Застацца на Клецкай зямлі

- 17:40Актуальна, Планёрка ў рэгіёне

“У Клецкім раёне Мінскай вобласці адбыўся цікавы эксперымент: усе гадзіны дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі былі перададзены цэнтру дзіцячай творчасці, дзе акумуляваліся ідэі па развіцці творчых здольнасцей дзяцей раёна, — расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Клецкага райвыканкама Анатоль Клімовіч. — І гэта мела станоўчы эфект — ахоп навучэнцаў аб’яднаннямі па інтарэсах вырас да 80 працэнтаў. Летась дзеці атрымалі больш за 400 дыпломаў на конкурсах — ад абласнога да міжнароднага ўзроўняў”.

— Анатоль Мікалаевіч, напэўна, і ў шосты школьны дзень вы прапануеце дзецям цікавыя і карысныя заняткі?  

Так, гэты дзень у нас арганізаваны па сваёй мадэлі. У першую суботу кожнага месяца праходзіць дзень адкрытых дзвярэй — сустрэчы з прадстаўнікамі розных служб і ведамстваў, бацькамі, прафілактычная і прафарыентацыйная работа. Для вучняў 10—11 класаў гэта дні самакіравання, калі яны спрабуюць сябе ў кіраўніцкай дзейнасці, робяць першыя крокі ў прафесію, на практыцы знаёмяцца з колам абавязкаў школьнага педагога-псіхолага, педагога сацыяльнага, педагога-арганізатара, бібліятэкара, лабаранта. Дзеці наведваюць прадпрыемствы і арганізацыі горада і аграгарадкоў. Другая субота месяца — дзень здароўя, калі ладзяцца спартыўна-масавыя мерапрыемствы. Трэцяя субота прысвечана турыстычна-краязнаўчай дзейнасці, вывучэнню прыгажосці сваёй малой радзімы. У раёне працуе 7 музеяў ва ўстановах адукацыі, з іх 4 — народныя. Зараз, напрыклад, актыўна асвятляецца тэма генацыду беларускага народа ў гады вайны: экспазіцыя адкрыта ў клецкай сярэдняй школе № 1. Ва ўпраўленні адукацыі ёсць два свае турыстычныя аўтобусы, якія выкарыстоўваем для арганізацыі дзіцячага турызму сумесна з раённым турцэнтрам, развіваем пазабюджэтную дзейнасць. І, нарэшце, чацвёртая субота — экалагічная, працоўная, рэсурсазберагальная. У гэты дзень, напрыклад, праводзяцца фестывалі экалагічнай моды. 

— Сучасныя дзеці патрабуюць адпаведных падыходаў у навучанні, перш за ўсё ўкаранення інфармацыйных тэхналогій. 

— У апошнія некалькі гадоў наш раён атрымаў 10 сучасных дарагіх кабінетаў хіміі, фізікі, біялогіі. Значна абнавілася камп’ютарная база ўстаноў адукацыі. Ёсць мультыборды, інтэрактыўныя дошкі, праектары. Закуплена праграмна-метадычнае забеспячэнне. Сёння задача ў тым, каб у кожным вучэбным кабінеце быў ноўтбук або камп’ютар і тэлевізар. Фактычна ўсе педагогі валодаюць сучаснымі тэхналогіямі і выкарыстоўваюць іх у адукацыйным працэсе. Лідар па тэхнічнай аснашчанасці сярод школ раёна і па ўкараненні IT-тэхналогій у адукацыйны працэс — Рассветаўская сярэдняя школа. Пры падтрымцы IT-кампаній і ПВТ у школе створаны STEM-цэнтр, працуюць два STEM-класы. Дзеці вывучаюць асновы камп’ютарнай пісьменнасці, робататэхніку, праграмаванне, вэб-дызайн, 3D-мадэляванне і прататыпаванне. На заняткі ў цэнтр прыязджаюць дзеці з усяго раёна. 

Цэнтры па робататэхніцы, Scratch-праграмаванні, графічным дызайне створаны ў клецкай сярэдняй школе № 1, цэнтры дзіцячай творчасці, Азярэчанскай школе. У верасні 2020 года па выніках IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus 2020 вучань 1-й школы ўзнагароджаны дыпломам I ступені ў кампетэнцыі “Графічны дызайн”. У студзені 2022 навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Юны праграміст” цэнтра дзіцячай творчасці заваявалі тры дыпломы ў Міжнародным IT CAMP-2022. Штогод настаўнікі прымаюць удзел у абласным конкурсе “Педагагічная ІТ-мазайка”, у 2021 і 2020 годзе атрыманы па два дыпломы за распрацоўку ЭАР. 

— Якая сітуацыя склалася з маладымі кадрамі ў раёне? 

— У цэлым педагагічных кадраў хапае. Але не сакрэт, што сярод працуючых настаўнікаў 10% — пенсіянеры, якія ў асноўным выкладаюць дакладныя дысцыпліны. Штогод у раён прыходзіць каля 20 маладых педагогаў, пераважна жыхары раёна, якія ў далейшым (каля 80%) застаюцца працаваць у сістэме. З маладымі вядзецца актыўная работа па станаўленні іх як прафесіяналаў, аказваецца матэрыяльная падтрымка, вырашаюцца жыллёвыя праблемы. Штогод выканкам выдзяляе арэнднае жыллё ў новых дамах. Традыцыйным стаў раённы конкурс маладых настаўнікаў “Шлях у прафесію”, які дазваляе выявіць яркіх педагогаў, будучых лідараў сістэмы адукацыі. У 2021 годзе пераможцам конкурсу стаў Раман Корань, настаўнік біялогіі Заастравецкай школы. 

— Якія вынікі паступлення ва ўніверсітэты ў выпускнікоў раёна? Ці ствараюцца класы ці групы для будучых настаўнікаў і аграрыяў? 

— Больш за 64% выпускнікоў мінулага года паступілі ў ВНУ, 20 дзяцей на ЦТ атрымалі ад 90 да 100 балаў, ёсць адзін 100-бальнік. У сярэдніх школах № 1 і № 3, Заастравецкай школе створаны педагагічныя групы, дзе сёння займаюцца 27 вучняў. Першыя выпускнікі педгруп у верасні 2021 года вярнуліся на Клецкую зямлю ў якасці настаўнікаў. Яшчэ школьнікамі яны спасцігалі асновы будучай прафесіі: праводзілі ўрокі, выхаваўчыя мерапрыемствы, былі памочнікамі выхавальнікаў у аздараўленчых лагерах з дзённым знаходжаннем. 

Першыя выпускнікі летась былі ў аграрных групах Сіняўскай і Даматканавіцкай школ, Марацкага і Галынкаўскага ВПК. За два гады вучні пазнаёміліся з асновамі раслінаводства і заатэхнікі, пабывалі на сельскагаспадарчых прадпрыемствах, сустрэліся з прадстаўнікамі аграпрамысловага комплексу раёна. Паралельна з атэстатам сталасці ўсе 39 выпускнікоў гэтых груп атрымалі пасведчанні аб прафесійнай падрыхтоўцы па рабочай спецыяльнасці ў Клецкім сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.

Аграрныя групы сёння працуюць у 5 установах адукацыі для 28 вучняў. Тэмай работы на зямлі, захавання народных традыцый і самабытнасці зацікавіліся і нашы гімназісты. З праектам “Пляцёнка з роднай старонкі” яны сталі пераможцамі Міжнароднай інтэлектуальнай бізнес-гульні “Пачынаючы фермер”. 

Надзея ЦЕРАХАВА.