Зацверджаны асноўныя параметры эканамічнага развіцця да 2020 года

- 11:33Інфармацыйная гадзіна

Савет Міністраў пастановай ад 26 лютага 2018 года № 152 зацвердзіў сярэднетэрміновую фінансавую праграму рэспубліканскага бюджэту на 2018—2020 гады.

Праграма вызначае асноўныя параметры эканамічнага развіцця і важнейшыя грашова-крэдытныя паказчыкі Беларусі, ліміт дзяржаўнага доўгу, асноўныя параметры рэспубліканскага бюджэту і гранічныя аб’ёмы расходаў рэспубліканскага бюджэту па дзяржаўных праграмах і падпраграмах па пераліку дзяржаўных праграм на 2016—2020 гады (без уліку дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы).

Праграмай закладзены аб’ёмы валавога ўнутранага прадукту (ВУП) на 2018 год — Br112 млрд 560,5 млн, на 2019 год — Br121 млрд 897,6 млн, на 2020 год — Br131 млрд 422,7 млн. Тэмпы росту ВУП прадугледжаны на ўзроўні 101,2 працэнта ў 2018 годзе, 101,4 працэнта ў 2019 годзе і 102 працэнты ў 2020 годзе. Дынаміка зніжэння стаўкі рэфінансавання вызначана да 9,5 працэнта на канец 2019 года і 9 працэнтаў на канец 2020 года.

Традыцыйна найбольшы аб’ём фінансавання па дзяржаўных праграмах і падпраграмах прапануецца накіраваць у сферы аховы здароўя і адукацыі (Дзяржпраграма “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”: Br1 237 млн у 2018 годзе, Br1 416,9 млн у 2019, Br1 396 млн у 2020; Дзяржпраграма “Адукацыя і маладзёжная палітыка”: Br813 млн у 2018, Br1 017,6 млн у 2019, Br1 181 млн у 2020).

Дакументам устаноўлена, што рэалізацыя фінансавай праграмы павінна ажыццяўляцца з улікам наступных мер бюджэтна-падатковай палітыкі: падатковая нагрузка на эканоміку на ўзроўні, што не перавышае 26 працэнтаў ад ВУП; захаванне нарматываў адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў у бюджэты ўсіх узроўняў, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі; забеспячэнне збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у межах існуючых даходаў і крыніц фінансавання дэфіцыту (памеру прафіцыту) бюджэту; абмежаванне расходаў рэспубліканскага бюджэту ў мэтах фарміравання прафіцыту для пагашэння часткі дзяржаўнага доўгу; выкананне не менш як 25 працэнтаў абавязацельстваў па пагашэнні дзярждоўгу ў адпаведным фiнансавым годзе за кошт недаўгавых крыніц. Прадугледжана павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржфінансамі, у тым ліку за кошт адміністравання даходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прымянення нарматыўных метадаў бюджэтнага планавання.