Заставацца патрэбнымі грамадству

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Першы нацыянальны форум атлетаў прайшоў у Мінску. У мерапрыемстве, якое прайшло ў форме інтэрактыўнага вучэбнага семінара-канферэнцыі з элементамі экспертнай дыскусіі, прынялі ўдзел каля 170 чалавек — чэмпіёнаў і прызёраў алімпіяд, вядомых айчынных спартсменаў, трэнераў, кіраўнікоў і прадстаўнікоў арганізацый фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь.

Галоўная тэма праекта — сацыя­лізацыя прафесійных спартсменаў пасля заканчэння актыўных выступленняў і выкарыстанне іх патэнцыялу ў якасці работнікаў і актыўных членаў грамадства.

На працягу двух дзён удзельнікі правялі шэраг адукацыйных мерапрыемстваў, накіраваных на набыццё новых ведаў у галіне кіравання кар’ерай і фарміраванне ў іх практычных уменняў прымяняць інструменты, накіраваныя на пабудову паспяховай кар’еры і развіццё асабістага брэнда пасля завяршэння актыўных выступленняў у спорце.

Таксама ў рамках форуму прайшлі выбары ў камісію спартсменаў НАК Беларусі.

“На гэтым форуме ўпершыню сабраліся як дзеючыя спартсмены, так і тыя, хто ўжо завяршыў кар’еру. Упэўнены, для ўсіх вас гэта будзе карысны абмен вопытам. Рана ці позна спартсменам даводзіцца завяр­шаць кар’еру. Як правільна пабудаваць сваё жыццё пасля гэтага кроку, па­дзеляцца вопытныя настаўнікі. У нашай краіне ўдзяляецца вялікая ўвага як дзеючым, так і легендарным спартсменам. Вы служыце прыкладам для нашага падрастаючага пакалення, якое, гледзячы на вас, вучыцца не толькі таму, як дасягаць вяршынь у вялікім спорце, але і як знайсці сябе ў жыцці пасля завяршэння кар’еры”, — адзначыў прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка, вітаючы ўдзель­нікаў форуму.

Ганаровымі гасцямі мерапрыемства сталі рэктар Расійскага міжнароднага алімпійскага ўніверсітэта Леў Белавусаў, настаўнік камерцыйных праектаў у сферы спорту і здароўя, кіруючы партнёр агенцтва па спартыўным маркетынгу Newman Sport, сузаснавальнік міжнародных спаборніцтваў па трыятлоне IRONSTAR і фестывалю бегу ROSA RUN Уладзімір Валошын, двухразовая алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Святлана Хоркіна, бізнес-лідар з 20-гадовым вопытам работы ў галіне кіравання чалавечымі рэсурсамі Марына Пачынак, двухразовы бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў (2006 і 2014) па канькабежным спорце Кацярына Лобышава. Мадэратарам дыскусіі выступіў вядомы расійскі каментатар Георгій Чарданцаў.

Арганізатарамі форуму выступілі Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь і РМАУ.