Заслугоўваюць увагі і павагі

- 10:35Актуально, Апошнія запісы

Усенароднае асенняе свята — Дзень настаўніка — дае магчымасць кожнаму чалавеку спыніцца і зрабіць тое, на што ў насычаныя справамі будні не хапае часу: сказаць “дзякуй” педагогам за тое, што з іх дапамогай нашы дзеці растуць добрымі людзьмі. У гэтыя дні гучыць мноства віншаванняў — цёплых, гучных і, безумоўна, заслужаных. Для педагогаў Міншчыны яны прагучалі і падчас абласнога свята “Дзень настаўніка — 2018”.

На свята ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы сабраліся настаўнікі і выхавальнікі, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, дырэктары і загадчыкі ўстаноў адукацыі, супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі і ўпраўленняў па адукацыі, спорце і турызме рай(гар)выканкамаў, прадстаўнікі галіновага прафсаюза. Павіншаваць педагогаў вобласці прыехалі намеснік старшыні Мінаблвыканкама І.С.Маркевіч, намеснік міністра адукацыі С.В.Руды, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Н.В.Якубіцкая.

Іван Станіслававіч Маркевіч звярнуў увагу, звяртаючыся да святочнай залы, што педагагічная грамадскасць Міншчыны прадстаўлена корпусам унікальных настаўнікаў, кожны з якіх — прафесіянал сваёй справы, кожны заслугоўвае ўвагі і павагі.

— Калі запытацца ў любога чалавека, што самае каштоўнае атрымаў ён у жыцці, той адкажа, што гэта веды, бо толькі веды робяць чалавека моцным, мудрым, вялікім. І вы, педагогі, дорыце людзям гэтае багацце, — адзначыў намеснік старшыні Мінаблвыканкама.

Шчырыя словы віншаванняў ад Міністэрства адукацыі і міністра перадаў педагогам Міншчыны Сяргей Валянцінавіч Руды.

— Нашы дзеці абавязкова будуць лепшымі за нас, і ўсё гэта дзякуючы вам, педагогі! Усяго найлепшага вам у вашых сем’ях і працоўных калектывах.

У цэнтры ўвагі на святочным мерапрыемстве апынуліся ганаровыя госці — ветэраны педагагічнай працы, якія ў розныя гады працавалі ў абласным аддзеле народнай адукацыі, упраўленні і ўстановах адукацыі Міншчыны. Дарэчы, у гэтым годзе галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінаблвыканкама адзначае 30-гадовы юбілей.

Прыемным падарункам для педагогаў сталі ўзнагароды — граматы і падзякі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Таксама некаторыя педагогі былі ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі “Выдатнік адукацыі”.

Да віншаванняў далучыліся артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Народны артыст СССР любімы многімі пакаленнямі гледачоў акцёр Генадзь Аўсянікаў прызнаўся ў бясконцай любові і павазе да педагогаў і павіншаваў гасцей тэатра паэтычнай замалёўкай. Прыгожым завяршэннем вечара і падарункам ад тэатра стаў выдатны спектакль — неўміручая камедыя М.В.Гогаля “Рэвізор”.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.