Засвойваем біялогію з атласам інтэлект-карт

- 9:30Адукацыйная прастора

На думку настаўніцы біялогіі намесніка дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце гімназіі № 5 Мінска Вольгі Міхайлаўны Стрыжыч, сістэмнае прымяненне інтэлект-карт з’яўляецца эфектыўным рашэннем па ўключэнні кожнага навучэнца як у вучэбны працэс, так і ў пазаўрочную дзейнасць з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, актывізуе пазнавальную і творчую дзейнасць, вучыць арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы. Распрацоўка педагога “Атлас інтэлект-карт па біялогіі, 6 клас” была прадстаўлена на гарадскім аглядзе-конкурсе “Метадычны вернісаж “Магу навучыць” і заняла 1-е месца ў намінацыі “Арганізацыйна-метадычны прадукт. Метадычная распрацоўка”.

Прыгажосць Палескай зямлі (Вольга Міхайлаўна родам з Пінска), імкненне разгадаць яе таямніцы, патлумачыць загадкавыя прыродныя працэсы і з’явы заклалі ў дзяўчыны цікавасць да біялагічнай навукі, а любоў да дзяцей, уменне наладзіць кантакт, жаданне перадаць сваё захапленне прыродазнаўствам, падзяліцца ведамі прывялі ў педагогіку. І ўжо 12 гадоў В.М.Стрыжыч працуе з навучэнцамі, тры з іх — на пасадзе намесніка дырэктара. І хаця ў гімназіі працаваць няпроста, але педагог не бачыць сябе ў іншай сферы, бо прафесія адпавядае і характару, і тэмпераменту. “Не магу ўявіць сябе на іншай рабоце: аднастайнай, аднатыпнай, — прызнаецца настаўніца. — Нам, педагогам, ніколі не даводзіцца сумаваць. Кожны новы дзень прыносіць новыя яркія эмоцыі, уражанні. Настаўнік мае магчымасць самарэалізацыі, творыць кожны дзень, і гэтыя тварэнні не падобны адно на адно. Кожны новы ўрок не падобны на папярэдні і нават двойчы праведзены ўрок не будзе як пад капірку.

— Галоўнае ў маёй рабоце — каб дзіця паверыла ў сябе, заўважыць яго здольнасці, дапамагчы іх развіць, даць магчымасць раскрыцца. Калі яно зрабіла нават крок да дасягнення сваёй адукацыйнай мэты, адчула радасць і задавальненне ад зробленага, то гэта дасц­ь далейшы штуршок яго развіццю, а настаўнік будзе выступаць як сябар, дарадчык, куратар яго дзейнасці, — гаворыць настаўніца. — Сёння навучэнец павінен умець самастойна набываць веды, прымяняць іх на практыцы для вырашэння разнастайных праблем, працаваць з рознай вучэбнай інфармацыяй, аналізаваць, абагульняць, самастойна крытычна думаць, шукаць рацыянальныя шляхі ў вырашэнні праблем. Задача настаўніка — уцягнуць навучэнцаў у актыўную творчую дзейнасць, дзе яны будуць узаемадзейнічаць адно з адным, будаваць дыялогі і самастойна атрымліваць веды.

На дапамогу педагогу прыходзяць элементы розных педагагічных тэхналогій: развіцця крытычнага мыслення, праблемнага навучання, праектнай, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій (дадатак Kahoot, спецыялізаваныя сайты www.virtulab.net, https://www.mozaweb.com і інш.).

— Сучасны ўрок прадугледжвае выкарыстанне сучасных тэхналогій. На ім павінна быць арганізавана супрацоўніцтва вучня і настаўніка, створана атмасфера захопленасці прадметам. Заўсёды імкнуся знайсці тую іскрынку ўрока, якая прымусіць дзіця задумацца над тэмай і не адпусціць яго ўвагу нават пасля заканчэння заняткаў. Яна розная, бо ўсе класы розныя, вучні розныя, ды і тэмы розныя. Нельга даць рэцэпт эфектыўнага ўрока. Не заўсёды тое, што здаецца дасканала прадуманым і запланаваным, так і спрацуе. Думаю, каб урок сапраўды атрымаўся, павінны супасці некалькі складнікаў: настрой і падрыхтаванасць дзяцей, асоба настаўніка, яго веды, вопыт, а таксама тэма і тып урока, яго асаблівасці.

Па меркаванні Вольгі Міхайлаўны, захапіць вучняў прадметам можна толькі сваім уласным прыкладам, праз сумесную дзейнасць, праз праектную ці навукова-даследчую работу. Толькі ў супрацоўніцтве можна паказаць прыгажосць прадмета, яго значнасць і запа­трабаванасць у будучай прафесіі. Самы вялікі гімназічны праект, які нядаўна быў рэалізаваны і ахапіў некалькі паралелей класаў, — гэта праект “Школьны двор”, накіраваны на вывучэнне флоры Беларусі, прынцыпаў ландшафтнага дызайну. Па выніках яго на гарадскім конкурсе “Формула саду” гімназія заняла 3-е месца. На асенніх канікулах вучні 6—11 класаў працавалі над праектам “Біялогія ў фотааб’ектыве”. Зараз прахо­дзіць конкурс прадстаўленых фотаздымкаў і падво­дзяцца яго вынікі.

Вялікую дапамогу ў арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці гімназіі аказваюць Інстытут фізіялогіі і Інстытут эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навучэнцы слухаюць лекцыі вучоных, наведваюць практычныя заняткі ў лабараторыях, пішуць навуковыя работы. Такая дзейнасць арганізоўваецца пачынаючы з 8 класа. Каб да яе прыцягнуць вучняў 5—7 класаў, з новага каляндарнага года ва ўстанове па ініцыятыве В.М.Стрыжыч плануецца запусціць новы праект — праводзіць навукова-даследчыя канферэнцыі для вучняў сярэдняга звяна “Першы крок”, дзе  юныя гімназісты будуць спрабаваць сябе ў якасці навукоўцаў і даследчыкаў. 

— Каб падрыхтаваць праект ці напісаць навукова-даследчую работу, навучэнцу трэба вывучыць шмат літаратуры па пэўнай тэме, падрыхтаваць практычную частку, выступіць перад публікай, абараніць сваю работу. І тут важныя не толькі прадметныя веды, але і асобасныя якасці. Практыка паказвае, што юныя даследчыкі вучацца трымаць сябе перад публікай, адстойваць свой пункт гледжання, яны не баяцца любой аўдыторыі, набываюць навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ім у далейшым жыцці, — адзначае настаўніца. 

Захопленасць вучняў прадметам можна адсачыц­ь па выніковасці ўдзелу выхаванцаў В.М.Стрыжыч у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах розных узроўняў. Так, вучань 11 класа Яўген Марэцкі адзначаны дыпломам І ступені на адкрытых Міжнародных края­знаўчых чытаннях навучэнцаў і педагагічных работнікаў, дыпломам ІІ ступені — на гарадскім конкурсе экалагічных праектаў. На гарадской навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў хлопец удастоены дыплома ІІІ ступені за работу “Уплыў мінскай кальцавой аўтадарогі на стан сасны звычайнай”. Дзесяцікласніцы Улада Далідовіч, Вольга Яновіч пісалі летась работу па ўплыве шафрану і куркумы на стан дарослых мышэй. У выніку дзяўчаты высветлілі, што куркума і шафран зніжаюць болевую адчувальнасць. Дзевяцікласнік Цімафей Забярэжны распрацаваў сайт па экалогіі, які адзначаны на раённай канферэнцыі школьнікаў.

— Сама назва конкурсу — “Метадычны вернісаж “Магу навучыць” — прыцягнула маю ўвагу. Каб навучыць іншых, трэба зразумець, чаму ты навучыўся сам. Аказалася, што за гады работы ў мяне назапасіліся метадычныя распрацоўкі па выкарыстанні інтэлект-карт. У выніку жаданне паўдзельнічаць у гэтых спаборніцтвах і падштурхнула да абагульнення вопыту ў адзіную метадычную структуру “Атлас інтэлект-карт па біялогіі для 6 класа”, якую я і прадставіла. Распрацоўка складаецца з 10 інтэлект-карт, якія адпавядаюць раздзелам вучэбнай праграмы для 6 класа. Кожная тэма прадстаўлена ў двух фарматах інтэлект-карты: запоўненай і пустой, што дазваляе аптымальна іх спалучаць з любым тыпам вучэбных заняткаў, а гэта пашырае магчымасці яе выкарыстання. Атлас інтэлект-карт пабудаваны з улікам асноўных прынцыпаў, але без выкарыстання асацыяцый, што дае магчымасць самастойна індывідуалізаваць дадзеныя інтэлект-карты кожнаму навучэнцу, — расказвае Вольга Міхайлаўна. 

Да выкарыстання інтэлект-карт настаўніца звярнулася невыпадкова. У практыцы ўзнікае шэраг супярэчнасцей: паміж ростам аб’ёму інфармацыі ў сучасным свеце і няздольнасцю навучэнцаў яе выкарыстоўваць, паміж неабходнасцю самастойна набываць веды, працаваць з рознай інфармацыяй, аналізаваць і адсутнасцю метадычных распрацовак асваення прадметнага зместу ў гэтым напрамку, паміж творчым характарам пазнавальнай дзейнасці і рэпрадукцыйнымі метадамі навучання. У многім пазбавіцца гэтых супярэчнасцей дазваляе прымяненне інтэлект-карт.

— Інтэлект-карты адкрываюць навучэнцам велізарныя магчымасці ў працэсе навучання: задзейнічаны абодва паўшар’і галаўнога мозга (працуюць усе віды памяці, развіваецца мысленне, інтэлект, гаворка, пазнавальная актыўнасць і творчыя здольнасці; павышаецца матывацыя, выніковасць навучання), фарміруюцца ўніверсальныя вучэбныя дзеянні (фармуляваць мэты і задачы, адбіраць, структураваць, сінтэзавац­ь і інтэрпрэтаваць ключавую інфармацыю, устанаўліваць прычынна-выніковыя і лагічныя сувязі, вылучац­ь і фармуляваць ключавыя паняцці і высновы і інш.), узбагачац­ь слоўнікавы запас, развіваць чытацкую пісьмен­насць, — адзначае Вольга Міхайлаўна.

Як вядома, інтэлект-карта — спосаб адлюстравання працэсу агульнага сістэмнага мыслення з дапамогай схем. Яна рэалізуецца ў выглядзе дрэвападобнай схемы, на якой намаляваны словы, ідэі, задачы або іншыя паняцці, звязаныя галінамі, якія адыходзяць ад цэнтральнага паняцця або ідэі.

Інтэлект-карты настаўніца прымяняе на розных этапах урока. Так, пры вывучэнні новага матэрыялу магчыма выкарыстанне папярэдне падрыхтаваных педагогам інтэлект-карт, — як прадстаўленне на ўроку візуалізаванага матэрыялу, так і складанне карты непасрэдна на ўроку сумесна з навучэнцамі. Ін­тэлект-карта можа быць складзена ў выніку дыскусіі або мазгавога штурму па пэўнай тэме. Таксама можна выкарыстоўвац­ь гэты інструмент для навучання дзяцей уменню карыстацца даведачнай літаратурай, з мэтай пошуку неабходнай інфармацыі. Вельмі зручным з’яўляецца выкарыстанне карт на ўроках паўтарэння, падрыхтоўкі да тэматычнага кантролю. Яны дазваляюць хутка і якасна паўтарыць пройдзены матэрыял без тэкставых крыніц. На абагульняючых уроках звычайна прымяняюцца пабудаваныя інтэлект-карты, бо яны з’яўляюцца вынікам вывучэння матэрыялу некалькіх тэм. Гэта дазваляе найбольш поўна структураваць матэрыял, устанаўліваць сувязі паміж пройдзенымі тэмамі. Важныя думкі, ідэі і характарыстыкі вельмі зручна фіксаваць з дапамогай інтэлект-карт, а не ў традыцыйным сшытку.

На этапе кантролю і карэкцыі ведаў настаўніца аналізуе складзеныя навучэнцамі схемы, атрымліваючы магчымасць скарэкціраваць працэс засваення матэрыялу. Падвядзенне вынікаў урока, эмацыянальнае асэнсаванне сваіх дзеянняў можна праводзіць з дапамогай складання карт у розных колеравых рэжымах. Выяўленне свайго стану рознымі колерамі вельмі зручна для навучэнцаў, якія не могуць рэалізаваць сябе і прааналізаваць дзейнасць словамі. Таксама настаўніца практыкуе стварэнне альбомаў з інтэлект-карт, што аблягчае паўтарэнне матэрыялу і падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. Акрамя таго, інтэлект-карты могуць выкарыстоўвацца як дэманстрацыйны і раздатачны матэрыял, а таксама як план выступлення для падрыхтоўкі прэзентацыі, творчых работ, праектаў.

Пры рабоце з распрацаваным атласам педагог прапаноўвае навучэнцам тыя ці іншыя заданні. Напрыклад, “Устанавіце ўзаемасувязь паміж з’явамі прыроды і навукай, якая іх вывучае”, “Скруціце” інфармацыю вучэбных заняткаў у інтэлект-карту “Царства бактэрый”, выкарыстоўваючы тэрміналогію: жгуцік, храмасома, цытаплазма, цытаплазматычная мембрана, абалонка, слізістая капсула, санітары, малочнакіслыя, воцатнакіслыя, хваробатворныя, Антоні ван Левенгук, насяляюць паўсюдна, гетэратрофнае харчаванне”,  “Схематычна адлюструйце будову клетак скуркі лускі цыбулі, ліста эладэі канадскай, клетак крыві жабы, вывучаных у ходзе выканання лабараторных работ” і інш. 

Вольга Міхайлаўна вызначыла 4 этапы работы з навучэнцамі па стварэнні інтэлект-карт. Першы этап пачынаецца ў 6 класе са знаёмства навучэнцаў з гэтым метадам, у гэты час галоўным сродкам для стварэння інтэлект-карт з’яўляюцца каляровыя алоўкі і ліст белай паперы. Навучэнцы асвойваюць галоўныя прынцыпы пабудовы інтэлект-карт: графічнае прадстаўленне інфармацыі, выкарыстанне колеру для вылучэння галоўных ідэй. Другі этап пачынаецца з 7 класа, навучэнцы дадаюць малюнкі, сімвалы і іншую графіку, якія асацыіруюцца з ключавымі словамі. Трэці этап пачынаецца з 8 класа, калі навучэнцы асвойваюць пабудову інтэлект-карт з дапамогай камп’ютарных праграм MS Word, PowerPoint, бо бачаць знаёмыя інструменты, што аблягчае гэтую работу. На чацвёртым этапе ў 9—11 класах навучэнцы пераходзяць на стварэнне інтэлект-карт у праграме Мindмеeister, якая простая ў выкарыстанні, валодае вялікімі магчымасцямі як пры стварэнні карты, так і пры яе дэманстрацыі. Дарэчы, у цяперашні час існуе шмат інтэрнэт-рэсурсаў для складання інтэлект-карт. Напрыклад, XMind, MindMeister, MindManager, iMindMap, Coggle, Conceptdraw, Simplemind і інш. Кожны з рэсурсаў мае свае вартасці і недахопы. Яны адрозніваюцца дызайнам, спосабамі экспарту малюнкаў, яны бясплатныя і платныя.

В.М.Стрыжыч адзначае, што такая работа дае плён: выкарыстанне інтэлект-карт фарміруе ў вучняў лагічнае мысленне, уменні вылучаць прыкметы паняццяў, прадметаў, з’яў, якія вывучаюцца; уменні выяўляц­ь і ўстанаўліваць аб’ектыўныя сувязі паміж паняццямі; уменні фармуляваць высновы, замацоўваць і ўдасканальваць навыкі работы з вучэбнай інфармацыяй; навыкі зносін.

Зараз настаўніца працуе над стварэннем “Атласа інтэлект-карт па біялогіі для 7 класа”, у планах — распрацоўка “Атласа інтэлект-карт па біялогіі для падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.