый Мікалаевіч адзначыў, што знойдзены эфектыўны шлях узаема­дзеяння ўсіх зацікаўленых у падрыхтоўцы кадраў — гэта ўзаемадзеянне ў рамках сектаральных саветаў пры галіновых міністэрствах. Сёння іх 15, і ў іх склад уваходзяць таксама прадстаўнікі ўстаноў ПТА і ССА, РІПА. Пытанні, што абмяркоўваюцца на такіх пляцоўках, дазваляюць зазірнуць за гарызонты развіцця адпаведнай галіны эканомікі.

Распрацаваныя прафстандарты кладуцца ў аснову адукацыйных стандартаў, вучэбных планаў, праграм. У адпаведнасці з адноўленым зместам адукацыі, адбываецца аснашчэнне ўстаноў адукацыі. Гэта дазваляе, напрыклад, аснашчаць рэсурсныя цэнтры абсталяваннем апера­джальнага характару.

Валерый Мікалаевіч звярнуў увагу на тое, што актыўна развіваецца сеткавае ўзаемадзеянне ў краіне — гэта дазваляе як мага большай колькасці навучэнцаў з розных устаноў адукацыі мець доступ да інавацый, сканцэнтраваных у рэсурсных цэнтрах. Дарэчы, з гэтага навучальнага года ў рэсурсных цэнтрах таксама будуць праводзіцца практычныя заняткі і прахо­дзіць практыка студэнтаў УВА. Перад установамі вышэйшай адукацыі сёння стаіць задача павышэння якасці адукацыі і фарміравання прыкладных кваліфікацый у будучых спецыялістаў.

Інавацыйнае развіццё вытворчасці непазбежна прыводзіць да таго, што становяцца патрэбнымі спецыялісты новых прафесій. І задача сістэмы адукацыі тут — загадзя пачынаць падрыхтоўку па гэтых спецыяльнасцях, каб своечасова рыхта­ваць кадры.

В.М.Галубоўскі прывёў некалькі прыкладаў. Так, быў рэалізаваны глабальны інвестпраект у структуры Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Яшчэ на этапе будаўніцтва новых прадпрыемстваў з заказчыкамі кадраў абмяркоўвалі, якія спецыя­лісты будуць патрэбны і якія функцыі яны будуць выконваць. Зыходзячы з гэтых патрабаванняў, была распрацавана спецыяльнасць “Вытворчасць біятэхналагічнай прадукцыі”, кваліфікацыя “тэхнік-біятэхнолаг”, і па гэтай спецыяльнасці ў 2019 годзе пачалася падрыхтоўка. Праз 2 гады падчас апошняй прыёмнай кампаніі на гэтую спецыяльнасць ужо быў конкурс, што сведчыць пра тое, што яна запатрабавана.

Яшчэ прыклад. Апошнім часам актывізавалася вытворчасць электратранспарту. Усё часцей пасажыраў перавозяць электробусы, ды і электрамабілі можна нярэдка сустрэць на вуліцах гарадоў. У сувязі з гэтым быў абноўлены змест падрыхтоўкі спецыялістаў, якія займаюцца тэхнічным сэр­вісам транспартных сродкаў: у план іх падрыхтоўкі дададзены модулі па абслугоўванні і рамонце электрааўтамабіляў.

Для гарантавання кадравай бяспекі краіны неабходна павышаную ўвагу звярнуць на перанавучанне дарослых, пера­кананы В.М.Галубоўскі. Сёння ўстановы прафесійнай адукацыі выпуска­юць прыкладна 57 тысяч чалавек штогод. Выпускаць больш спецыялістаў установы адукацыі не мо­гуць — яны абмежаваны агульнай колькасцю дзяцей у краіне. Забяспечыць усе патрэбы рынку працы толькі за іх кошт немагчыма. Вялікі запыт фарміруецца не толькі калі вытвор­часць пашыраецца, але і калі мадэрнізуецца. Для інавацыйных умоў патрэбны кадры, здольныя ў гэтых умовах працаваць. І ў гэтых выпадках, каб забяспечыць вытворчасць кадрамі, варта пераразмяр­коўваць працоўныя рэсурсы — ажыццяўляць перападрыхтоўку людзей, якія ўжо працуюць на прадпрыемстве, павы­шаць іх кваліфікацыю і адпраўляць на новыя ўчасткі работы. У перападрыхтоўцы такіх работнікаў установы адукацыі павінны дапама­гаць арганізацыям.

