Заставацца вядучым банкам краіны і захаваць сацыяльную накіраванасць

Такія даручэнні даў кіраўнік дзяржавы ААТ “ААБ Беларусбанк”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў захаваць сацыяльную накіраванасць у рабоце Беларусбанка. Аб гэтым ішла размова ў час даклада старшыні праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Віктара Ананіча.

“Даўно, шчыра кажучы, мы не абмяркоўвалі праблемы вядучага банка нашай краіны. Пры гэтым хацелася б, каб ён і заставаўся вядучым банкам. Спадзяюся, вы сёння скажаце, што для гэтага трэба зрабіць, каб Беларусбанк быў сапраўды галоўным банкам нашай дзяржавы”, — сказаў прэзідэнт на пачатку сустрэчы.

Ён пацікавіўся сітуацыяй у банку і сферы ў цэлым. “Можа, вы мне падкажаце праз прызму Беларусбанка, якая сітуацыя наогул у банкаўскай сістэме сёння на ўзроўні камерцыйных банкаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Віктар Ананіч далажыў аб рабоце банка ў бягучым годзе, вялікая ўвага ўдзялялася крэдытаванню малога і сярэдняга бізнесу. Установай выкананы ўсе нарматывы бяспекі функцыянавання, якія прадугледжаны Нацыянальным банкам. “У цэлым атрымана станоўчая ацэнка кіраўніка дзяржавы па выніках работы банка ў бягучым годзе”, — расказаў журналістам пасля размовы з прэзідэнтам кіраўнік банка.

Асобна таксама абмяркоўвалася стратэгія развіцця Беларусбанка на 2018—2020 гады. Аляксандр Лукашэнка яе адобрыў і даў шэраг даручэнняў, у тым ліку па захаванні сацыяльнай накіраванасці ў рабоце.

Беларусбанк у найбліжэйшыя тры гады плануе павысіць эфектыўнасць работы і забяспечыць рэнтабельнасць капіталу больш за 11 працэнтаў, што ў тры разы вышэй за цяперашні ўзровень. Чакаецца таксама павелічэнне ў 1,5 разу крэдытавання юрыдычных асоб і арганізацый і ў 1,8 разу — крэдытавання фізічных асоб. Атрымаюць развіццё такія важныя ў сацыяльным плане напрамкі, як жыллёвае крэдытаванне, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу.

Так, па словах старшыні праўлення ААТ “ААБ Беларусбанк” Віктара Ананіча, Беларусбанк у 2018 годзе накіруе на фінансаванне жыллёвага будаўніцтва да Br400 млн.

“У бягучым годзе пры падтрымцы за кошт рэсурсаў банка пабудавана больш за 800 тысяч кв.м жылля. У наступным годзе мы плануем да Br400 млн накіраваць на фінансаванне жыллёвага будаўніцтва”, — сказаў кіраўнік банка.

У цэлым Беларусбанк актыўна ўдзельнічае ў выкананні дзяржаўнай жыллёвай праграмы, падтрымліваючы маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Як раней паведамлялася, у верасні бягучага года Віктар Ананіч заяўляў, што Беларусбанк да канца 2017 года выдзеліць Br60 млн у рамках рэалізацыі ўказа № 240 аб адрасным субсідзіраванні будаўніцтва жылля.

У 2018 годзе Беларусбанк запланаваў накіраваць на крэдытаванне прадпрымальнікаў да Br1 млрд.

Паводле слоў Віктара Ананіча, у банку распрацавана праграма па падтрымцы малога і сярэдняга бізнесу. У 2017 годзе на мэты крэдытавання і падтрымкі выдзелена Br620 млн. “Умовы даволі добрыя па крэдытаванні бізнесу. Бізнес з інавацыйнымі прадуктамі можа атрымаць крэдыт у беларускіх рублях па стаўцы ў памеры палавіны стаўкі рэфінансавання. І мы з кіраўніком дзяржавы гаварылі аб тым, што дакументы, якія прыняты апошнім часам (па лібералізацыі ўмоў для вядзення бізнесу. — Заўв. БелТА.), павінны значна павысіць актыўнасць бізнесу, а рэсурс для гэтага Беларусбанк прадаставіць”, — сказаў старшыня.

“Мы плануем павялічыць аб’ём крэдытавання, сёння няма праблем з рэсурсамі. Галоўнае, каб былі праекты. І мы бачым, што да Br1 млрд можам укласці ў малы бізнес”, — удакладніў кіраўнік банка.

Віктар Ананіч дадаў, што ў Стратэгіі развіцця банка на 2018—2020 гады пастаўлена задача аб павелічэнні долі крэдытаў, выдадзеных малому і сярэдняму бізнесу. Калі цяпер доля Беларусбанка ад усёй банкаўскай сістэмы ў гэтых адносінах складае 17%, то ставіцца задача дасягнуць узроўню 22 %.

У цэлым стратэгія накіравана на ўмацаванне сістэмнай значнасці банка для банкаўскай сістэмы і эканомікі краіны. Ідэалогія стратэгіі грунтуецца на значным павышэнні эфектыўнасці, рэнтабельнасці капіталу і рэінжынірынгу бізнес-працэсаў.