Застаюцца песня і Радзіма…

23 жніўня ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” пачала працаваць выстава “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу” студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. Экспазіцыя прысвечана творам беларускага паэта і публіцыста, вядомага журналіста, ганаровага грамадзяніна Полацка і Наваполацка Навума Гальпяровіча, які сёлета адзначыў сваё 70- годдзе. Юбілей паэта спалучаецца яшчэ з адным адметным фактам — у гэтым годзе яго родны Наваполацк з’яўляецца культурнай сталіцай Рэспублікі Беларусь.

У выставы “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу” адметная перадгісторыя. Як расказала нашаму карэспандэнту педагог студыі выяўленчага мастацтва “Вясёлка” Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Таццяна Антановіч (працуе са студыйцамі ўжо 10 гадоў, а да гэтага выкладала выяўленчае мастацтва ў Наваполацкай гімназіі), жаданне стварыць мастацкае прысвячэнне творам Навума Гальпяровіча ў пачатку гэтага года, калі паэт адзначыў сваё 70-годдзе, было цалкам натуральным і ішло як ад педагогаў, так і ад саміх дзяцей. Балазе ў Полацку і Наваполацку, дзе доўгі час жыў і працаваў сённяшні галоўны дырэктар радыёстанцыі “Беларусь”, вельмі добра ведаюць яго імя і ганарацца сваім земляком. І дзецям, удзельнікам студыі “Вясёлка”, было адначасова і цікава, і прыемна з падказкі Таццяны Антановіч чытаць і ўслухоўвацца ў мілыя ім вобразы роднага краю, выпісаныя ў сваіх вершах паэтам, выбіраць з іх самыя блізкія, якія потым можна было б пераўвасобіць на паперы з дапамогай фарбаў і колераў. Падчас падрыхтоўчай работы ў навучэнцаў студыі ўзнікалі самыя розныя пытанні, выкліканыя паэтычнымі радкамі: як выглядала школа Ефрасінні Полацкай, як паэтычна перадаць у мастацкай кампазіцыі “карункі графічныя дрэў”, як ззяла “сонейка ў касе Прадыславы” і інш. І ўрэшце нарадзілася выстава “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу”, якая аб’яднала дзвюх муз — Паэзію і Мастацтва. Кожны з малюнкаў, на якіх мы бачым краявіды Полацка і Наваполацка, іх старажытную і сучасную архітэктуру, гістарычныя помнікі, якія захаваліся да нашых часоў, і, безумоўна, выявы такіх выдатных землякоў, як Францыск Скарына і Ефрасіння Полацкая, суправаджаюцца радкамі з вершаў Навума Якаўлевіча — дзе пафасна-ўзнёслымі, дзе прыцішана-пяшчотнымі, дзе настальгічна-сумотнымі, але аднолькава да берагоў-рыфмаў поўныя любоўю паэта да сваёй малой радзімы…

Вясной гэтага года выстава “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу” хораша прагучала ў Палацы дзяцей і моладзі Наваполацка і напярэдадні новага навучальнага года завітала ў мастацкую галерэю Палаца Рэспублікі “Універсітэт культуры”, дзе яе зможа паглядзець ужо значна большая колькасць людзей. Як пажартаваў на вернісажы Навум Гальпяровіч, магчыма, тут, у цэнтры беларускай сталіцы, творы наваполацкіх дзяцей убачыць столькі гледачоў, колькі жыве людзей ва ўсім Наваполацку.

Ён жа на адкрыцці экспазіцыі адзначыў: “Выстава “Малая радзіма. Мясціны, любыя сэрцу”, безумоўна, знакавая і для мяне, і для дзетак, якія рабілі гэтыя малюнкі. Але знакавая яна яшчэ і самім фактам, што стварэнне ўсіх гэтых работ было выклікана жаданнем расказаць пра сваю малую радзіму. Гэтая радзіма фармальна называецца так: “малая”. Але для кожнага чалавека — дарослага і малога — яна вялікая, значная. Невыпадкова, што старажытная полацкая зямля натхніла дзяцей, якія нарадзіліся ў зусім маладым горадзе. Полацк і Наваполацк, якія раздзяляюць усяго 5 кіламетраў, — гэта адна зямля, адна Радзіма… Тое, што юныя патрыёты цікавяцца гісторыяй сваёй зямлі, што яны знайшлі гэтую гісторыю і ў маіх вершах, для мяне вялікі гонар і шчасце. Для кожнага творцы вельмі важна адчуваць, што яго творы каму-небудзь патрэбны. І гэта я сёння адчуваю”.

І гучалі на вернісажы шчымлівыя вершы Навума Гальпяровіча ў выкананні самога аўтара і юных навучэнцаў студыі “Вясёлка”, прамовы шаноўных гасцей, у прыватнасці старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, дырэктара Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка Наталлі Сераковай. І луналі ў прасторы галерэі “Універсітэт культуры” вобразныя словы паэта як эпіграф і да самой выставы, і да… жыцця хлопчыкаў і дзяўчынак з Наваполцка, якія сёння вучацца любіць сваю радзіму, у тым ліку з дапамогай мастацтва і паэзіі:

Застаюцца песня і Радзіма.
Можа ўсё прайсці, але яны
Лёс напоўняць сілаю адзінай,
Што ад хваляў полацкай Дзвіны…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *