Заставацца сучасным

- 13:20Адукацыйная прастора

Школьны музей павінен быць сучасным. Аднак ёсць нюансы. Калі экспазіцыя створана нядаўна і ў яе афармленні выкарыстана сучаснае абсталяванне, то, канечне, музей будзе адпавядаць названаму крытэрыю. А што калі экспазіцыі больш за 30 гадоў? Такі ўзрост — толькі плюс, пераканана кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея Новаяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна Тамара Уладзіміраўна Крывеня.

Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек месца. Тое самае і з музеем. Можна зрабіць суперсучасную экс­пазіцыю, размясціць сярод прадметаў даўніны маніторы, планшэты, QR-коды, але гэта не значыць, што наведвальнікі будуць ісці сюды бясконцым патокам. І наадварот, створаны некалькі дзесяцігоддзяў назад музей дзякуючы няўрымслівасці, апантанасці педагога-края­знаўца заўсёды будзе сучасным і запатрабаваным. Музей “Дзеці ліхалецця” — цудоўнае пацвяр­джэнне гэтага.

Адным з сакрэтаў яго сучаснасці і запатрабаванасці на працягу многіх гадоў з’яўляецца пастаянны пошук Тамарай Уладзіміраўнай не толькі новых звестак пра гісторыю пасёлка і лёс выхаванцаў інтэрнацыянальнага піянерлагера, створанага ў Наваельні за некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, але і новых форм работы з экскурсантамі. Жаданню педагога шукаць і знаходзіць, не адста­ваць ад музейнай моды можна па-добраму пазайздросціць.

“Нашаму музею ўжо 33 гады, аднак лічу, ён такі ж сучасны, жывы, як і ў далёкім 1988-м. Калі працуеш з дзецьмі, то хочацца далучыць іх да нечага цікавага, захапляючага. А чым можна зацікавіць сённяшніх вучняў? Канечне, віртуальнай прасторай. Выдатна, калі новыя тэхналогіі дапаўняюцца традыцыямі музейнай педагогікі”, — падзялілася Тамара Уладзіміраўна.

А традыцыі ў музея “Дзеці ліхалецця” даўнія і багатыя. Іх спалучэнне з інфармацыйнымі тэхналогіямі дае плённыя вынікі: сайт музея, 3D-панарама экспазіцыі, мабільны дадатак па помніках Дзятлаўскага раёна, экскурсіі па музеі і Наваельні з выкарыстаннем VR-акуляраў, экскурсія з 3D-напаўненнем, відэафільмы “Наваельня — лясны гарадок”, “Выдатныя мясціны Наваельні”, не гаворачы ўжо пра папулярныя сёння квесты з QR-кодамі.

“У школьным музеі наведвальнікам не павінна быць сумна”.

Узяць для прыкладу сайт музея. Ён створаны, як кажуць, не дзеля птушачкі, а пастаянна абнаўляецца, напаўняецца новай інфармацыяй, фотаздымкамі, відэаролікамі. Самае галоўнае — калектыўная праца над сайтам спрыяе актывізацыі пошукавай і даследчай работы вучняў па вывучэнні гісторыі малой радзімы і ўвекавечванні памяці землякоў. У перыяд пандэміі работа падобных сайтаў набыла асаблівую актуальнасць. Тое ж тычыцца і віртуальных 3D-панарам. Створаная пад кіраўніцтвам Тамары Уладзіміраўны яе былым вучнем Яўгенам Анушкевічам разам з юнымі краязнаўцамі панарама музея “Дзеці ліхалецця” пагружае ў розныя гістарычныя эпохі і ў першую чаргу ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

“Віртуальная экскурсія знаё­міць з гісторыяй Наваельні, матэрыяламі музея ў інтэрактыўнай форме, якая даступна для наведвальнікаў незалежна ад месца іх жыхарства з выкарыстаннем аптымальных тэхналогій перадачы інфармацыі. Для таго каб глыбей пагрузіцца ў ваеннае дзяцінства герояў нашай экспазіцыі, у панараме прысутнічаюць відэаролікі. Для замежных наведвальнікаў у панараму ўключана тэатралізаваная відэа­экскурсія на англійскай мове. Таксама тут ёсць экспазіцыя “Наваельня пад крыламі сосен”, аформленая да Года малой ра­дзімы, і відэаролік, які расказвае пра гісторыю Наваельні”, — паведаміла кіраўнік музея.

Усе мы чулі пра 46-ы гвар­дзейскі нач­ны бамбардзіровачны авіяполк. Аднак не многія ведаюць, што “начныя ведзьмы”, як называлі савецкіх лётчыц нямецкія салдаты, пэўны час базіраваліся ў Наваельні. Безумоўна, гэтая тэма не магла застацца па-за ўвагай наваельнянскіх краязнаўцаў. Быў не толькі аформлены раздзел экс­пазіцыі ў школьным музеі, але і створаны сайт “Нач­ныя ведзьмы”, які ўключае аднайменную інтэрактыўную гульню, а таксама бук­трэйлер “Начныя рэйды савецкіх лётчыц”.

“Усе дзеці цікаўныя, любога вучня можна захапіць музейнай справай”.

Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Тамарай Уладзіміраўнай была аформлена экспазіцыя “Сёстры Хатыні”, а таксама рэалізаваны міні-праект “Захоўваем мінулае, цэнім сучаснасць, будуем будучыню!”, створана “Кніга Памяці” з раздзеламі “Нішто не забыта”, “Ніхто не забыты”, “Партызанская быль”, “Пасталелі яны без пары”, “Яны змагаліся за Радзіму”, “Во славу Родины” і відэаролік. Матэрыялы пошукава-даследчай работы, дзе апісваюцца ўзнагароды салдат Вялікай Айчыннай вайны, сталі асновай для стварэння экспазіцыі “Ордэны і медалі Вялікай Айчыннай вайны” з QR-кодамі.

Такія коды актыўна выкарыстоўваюцца падчас квест-экс­курсіі “Старонкі ваеннай гісторыі”, якая дазваляе вучням сама­стойна пазнаёміцца з экспазіцыямі і праверыць свае веды з дапамогай віктарыны, крыжаванак, розных творчых заданняў. Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны створаны відэа­ролікі “Дзяцінства, апаленае вайной”, “Мы памятаем!”. Паходы, экскурсіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, работа з рознымі крыніцамі інфармацыі пашырылі кругагляд вучняў, навучылі цярпенню, настойлівасці ў дасягненні мэты.

“Усе дзеці цікаўныя, любога вучня можна захапіць музейнай справай. Напрыклад, падвіс у мяне ў музеі камп’ютар, я выхо­джу на школьны калідор і звяртаюся да вучняў: “Хлопчыкі, нешта ў мяне завіс камп’ютар, не атрымліваецца загрузіць старонку ў інтэрнэце”. Яны з радасцю заходзяць у музей і пачына­юць разам думаць, як мне дапамагчы. Яны не актывісты савета музея, у края­знаўчым гуртку не займаюцца, але для іх пачэсна, што я звярнулася да іх па дапамогу. Калі ты правільна па­прасіў аб дапамозе, паставіў дзіця ў сітуацыю дасягнення поспеху, то ў яго абавязкова ўсё атрымаецца. Наступным разам яно самастойна завітае ў музей, але не для таго, каб дапамагчы табе з камп’ютарам, а каб азнаёміцца з экспазіцыяй.

“Калі ты паставіў дзіця ў сітуацыю дасягнення поспеху, то ў яго абавязкова ўсё атрымаецца”.

Каб зацікавіць дзяцей музейнай справай, педагогу трэба быць самому захопленым. Якім бы вопытным музейшчыкам ты ні быў, трэба прызнаць, што нечага ты ўсё ж не ведаеш, нешта ў цябе не атрымліваецца, асабліва што тычыцца інфармацыйных тэхналогій. У нашым школьным музеі не бывае так, што няма чаго рабіць — наведвальнікам не павінна быць сумна. Заўсёды знаходзяцца новыя тэмы, ідэі. Я стараюся быць у курсе ўсяго, што тычыцца выхаваўчай работы, таму для мяне, напрыклад, не з’яўляецца неспадзяванкай прапанова па­ўдзельнічаць у краязнаўчых конкурсах або акцыях”, — падзялілася Тамара Ула­дзіміраўна.

“У школьным музеі наведвальнікам не павінна быць сумна” — гэта своеасаблівы дэвіз нашай гераіні. Адна музейная справа скончана, рэалізаваны краязнаўчы праект — і на чарзе новыя тэмы для пошуку. “Я навучылася працаваць у інтэрнэце, у асноўным шукаю там матэрыялы па земляках, гісторыі Наваельні, мемарыялізацыі по­дзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне, — дзеліцца педагог. — Дзякуючы тэматычным сайтам “По­дзвіг народа”, “АБД Мемарыял” вывучыла лёс тых, хто пахаваны ў брацкай магіле Наваельні. Разам з вучнямі мы пафамільна перагля­дзелі ўсе спісы і ўстанавілі, што некаторыя прозвішчы паўтараюцца, шмат імён па бацьку ўказана няправільна, некарэктныя даты нараджэння. А яшчэ мы знайшлі прыкладна 20 новых імён. У інтэрнэце кіраўнік школьнага музея можа знайсці шмат карыснай інфармацыі, важна толькі ведаць, дзе яе шукаць”.

Словы “я навучылася працаваць у інтэрнэце” гучаць крыху дзіўнавата. Складана знайсці сярод нашых знаёмых або калег чалавека, які б не адчуваў сябе ў віртуальнай прасторы як рыба ў вадзе. Аднак у жыццё Тамары Уладзіміраўны і яе равеснікаў інтэрнэт прыйшоў ужо ў даволі сталым узросце. Асвоіць яго, а тым больш нароўні з вучнямі і малодшымі калегамі распрацоўваць мабільныя дадаткі, 3D-панарамы, віртуальныя экскурсіі — гэта своеасаблівы подзвіг. Але такім людзям, як Тамара Уладзіміраўна (няўрымслівым, апантаным музейшчыкам-краязнаўцам), любая справа па плячы. Сапраўды, чалавек упрыгожвае месца, а сучасным, цікавым і запатрабаваным музей робіць яго кіраўнік.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.