Застава — наша сям’я

- 16:26Культура, Рознае

Шыкоўны тэатральны прэзент падрыхтавалі і паказалі курсанты Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь у рамках мінскага этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў вышэйшай адукацыі “АРТ-вакацыі”. 3 мая ў актавай зале ІПС быў прадэманстраваны музычны спектакль “Дым над Чорнай Ганчай”, прысвечаны подзвігу савецкіх пагранічнікаў у першых баях на заставе Юзефатава (сёння застава імя Героя Савецкага Саюза В.М.Усава) 22 чэрвеня 1941 года.

Многае, вельмі многае прымушае здзіўляцца і захапляцца — і ў тым векапомным подзвігу, які здзейснілі нашы пагранічнікі на заставе Юзефатава 22 чэрвеня 1941 года, і ў тым без перабольшання гераічным учынку (не пабаімся сказаць гэта напярэдадні свята Вялікай Перамогі), які здзейснілі сённяшнія чацвёртакурснікі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, паставіўшы спектакль, заснаваны на рэальных гістарычных падзеях 1941 года.
Пачнём, напэўна, з гісторыі. Нічога не прадказвала трагедыі ў вялікай сям’і пад назвай “Застава Юзефатава” ні ў пачатку, ні нават у сярэдзіне чэрвеня 1941 года. Жыццё, як здавалася ўсім “членам сям’і”, савецкім пагранічнікам і іх родным, ішло сваёй шчаслівай хадой і абяцала толькі шчасце: начальнік заставы Усаў толькі-толькі ажаніўся, палітрук заставы Шарыпаў разам з жонкай чакалі чацвёртае дзіця… “А праўда, што будзе вайна?” — гэтае пытанне, якое ўсё часцей і часцей напярэдадні 22 чэрвеня злятала з вуснаў родных жанчын пагранічнікаў, гучала як нонсэнс, як нейкая жаночая алагічнасць, але ж і… як праўдзівае прадчуванне. І яна-такі здарылася тая вайна — праклятая, але ж… і свяшчэнная.

Жудасную храналогію захавала для нашчадкаў гісторыя. Так трэба было сысціся нядобрым халодным зоркам 22 чэрвеня 1941 года, што ў гэты дзень пагранічная застава лейтэнтана Віктара Міхайлавіча Усава прыняла свой першы і апошні бой. У распараджэнні начальніка заставы было каля 30 салдат і малодшых камандзіраў. Віктар Усаў разбіў іх на тры групы, адпаведна размеркаваўшы па трох траншэях, а сам узначаліў абарону дзяржаўнай мяжы ў першай траншэі. Больш за шэсць гадзін пагранічнікам на заставе Юзефатава ўдавалася стрымліваць атакі акупантаў, якія станавіліся ўсё больш і больш жорсткімі. Варожыя кулі па-здрадніцку знаходзілі сваіх ахвяр-герояў. У пагранічнікаў імкліва заканчваліся боепрыпасы. А тым часам бязлітасная карычневая хмара насоўвалася і накрывала заставу з усіх бакоў… Лейтэнант Усаў загінуў са снайперскай вінтоўкай у руках. Яго цела знайшлі ў засыпаным акопе толькі праз 10 гадоў пасля вайны. У 1965 годзе яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А пагранічная застава, дарэчы, адзіная дзейная сёння застава на месцы даваеннай, неўзабаве стала імянной — стала насіць бессмяротнае імя Віктара Міхайлавіча Усава. Сёння гэта пагранічны стык трох дзяржаў — Беларусі, Польшчы і Літвы.