Тэндэнцыі ў практыцы

Пра тое, як актуальныя тэндэнцыі развіцця прафесійнай адукацыі ўвасабляюцца ў рабоце канкрэтнай установы адукацыі, расказаў Валерый Сураўцаў, дырэктар Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 будаўніцтва.

— Сёння ў грамадстве ўсё яшчэ існуе стэрэатып аб непрэстыжнасці прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Многія бацькі настойліва разглядаюць толькі перспектывы навучання ва УВА. Але ж да навучання ва УВА можна прыйсці і праз прафесійна-тэхнічную адукацыю, якая з’яўляецца больш масавай, даступнай і мае шэраг пераваг, — звярнуў увагу Валерый Ге­­на­дзьевіч.

Сёння сістэма ПТА забяспечвае практыка-арыентаваную падрыхтоўку рабочых і служачых, запатрабаваных на сучасным рынку працы, рыхтуе тэхнічную эліту з добра развітымі практычнымі навыкамі працоўнай дзейнасці. А сучасны прафесійны ліцэй — гэта не проста месца, дзе атрымліваюць прафесійную адукацыю, гэта перадавая пляцоўка, якая адказвае на выклікі часу.

Зараз у ліцэі № 7 будаўніцтва вучыцца каля 500 навучэнцаў па 10 спецыяльнасцях і 20 кваліфікацыях будаўнічага профілю на дзённай форме навучання. У ліцэі шырока распаўсюджана практыка інтэграцыі некалькіх кваліфікацый: спецыялісты больш шырокага профілю цікавы работадаўцам, і выпускнікам гэта дае больш перспектыў. Інтэграцыі кваліфікацый плануюцца ў цесным кантакце з заказчыкамі кадраў. Адной з самых запатрабаваных з’яўляецца інтэграцыя кваліфікацый “электрамеханік па ліфтах” і “мантажнік электрычных пад’ёмнікаў (ліфтаў)”. Менавіта такія спецыялісты сёння патрэбны прадпрыемствам. Згодна з дзяржпраграмай па замене ліфтаў і ліфтавага абсталявання, толькі ў Мінску плануецца замяніць 1500 ліфтаў.

У 2018 годзе на базе ліцэя створаны рэсурсны цэнтр па кірунку “Тэхніка і тэхналогія” па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання машын і механізмаў”. З дапамогай сеткавага навучання сюды трапляюць навучэнцы іншых устаноў ПТА і ССА, студэнты УВА. Больш за 280 работнікаў базавых арганізацый за год прайшлі ў ліцэі перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі.

Штогод рэсурсны цэнтр папаўняецца новым вучэбным абсталяваннем. У кастрычніку запланавана набыць новыя камплекты вучэбна-лабараторных стэндаў па вывучэнні мантажу, наладкі і абслугоўвання ліфтаў, эскалатараў, травалатараў.

Ліцэй актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва. Так, у чэрвені гэтага года заключаны мемарандум аб супрацоўніцтве ўстановы і Рэспублікі Казахстан у рамках падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў і павышэння кваліфікацыі педработнікаў. У 2019 годзе падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве з рэстаўрацыйнымі каледжамі Санкт-Пецярбурга. У рамках супрацоўніцтва педработнікі і навучэнцы ліцэя штогод удзельнічаюць у конкурсе прафмай­стэрства “Рэстаўратар года” ў паўночнай сталіцы Расіі. З 2019 года работнікі ліцэя ў якасці міжнародных экспертаў у кампетэнцыі “Рэстаўрацыя дэкаратыўных штукатурак і ляпных вырабаў” бралі ўдзел у адкрытым чэмпіянаце “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia).

Ліцэй хутка рэагуе на ўсе змяненні ў рэальным сектары эканомікі і адукацыйнай прасторы, што дапамагае ўстанове выпускаць запатрабаваных спецыялістаў.

Падсумоўваючы вынікі прэс-канферэнцыі, можна адзначыць, што актуальныя запыты рынку працы сёння такія: інавацыі ў навучанні і падрыхтоўцы спецыялістаў сярэдняга звяна, новыя і запатрабаваныя рабочыя спецыяльнасці. І гэтыя запыты сі­стэма адукацыі гатова задавальняць, установы гатовы да любых задач.

Дар’я РЭВА.