Пашыранае пасяджэнне Савета рэктараў УВА Гомельшчыны прайшло на базе ГДУ імя Ф.Скарыны.
У абмеркаванні актуальных тэм сферы вышэйшай адукацыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна краіны прынялі ўдзел начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гар- і райвыканкамаў, адміністрацый раёнаў Гомеля.
Сустрэча пачалася са знаёмства з матэрыяламі выставы навуковых дасягненняў, інавацыйных распрацовак УВА Гомельшчыны. Далей абмеркавалі магчымасці ўстаноў вышэйшай адукацыі па падрыхтоўцы спецыялістаў. Намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Прывалаў заклікаў знайсці адказ на пытанне, ці ўсё робіцца для таго, каб маладыя спецыялісты замацоўваліся на першых працоўных месцах? Ён падкрэсліў, што змены, якія адбываюцца ў жыцці беларускага грамадства, ставяць перад сістэмай адукацыі новыя задачы. Важна рыхтаваць не толькі кваліфікаваных спецыялістаў, але і сапраўдных патрыётаў Беларусі.
— Часта адбываецца, што дыпламаваны выпускнік не хоча вяртацца на малую радзіму ў сельскую мясцовасць, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Прывалаў. — Трэба думаць, чым зацікаўліваць маладых спецыялістаў. Напрыклад, прапанаваць арэнднае, бясплатнае жыллё ці дадатковую матэрыяльную дапамогу.
Дарэчы, за апошнія пяць гадоў больш як 70% выпускнікоў УВА заставаліся на першых працоўных месцах, але вялікая частка сутыкалася з цяжкасцямі, якія ўплывалі на іх жаданне працягваць працоўны шлях у пэўнай арганізацыі. Паводле праведзенага сярод маладых спецыялістаў анкетавання, палова з іх мела патрэбу ў настаўніках — людзях, якія дапамагаюць асвоіцца ў прафесіі і ўліцца ў калектыў.
Між тым у Гомельскай вобласці знаходзіцца сем вышэйшых навучальных устаноў, у якіх рыхтуюць спецыялістаў практычна ўсіх спецыяльнасцей — ад механізатараў да айцішнікаў. Тым не менш, адзначылі ўдзельнікі, важна глядзець наперад і адкрываць новыя кафедры.
— Дарэчы, неўзабаве студэнты БелДУТа змогуць вучыцца IT-будаўніцтву, — расказаў рэктар установы Юрый Кулажанка.
Рэктар ГДУ імя Ф.Скарыны Сяргей Хахомаў адзначыў, што перспектыўна выглядае сфера турызму і надышоў час вучыць гэтаму профілю на Гомельшчыне.
Удзельнікі пашыранага пасяджэння Савета рэктараў УВА Гомельшчыны сышліся ў меркаванні, што падобныя мерапрыемствы — добрая пляцоўка для вырашэння пытанняў па падрыхтоўцы кадраў, якая дазваляе абмеркаваць і вынесці прапановы па ўдасканаленні адукацыйнага і выхаваўчага працэсу.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.