Зацікавіць і здзівіць на кожным уроку

- 11:27Навіны рэгіёнаў

“Творчасць — крыніца дабрыні, ісціны і прыгажосці” — пад такім дэвізам прайшло пасяджэнне раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў абслуговай працы Лунінеччыны. Педагогі дзяліліся цікавым вопытам работы, абмяркоўвалі пытанні рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў адукацыі, павышэння прафесійнага росту педагогаў і падрыхтоўкі вучняў да прадметнай алімпіяды.

Упершыню праводзіла адкрыты ўрок перад калегамі. Хвалявалася: ці ўсё атрымаецца? Хацелася даць не проста ўрок, а майстар-клас, навучыць чамусьці новаму не толькі вучняў, але і педагогаў. Настаўнікі абслуговай працы — творчыя людзі, таму выбрала тэму “Выраб падарунка ў тэхніцы світ-дызайн” і аб’яднала ўрок і майстар-клас. Гэта новы від рукадзелля — складанне кампазіцый і букетаў з цукерак.У пачатку ўрока правяла ўступную гутарку (прыём рэлаксацыі) з мэтай настроіць вучняў на работу і падвесці да ўспрымання мэты і задач урока, якія былі паказаны ў выглядзе слайдаў. На ўроках часта выкарыстоўваю мультымедыйныя прэзентацыі, бо яны дазваляюць падаць вучэбны матэрыял як сістэму яркіх апорных вобразаў, напоўненых насычанай структураванай інфармацыяй у алгарытмічным парадку. Падчас прагляду прэзентацый вучні засвойваюць і ўспрымаюць інфармацыю не толькі ў фактаграфічным, але і ў асацыятыўным выглядзе. Навучанне з выкарыстаннем прэзентацый фарміруе шэраг сацыяльна значных якасцей асобы (актыўнасць, самастойнасць, крэатыўнасць, здольнасць да адаптацыі ва ўмовах інфармацыйнага грамадства), развівае камунікатыўныя здольнасці дзяцей, фарміруе іх інфармацыйную культуру, стварае цэласную карціну свету.
Пры выкладанні новага матэрыялу выкарыстоўвала інтэрактыўную дошку. Прэзентацыя расказала пра гісторыю світ-дызайну, цукерак і пакавання ласункаў, а таксама пра тэхналагічны працэс вырабу падарунка.
У майстар-класе па вырабе кампазіцыі з кветак удзельнічалі і вучні, і настаўнікі-калегі. Асаблівая ўвага ўдзялялася правілам бяспечнай работы з інструментамі. Інструктаж праводзіўся ў форме гульні “Ці можна…”. Тэхналогію гульнявога навучання выкарыстоўваю на ўроках даволі часта, бо яна пабуджае вучняў да актыўнай дзейнасці.
Падчас майстар-класа прымяняла класіфікацыю калектыўных работ, распрацаваную Т.С.Камаровай і А.І.Савянковым. Аснову класіфікацыі складаюць тры асноўныя формы арганізацыі сумеснай дзейнасці: сумесна-індывідуальная, сумесна-паслядоўная і сумесна-ўзаемадзейная.
Сумесна-індывідуальная форма характарызуецца тым, што вучні спачатку працуюць індывідуальна (з улікам адзінай задумы), і толькі на завяршальным этапе дзейнасць кожнага становіцца часткай агульнай кампазіцыі.Сумесна-паслядоўная форма грунтуецца на прынцыпе канвеера, калі вынік дзеянняў аднаго вучня залежыць ад вынікаў папярэдняга і наступных удзельнікаў.
Сумесна-ўзаемадзейная форма дазваляе ажыццяўляць сумесную работу адначасова ўсім удзельнікам, узгадняючы дзеянні на кожным з этапаў калектыўнай дзейнасці.
Вынікам адкрытага ўрока стала рэфлексія ў выглядзе дыялогу настаўніка і вучняў, падчас якой сістэматызаваўся вывучаны матэрыял, аналізавалася практычная работа. Дзеці адказвалі на шэраг пытанняў: “Як вы ацэньваеце сённяшнюю работу?”, “Як называецца тэхніка, у якой вы сёння працавалі?”, “Якія цяжкасці ўзнікалі пры яе выкананні?”, “Што падалося вам найбольш цікавым?” і г.д.
Калі я ўбачыла, з якой цікавасцю і захапленнем працавалі на ўроку дзеці і калегі, з якой гордасцю дэманстравалі адно аднаму свае кампазіцыі, то зразумела, што дасягнула пастаўленай мэты.
Зацікавіць і здзівіць чымсьці незвычайным і невядомым імкнуся на кожным уроку. Мае выхаванцы ўмеюць плесці дзіўныя вырабы з газетных трубачак, дэкарыраваць вырабы ў дэкупажнай тэхніцы, вышываць крыжыкам, плесці бісерам і інш.
У сваёй рабоце імкнуся падбіраць цікавы матэрыял да кожнага ўрока, каб матываваць дзяцей да працоўнага навучання і каб яны маглі паспяхова выкарыстоўваць набытыя веды ў жыцці.

Ларыса ЦЯЛЬПУК,
настаўніца абслуговай працы Дварэцкага
ясляў-сада — сярэдняй школы Лунінецкага раёна.