Інстытуту пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, несумненна, вельмі пашанцавала, што чатыры гады назад сюды прыйшоў вучыцца Арцём Пылінскі — прыгожы ўсмешлівы хлопец з Рэчыцы. Неабыякавы да гераічнай гісторыі сваёй краіны, свята адданы сваёй будучай прафесіі пагранічніка. А як жа магло быць інакш, калі і бацька, і дзед — пагранічнікі?! Адпаведна, маёр і падпалкоўнік у адстаўцы. Да таго ж вельмі ўлюбёны ў тэатр (да Інстытута пагранічнай службы вучыўся ў Гомельскім каледжы мастацтваў, дзе спасцігаў сакрэты сцэнічнага мастацтва).
Як, магчыма, ужо здагадаўся чытач, рэжысёрам і аўтарам сцэнарыя музычнага спектакля “Дым над Чорнай Ганчай” і выступіў менавіта ён, чацвёртакурснік Інстытута пагранічнай службы Арцём Пылінскі. Гэта, дарэчы, не першая яго пастаноўка — два гады назад спецыяльна для “Арт-вакацый” ён разам з аднакурснікамі паставіў спектакль “Лісты з фронту”, уганараваны прызавым дыпломам гэтага агляду-конкурсу. А ў выпадку “Дыму над Чорнай Ганчай”, як кажуць, сам Бог дапамог. Спачатку, безумоўна, была ідэя — павіншаваць арыгінальным чынам ветэранаў-пагранічнікаў і з 95-годдзем пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, якое адзначалася летась, і з сёлетнім святам Вялікай Перамогі. А што можа быць больш арыгінальным, чым спектакль, прысвечаны героям-пагранічнікам?! Неўзабаве знайшлася і “фактура” — раман Паўла Фёдарава “У Аўгустоўскіх лясах”, дзе падрабязна расказваецца пра падзеі 22 чэрвеня 1941 года на заставе Юзефатава. Знайшліся ўрэшце і знаёмыя дзяўчаты, учарашнія выпускніцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якія з радасцю адгукнуліся на прапанову прыняць удзел у спектаклі ў якасці актрыс. А хлопцаў-акцёраў Арцёму шукаць і не трэба было — усе яны яго аднакурснікі, чацвёртакурснікі Інстытута пагранічнай службы, з якімі за чатыры гады вучобы ён паспеў ужо з’есці не адну тысячу лыжак агульнай на ўсіх салдацкай кашы…

Спектакль “Дым над Чорнай Ганчай” прайшоў ва ўсіх сэнсах на ўра. Публіка раз-пораз узрывалася апладысментамі, узрушаючыся то цудоўнымі музычнымі нумарамі, то асобнымі драматычнымі мізансцэнамі. Дарэчы, сярод прысутных у зале гледачоў былі заўважаны спецыяльна запрошаныя дырэктары і настаўнікі школ Першамайскага раёна сталіцы — у Інстытуце пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь не забываюць пра прафарыентацыю.
Пасля спектакля на сцэне дзіўным чынам апынуліся усе разам — акцёры-курсанты, начальнік аддзела ідэалагічнай работы Інстытута пагранічнай службы Аляксандр Мікалаевіч Паўловіч, члены журы “Арт-вакацый”, журналісты… Эмацыянальна дзяліліся ўражаннямі, фатаграфаваліся на памяць. І быў самы шчымлівы момант, калі ў фокусе ўсіх прысутных апынуліся яны — улюбёны ў тэатр будучы пагранічнік Арцём Пылінскі і яго 84-гадовы дзядуля, стары пагранічнік, падпалкоўнік у адстаўцы Канстанцін Мікалаевіч Шаляпін. “Я толькі што пабыў у сваім юнацтве… Гэта ж і маё ўсё… Я служыў з 1951 па 1955 год… Памочнікам начальніка заставы… Прымаў удзел у ліквідацыі бандэраўскіх бандаў…” — толькі і змог сказаць Канстанцін Мікалаевіч. А потым заплакаў… Пры ўсіх. Не саромеючыся слёз. Арцём своечасова падхапіў яго: “Супакойся, дзед, табе нельга хвалявацца, хадзем ужо дахаты”.

Ці мелі нейкае значэнне пасля гэтага ўсялякія словы? А гаварылі ж мне на дыктафон у той дзень многія: і ўжо згаданы Аляксандр Мікалаевіч Паўловіч (“Пагранічная служба асаблівая. Сам побыт тут вельмі асаблівы. І курсанты пастараліся ў дэталях перадаць гэтыя асаблівасці ў сваім спектаклі”.), і сябар журы “АРТ-вакацый” загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Сяргееўна Лаўрыновіч (“Дым над Чорнай Ганчай” — гэта не проста створаны курсантамі спектакль. Гэта адукацыйны праект. Унікальны праект, рэалізаваны мастацкімі сродкамі”.), і, безумоўна, рэжысёр і аўтар сцэнарыя Арцём Пылінскі.
— Арцём, я разумею, што вас зараз перапаўняюць шчымлівыя пачуцці… Дый дзед расплакаўся, я бачыў, як вы за яго перажывалі. Адкажыце, калі ласка, толькі на адно простае пытанне: пра што ваш спектакль?
— Пра вялікі подзвіг, які нельга забываць. А яшчэ асабіста мне хацелася сказаць пра тое (і я спадзяюся, гэта адчулі гледачы), што застава — гэта адна сям’я. Так было тады, у 1941 годзе, так і зараз. Тыя заставы, якія сёння жывуць на нашых граніцах, яны жывуць разам, выконваюць адны і тыя ж задачы і, калі будзе трэба, адразу паспяшаюць адна адной на выручку. Застава — наша сям’я.

 

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.