Заўсёды хацела працаваць на буйной вытворчасці

Яшчэ школьніцай Варвара Грыгор’ева зацікавілася авіяцыйнай і ракетна-касмічнай тэхнікай, марыла паступіць у Самарскі аэракасмічны ўніверсітэт імя акадэміка С.П.Каралёва. Але бацькі адгаварылі. Сышліся на тым, што першую адукацыю трэба атрымаць у Беларусі.

Варвара Грыгор’ева з удзячнасцю ­ўспамінае Рэчыцкі раённы ліцэй, дзе яна вучылася. Дзяўчына заўсёды любіла фізіку і матэматыку, але менавіта ліцэйскія настаўнікі дапамаглі зразумець, як любімыя прадметы могуць увасобіцца ў прафесію.

— Фізіку мне выкладаў Міхаіл Міхайлавіч Вініцкі, а геаметрыю — Лілія Станіславаўна Арыстава. Гэта настаўнікі ад Бога, якім я бясконца ўдзячна, — гаворыць Варвара.

У пошуку будучай прафесіі Варвара дакладна ведала, што не хоча быць праграмістам (надта нудна). Дзяўчыну вабіла інжынерная навука, якая адкрывае шлях на буйную вытворчасць.

Спецыяльнасць “Прамысло­выя робаты і робататэхнічныя комплексы” (факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ) Варвара выбрала ўсвядомлена і ніколі не пашкадавала. Зараз дзяўчына вучыцца ўжо на 4 (перадапошнім) курсе і прызнаецца, што з кожным семестрам, з кожнай прой­дзенай дысцыплінай становіцца ўсё цікавей.

У Варвары ўжо ёсць вопыт работы на вытворчасці. Цяпер дзяўчына паставіла мэту прай­сці стажыроўку на адным з вядучых заводаў Германіі і, каб яе ажыццявіць, пачала вывучаць
(у дадатак да выдатнай англій­скай) нямецкую мову.

Варвара ўпэўнена: калі за­хацець і прыкласці адпаведныя намаганні, можна дасягнуць вельмі многага.

Напрыканцы мінулага года Варвара Грыгор’ева разам з групай беларускіх студэнтак прыняла ўдзел у канферэнцыі “Жанчыны ў тэхналогіях” (Women in Tech Summit), якая праходзіла ў Варшаве. Гэта першае мерапрыемства такога кшталту ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, прызначанае для студэнтаў ІТ-спецыяльнасцей, спецыялістаў тэхналагічных кампаній, навукоўцаў і наватараў. Удзельнікі з Польшчы і ЕС, а таксама Украіны, Беларусі, Казахстана, Расіі, Кыргызстана, Узбекістана і Та­джыкістана абмеркавалі тэхналагічную і сацыяльную будучыню свету і ўклад жанчын у яе развіццё.

“Існуе вялікая сіла — сіла жанчын у тэхналогіях!” — пад такім дэвізам праходзіў саміт. Яго партнёрамі выступілі высокатэхналагічныя кампаніі, якія працуюць у Польшчы (Facebook, Intel, Samsung, Ericsson і іншыя). Іх прадстаўнікі — кіраўнікі і вядучыя спецыя­лісты — выступалі з прамовамі, удзель­нічалі ў пленарных пасяджэннях і дыскусіях.

— Гэта вялікае матывацыйнае мерапрыемства, дзе нам паказалі, чаго могуць дасягнуць жанчыны ў тэхнічнай сферы, — расказвае Варвара. — Дзверы адкрыты не толькі для мужчын. Мы сустракаліся з кіраўнікамі буйных падраздзяленняў і кампаній — маладымі жанчынамі (часта — да 30 гадоў), і кожная расказвала пра свой прафесійны шлях. Радуе, што ў наш час на кар’еру ўплывае не гендарная прыналежнасць, а інтэлект. Падобныя сустрэчы вельмі карысныя для дзяўчат, бо яны адсоўваюць межы, даюць энергію і ўпэўненасць.

У групе, дзе вучыцца Варвара, толькі дзве дзяўчыны, але яна прызнаецца, што ў мужчынскім калектыве адчувае сябе камфортна.

— І хлопцы ў нас таксама разумныя, — гаворыць Варвара, якая, дарэчы, выконвае абавязкі старасты групы.

Яе імкненне засвоіць выбраную навуку выклікае вялікую павагу.

— Ніколі не хацела займацца толькі праграмаваннем, — расказвае дзяўчына. — Параіліся з татам і вырашылі, што робататэхніка — якраз тое, што трэба. Пры паступленні ва ўніверсітэт у заяве можна ўказваць некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту: калі не праходзіш па конкурсе на адну — аўтаматычна прэтэндуеш на наступную. Я ведаю, што палова маіх аднагрупнікаў у першую чаргу пазначала ІТ-спецыяльнасці. А я ў заяве напісала толькі адну спецыяльнасць — “Прамысловыя робаты і робататэхнічныя комплексы”.

Ужо на першым курсе Варвара захапілася 3D-мадэляваннем — гэтую дысцыпліну студэнтам вельмі цікава выкладала Алена Раманаўна Жураўлёва. Варвары настолькі спадабалася, што яна не толькі засвоіла абавязковыя праграмы, але і пачала самастойна вывучаць найноўшыя праграмы, звязаныя з 3D-мадэляваннем і графічным дызайнам.

Намаганні хутка прынеслі плён. Ужо на другім курсе дзяўчына без праблем знайшла работу. Спачатку працавала 3D-мадэльерам, праектавала матрыцы для ліцця розных дэталей, маштабных рухавікоў, металаканструкцый, канвеераў. Потым вельмі вядомая ў гульнявой індустрыі кампанія запрасіла Варвару паспрабаваць сілы ў якасці графічнага дызайнера, візуалізатара. І ўсё там атрымлівалася, здавалася б, вось яна — работа-мара, аднак студэнтка канчаткова пераканалася, што хоча працаваць менавіта ў прамысловасці, з дэталямі і машынамі, магчыма, з самалётамі. І таму сёння яна зноў на вялікай вытворчасці.

Варвара прызнаецца, што пасля атрымання дыплома хацела б працаваць у абароннай прамысловасці, можна сказаць, на перадавой інжынернай навукі.

— Думаю, калі мэтанакіравана працаваць, то ўсё магчыма, — каторы раз за час нашай гутаркі дадае дзяўчына.

Дарэчы, яе студэнцкае жыццё насычана не толькі вучобай, працай і навукай. З першага курса Варвара іграе ў народным тэатры “СаТрАП” (наша інтэрв’ю адбылося ў кароткім перапынку паміж лекцыямі і рэпетыцыяй) і падпрацоўвае ў кінавытворчасці.

— У мяне пытаюцца, як я ўсё паспяваю, — гаворыць Варвара. — Але я жыву гэтым! Так, я стамляюся. Прачынаюся а 7-й раніцы і прыходжу дадому ў 11 га­дзін вечара. Сплю па 4 гадзіны ў суткі, але адчуваю сябе цудоўна. Гэта мой рытм, і я не хачу, каб ён запавольваўся.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.