Зацікаўлены ў развіцці адносін па шматлікіх напрамках

- 11:12Інфармацыйная гадзіна

Расія і ЗША згодны з неабходнасцю нейтралізацыі пагрозы тэрарызму, наладжвання супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Аб гэтым Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў у інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу Fox News, паведамляе ТАСС.

“З Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам мы пагадзіліся з тым, што тэрарызм уяўляе сабой больш сур’ёзную праблему, чым меркавалася спачатку, — сказаў расійскі лідар. — І калі, не дай бог, адбудзецца нешта страшнае, калі тэрарысты дабяруцца да зброі масавага знішчэння, то наступствы гэтага будуць разбуральнымі. Нашы ваенныя і спецслужбы ўстанаўліваюць узаемадзеянне ў гэтай галіне”. У якасці канкрэтнага прыкладу такога ўзаемадзеяння ён прывёў супрацоўніцтва па Сірыі.

“Нягледзячы на шэраг розначытанняў, асабліва ў больш шырокіх пытаннях, гэтае ўзаемадзеянне паміж нашымі ўзброенымі сіламі і спецслужбамі развіваецца”, — канстатаваў Прэзідэнт Расіі.

Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што Расія хацела б развіваць адносіны з ЗША ў сферах бяспекі, стратэгічнай стабільнасці і эканомікі. “Мы зацікаўлены ў развіцці адносін у сферы бяспекі, стратэгічнай стабільнасці, пераадоленні крызісаў, барацьбе з тэрарызмам, у сферы эканомікі. Спадзяюся, што мы з прэзідэнтам Трампам зрабілі хаця б першы крок у гэтым напрамку”, — адзначыў ён.

“Я ўжо гаварыў наконт эканомікі, — прадоўжыў расійскі лідар. — Цяпер на нашым рынку еўрапейцы прадаюць тавараў у год на $100 млрд, плюс яшчэ на $50 млрд прадаюць паслуг. Кітай прадае на нашым рынку тавараў прыкладна на $57 млрд. А ЗША ведаеце на колькі? На $12 млрд, а паслуг — на пяць. Гэта вынік палітыкі, у тым ліку санкцый”.

Прэзідэнт Расіі таксама заявіў, што разлічвае на тое, што Маскве і Вашынгтону ўдасца дасягнуць дамоўленасцей па пытаннях стратэгічнай стабільнасці, якія задаволяць абодва бакі, у тым ліку па Дагаворы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Закранаючы тэму прадэманстраванага ў сакавіку новага пакалення расійскіх ударных сістэм, Уладзімір Пуцін звярнуў увагу на тое, што яны з’явіліся не самі па сабе, а як адказ на выхад Злучаных Штатаў у аднабаковым парадку з Дагавора па супраць-ракетнай абароне.

“Мы з самага пачатку папярэдзілі нашых амерыканскіх партнёраў аб тым, што мы не гатовы будаваць сістэму ПРА, таму што пакуль не бачым яе эфектыўнасці, і яна вельмі дарагая, але мы будзем рабіць усё для яе пераадолення”, — сказаў ён. Пры гэтым расійскі лідар сігналізаваў аб гатоўнасці Расіі абмяркоўваць распрацоўку з ЗША новых дамоўленасцей, якія рэгламентуюць такія ўдарныя сістэмы.

Прэзідэнт Расіі нагадаў, што ў 2021 годзе завяршаецца тэрмін дзеяння новага Дагавора аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). “Я запэўніў прэзідэнта Трампа, што Расія гатова прадоўжыць тэрмін дзеяння дагавора, але мы спачатку павінны агаварыць дэталі”, — падкрэсліў ён.

“У нас ёсць шэраг пытанняў да нашых амерыканскіх партнёраў, — дадаў Прэзідэнт Расіі. — Мы лічым, што яны не цалкам выконваюць умовы дагавора, але гэта трэба будзе вырашыць экспертам”.